У якім узросце сёлета ідуць на пенсію?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У жыхароў раёна нярэдка ўзнікаюць пытанні, звязаныя з павелічэннем пенсійнага ўзросту.

Тлумачэнні нашым землякам дае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.

– Нагадаю, што з 1 студзеня 2017 года агульнавызначаны пенсійны ўзрост павышаецца штогод (з 1 студзеня) на шэсць месяцаў да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі – 58 гадоў.

Згодна з артыкулам 11 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” права на пенсію па ўзросце на агульных падставах маюць мужчыны пры стажы работы не менш за 25 гадоў, жанчыны пры стажы работы не менш за 20 гадоў па дасягненні агульнавызначанага пенсійнага ўзросту:

у 2020 годзе: мужчыны – 62 гадоў, жанчыны – 57 гадоў;

у 2021 годзе: мужчыны – 62 гадоў 6 месяцаў, жанчыны – 57 гадоў 6 месяцаў;

у 2022 годзе: мужчыны – 63 гадоў, жанчыны – 58 гадоў.

У выніку паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту скончыцца ў другой палове 2022 года.

Суразмерна павелічэнню агульнавызначанага пенсійнага ўзросту адбываецца павелічэнне ўзросту выхаду на датэрміновыя пенсіі па ўзросце за выслугу гадоў.

Аднак варта звярнуць увагу на тое, што ўзрост выхаду на пенсію залежыць не толькі ад даты нараджэння, але і ад даты звароту па назначэнне пенсіі.

Калі жанчына, якая нарадзілася ў снежні 1963 года, не звернецца па назначэнне пенсіі ў снежні 2020 года (пры дасягненні 57-гадовага ўзросту), а звернецца ў студзені 2021 года, то ўзрост яе выхаду на пенсію ў 2021 годзе будзе павялічаны яшчэ на паўгода (пры дасягненні ўзросту, вызначанага для жанчын у 2021 годзе – 57 гадоў 6 месяцаў).

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup