Страхавыя ўзносы – гарант пенсіі

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць канстытуцыйнае права на працоўную пенсію, калі за перыяд страхавога стажу ці заняткаў іншымі відамі дзейнасці яны былі застрахаваны ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, і за іх, а таксама імі самімі, у прадугледжаных заканадаўствам выпадках выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

Уплата абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва дае права на атрыманне пенсіі. Сёння гэта вельмі важна, бо яе памер напрамую залежыць ад таго, як плаціліся страхавыя ўзносы.

Усё часцей замест паняцця “працоўны стаж” выкарыстоўваецца паняцце “страхавы стаж”, значэнні гэтыя некалькі адрозніваюцца, і менавіта страхавы стаж улічваецца пры назначэнні працоўнай пенсіі па ўзросце.

Страхавы стаж – гэта сукупная працягласць толькі тых адрэзкаў працоўнай дзейнасці, калі ажыццяўляліся абавязковыя страхавыя адлічэнні ў дзяржаўны бюджэт.

Агульны працоўны стаж – сукупная працягласць працоўнай, прадпрымальніцкай, грамадскай і іншай дзейнасці, вызначанай заканадаўствам. Працоўны стаж уключае: працоўную дзейнасць, вайсковую службу, водпуск па доглядзе дзяцей да трох гадоў (аднак у агульным не больш за 9 гадоў), перыяд часовай недзеяздольнасці, перыяд догляду за дзіцём-інвалідам, за інвалідам першай групы, за асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, перыяд навучання на дзённай форме атрымання адукацыі і іншыя перыяды, прадугледжаныя заканадаўствам.

Пры гэтым, калі сярэднямесячны фактычны заробак (даход), з якога ўплачаны абавязковыя страхавыя ўзносы, за каляндарны год (або менш за каляндарны года, калі ў адпаведным годзе мелі месца прыём на работу або звальненне, рэгістрацыя або выключэнне з ліку плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў, або іншыя падобныя абставіны) аказаўся ніжэйшы за мінімальную заработную плату, вызначаную заканадаўствам, пазначаныя перыяды залічваюцца ў стаж работы з выкарыстаннем паправачнага каэфіцыента. Паправачны каэфіцыент разлічваецца шляхам дзялення сярэднемесячнага фактычнага заробку (даходу) асобы на сярэднеарыфметычную велічыню мінімальнай заработнай платы за адпаведны перыяд уплаты абавязковых страхавых узносаў.

Паколькі грамадзяне часта цікавяцца, як павялічваецца мінімальны страхавы стаж. Тлумачым, што да 2014 года мінімальны перыяд фарміравання права на працоўную пенсію складаў пяць гадоў, гэта значыць, для назначэння пенсіі па ўзросце дастаткова было адпрацаваць з уплатай абавязковых страхавых узносаў толькі пяць гадоў. Калі ў чалавека недастаткова было страхавога стажу, то пры дасягненні пенсійнага ўзросту назначалася сацыяльная пенсія. Ва ўмовах росту патрэбы ў пенсійных сродках у Беларусі былі вымушаны пайсці на павышэнне мінімальнага страхавога стажу. У 2014 годзе ён быў павялічаны да 10 гадоў.

8 снежня 2014 года прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 570 “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння”.

З 1 студзеня 2015 года мінімальны стаж работы для назначэння пенсіі па ўзросце і пенсіі за выслугу гадоў быў павялічаны з 10 да 15 гадоў работы з уплатай абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Ранейшыя патрабаванні па страхавым стажы захаваны для назначэння пенсій па інваліднасці, з выпадку страты кармільца. Таксама ранейшыя ўмовы па мінімальным пяцігадовым стажы работы з уплатай абавязковых узносаў у бюджэт фонду захоўваюцца для назначэння пенсій па ўзросце для бацькоў інвалідаў з дзяцінства, шматдзетных маці, інвалідаў з дзяцінства і іншых (артыкулы 17-22 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”).

Зменены ўмовы для назначэння сацыяльных пенсій грамадзянам, якія не выпрацавалі мінімальны (15-гадовы, а для асобных катэгорый 5-гадовы) страхавы стаж і не атрымліваюць пенсіі з іншых дзяржаваў паводле міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь у галіне сацыяльнага (пенсійнага) забеспячэння. Такая пенсія будзе прызначацца мужчынам пры дасягненні ўзросту 65 гадоў, жанчынам – 60 гадоў. Пры гэтым для сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян (дзеці-інваліды, інваліды, у тым ліку інваліды з дзяцінства, і дзеці ў выпадку страты кармільца) захоўваюць ранейшыя ўмовы назначэння сацыяльнай пенсіі.

Права на працоўную пенсію з 1 студзеня 2016 года было прадастаўлена пры наяўнасці стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва не менш 15 гадоў 6 месяцаў. Адпаведная норма ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 534 ад 31 снежня 2015 года “Аб пытаннях сацыяльнага забеспячэння”. Акрамя таго, з 1 студзеня 2017 года пазначаны стаж работы штогод павялічваецца на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў у 2025 годзе. У 2019 годзе мінімальны страхавы стаж – 17 гадоў.

Страхавы стаж і індывідуальны каэфіцыент заработнай платы пры назначэнні пенсіі залічваюцца пры адной няўхільнай умове – уплаце абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду.

Ужо сёння трэба задумацца аб памеры пенсіі. Пры надыходзе агульнавызначанага пенсійнага ўзросту можа скласціся сітуацыя, калі працоўная пенсія будзе адзінай крыніцай вашага фінансавага забеспячэння, таму яе памер будзе мець істотнае значэнне.

Алена НАВІЧЭНКАВА,
намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама