Ці можна пачаць паспяховы бізнэс з субсідыі

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Алена Васкель.

Карэспандэнтка газеты таксама даведалася, колькі жыхароў нашага раёна за апошнія пяць гадоў скарысталіся такой падтрымкай дзяржавы.

– Выдача бязвыплатных дзяржаўных субсідый скіравана на садзейнічанне занятасці насельніцтва, – расказала Алена Раманаўна. – Фінансавая дапамога выдаецца на арганізацыю ўласнага бізнэсу: гэта можа быць рамесная, прадпрымальніцкая дзейнасць, сфера агратурызму. Пераважнае права на атрыманне дзяржпадтрымкі ў выглядзе субсідыі маюць беспрацоўныя, якія ў сувязі са становішчам на рынку працы не могуць уладкавацца на работу і гатовы арганізаваць найбольш значныя для горада ці раёна віды прадпрымальніцкай дзейнасці.

– Ці не баяцца дзятлаўчане пачынаць сваю справу “з нуля”?

– Будучым прадпрымальнікам аказваецца не толькі фінансавая, але і кансультацыйная падтрымка. Спецыялісты ўпраўлення тлумачаць беспрацоўным парадак і ўмовы арганізацыі прадпрымальніцкай ці рамеснай дзейнасці або справы па аказанні паслугаў у сферы аграэкатурызму, пры жаданні, накіроўваюць іх на прафесійнае навучанне – курсы па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама аказваюць дапамогу ў падрыхтоўцы неабходных дакументаў для атрымання дзяржпадтрымкі ў выглядзе субсідыі.

– На якую суму можа разлічваць пачынаючы бізнэсмэн?

– Памер субсідыі роўны 11 бюджэтам пражытачнага мінімуму. А вось калі беспрацоўныя зарэгістраваны па месцы жыхарства ў малых гарадах і раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы або ў сельскай мясцовасці, то яны могуць разлічваць на выплаты ў памеры 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму.

– Колькі жыхароў раёна ўжо скарысталася падтрымкай дзяржавы для арганізацыі сваёй справы?

– На працягу 2016-2020 гады на Дзятлаўшчыне субсідыі былі выдадзены 24 грамадзянам: за 2016 год фінансавую дапамогу атрымалі пяць беспрацоўных, за 2017-ы – шэсць, за 2018-ы – пяць, за 2019-ы – шэсць, сёлета дзяржаўнай падтрымкай скарысталіся ўжо тры беспрацоўных.

– Каго больш сярод гэтых людзей: гараджан ці вяскоўцаў? Чым вырашылі заняцца атрымальнікі субсідый?

– Часцей па садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці, сваёй справы ў сферы аграэкатурызму звярталіся беспрацоўныя, зарэгістраваныя ў сельскай мясцовасці (18 чалавек). Пераважная большасць атрымальнікаў субсідый вырашыла заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Фінансавая падтрымка была прадастаўлена беспрацоўным на такія віды дзейнасці, як аказанне будаўнічых работ, грузавыя і пасажырскія перавозкі, рамонт бытавых вырабаў, паслугі цырульняў і салонаў прыгажосці, рознічны гандаль нехарчовымі таварамі, выраб сувенірнай прадукцыі, лесанарыхтоўка, мантаж і рамонт секцыйных варот.

Важнае значэнне ў развіцці Дзятлаўскага раёна мае аграэкатурызм. На арганізацыю такога віду дзейнасці былі выдадзены дзве субсідыі. Адзін беспрацоўны прыступіў да вядзення аграэкатурызму ў 2018 годзе ў вёсцы Латышы Парэцкага сельсавета, другі – у канцы 2019 года ў вёсцы Нагорнікі Вензавецкага сельсавета.

Хто з атрымальнікаў дапамогі паспеў развіцца і “падрасці”?

– Шырокую дзейнасць па рамонце швейных і трыкатажных вырабаў у горадзе Дзятлаве арганізавала Марына Нікіпорчык, якой субсідыя выдадзена ў 2016 годзе для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Цяпер яна працуе з прыцягненнем наёмных работнікаў.

Людміла Комар з аграгарадка Вензавец у 2017 годзе скарысталася субсідыяй для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці па прадастаўленні паслуг цырульнямі і салонамі прыгажосці. У яе салоне, які працуе ў горадзе Дзятлаве, цяпер ёсць наёмныя работнікі (майстры).

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup