І дапамога, і прававая асвета

Важнае Грамадства

26 чэрвеня 2020 года спаўняецца 98 гадоў з Дня заснавання адвакатуры Рэспублікі Беларусь.

З нагоды свята невялікі экскурс у гісторыю ўстановы ажыццявіла і раказала аб рабоце беларускіх юрыстаў загадчыца юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна Галіна Прэдка.

– Адвакатура ў Беларусі мае шматвяковую гісторыю. Першыя нормы аб адвакатах і іх дзейнасці ўтрымліваліся ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1529 года.

Кастрычніцкія падзеі 1917 года ліквідавалі ўсе дарэвалюцыйныя юрыдычныя ўстановы, у тым ліку адвакатуру.

У БССР арганізацыя адвакатуры канчаткова сфарміравалася з прыняццем Палажэння аб адвакатуры 26 чэрвеня 1922 года.

Новы этап у развіцці беларускай адвакатуры пачаўся з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 1993 года “Аб адвакатуры”. Гэты закон праіснаваў да 6 красавіка 2012 года.

30 снежня 2011 года у рэспубліцы быў прыняты новы Закон “Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, які ўступіў у дзеянне 6 красавіка 2012 года і дзейнічае да гэтага часу.

– Галіна Васільеўна, а хто можа быць адвакатам у нашай краіне?

– Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” адвакатам можа быць фізічная асоба, якая з’яўляецца грамадзянінам Беларусі, мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, прайшла стажыроўку, здала кваліфікацыйны экзамен, атрымала спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці і з’яўляецца членам тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў.

– Якія віды юрыдычнай дапамогі аказваюць адвакаты?

– Згодна з названым законам аб адвакатуры, адвакаты даюць кансультацыі і тлумачэнні па юрыдычных пытаннях; складаюць заявы (іскавыя заявы), скаргі і іншыя дакументы прававога характару; прадстаўляюць інтарэсы кліентаў у дзяржаўных органах і іншых установах і арганізацыях; удзельнічаюць у дасудовай вытворчасці і судах па крымінальных справах у якасці абаронцы, прадстаўніка пацярпелых, а таксама па грамадзянскіх справах у якасці прадстаўнікоў істцоў і адказчыкаў; удзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе ў якасці абаронцы, прадстаўніка пацярпелага.

Адвакаты маюць права выступаць прыміральнікамі ў працэдуры прымірэння, медыятарамі ў медыяцыі або трацейскімі суддзямі пры разглядзе трацейскімі судамі.

– Раскажыце аб рабоце вашай юрыдычнай кансультацыі.

– Адвакаты юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна аказваюць усе віды юрыдычнай дапамогі грамадзянам і юрыдычным асобам згодна з Законам “Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, а таксама ажыццяўляюць прававую асвету грамадзян.

Пяць разоў на працягу года праводзяць акцыі па аказанні бесплатнай юрыдычнай дапамогі маламаёмным грамадзянам. У 2020 годзе такія акцыі праходзілі ў сакавіку – з нагоды Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у маі – з нагоды Дня Перамогі.

26 чэрвеня такая ж акцыя пройдзе з нагоды Дня заснавання адвакатуры Рэспублікі Беларусь.

Адстойваючы ахоўваемыя законам інтарэсы асобы, адвакат тым самым дзейнічае ў інтарэсах грамадства, дзяржавы, прапагандуе заканадаўства, аказвае выхаваўчае ўздзеянне на грамадзян.

З нагоды прафесійнага свята нельга не ўзгадаць ветэрана нашай юрыдычнай кансультацыі Марыю Мікалаеўну Александровіч. Больш за 30 гадоў яна адпрацавала ў нашай кансультацыі. Сваімі прафесійнымі і чалавечымі якасцямі набыла глыбокую павагу не толькі ў калегаў, але і ва ўсіх, хто яе ведаў. За высокі прафесіяналізм Марыю Мікалаеўну неаднаразова адзначала Міністэрства юстыцыі і тэрытарыяльная калегія адвакатаў. Прайшо ўжо сем гадоў, як яе няма сярод нас, але мы заўсёды пра яе памятаем.

26 чэрвеня спаўняецца 98 гадоў і з Дня ўтварэння пракуратуры Рэспублікі Беларусь, таму віншую работнікаў пракуратуры Дзятлаўскага раёна з іх прафесійным святам. Ім і сваім калегам-адвакатам жадаю добрага здароўя, прафесійных перамогаў, шчасця, дабрабыту ў сем’ях, усяго найлепшага.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup