Тэрыторыя бяспекі. Яны заўжды прыйдуць на дапамогу

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Калі запытаць у любога чалавека: “Хто такія ратаўнікі?” – то кожны, не задумваючыся адкажа: “Ратаўнікі – гэта людзі, якія своечасова прыходзяць на дапамогу, адважныя, моцныя, высакародныя, фізічна падрыхтаваныя”.

Менавіта так можна коратка ахарактарызаваць ратаўнікоў звяна другой зменыДзятлаўскага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніса Русіна, Сяргея Жыбко і Антона Шапуцьку, якія ўжо не адзін год крочаць плячо ў пляча ў любой надзвычайнай сітуацыі.

Спартыўны і актыўны

Дзяніс Русін у Дзятлаўскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях працуе ўжо дзесяць гадоў. Жыццё спрабавала весці яго іншымі шляхамі. Адзін з іх – спорт, другі – юрыдычная сфера. Але хіба з сабой паспрачаешся? Усё роўна цягнула да прафесіі, дзе трэба праяўляць мужнасць і адвагу. Выбар быў зроблены на карысць прафесіі ратаўніка, тым больш, што бацькі і сябры яго таксама падтрымалі.І Дзяніс не падвёў: са сваімі абавязкамі спраўляецца на выдатна. У вольны час любіць займацца спортам, трымае сябе ў добрай фізічнай форме, прымае ўдзел у спаборніцтвах па валейболе за зборную каманду МНС Гродзенскай вобласці.

Адзін з “рэцэптаў” поспеху Дзяніса Русіна–любоў да сваёй справы, а калі яна выконваецца ад душы, то абуджаецца асаблівы азарт, жаданне не ісці, а бегчы наперад, а хуткасць для ратаўніка таксама важная.

Аб пагонах марыў з дзяцінства

Вадзіцель Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Жыбко ў радах ратаўнікоў шэсць гадоў.

Аб пагонах Сяргей марыў з дзяцінства. Ён хацеў стаць міліцыянерам. Дзіцячая мара здзейснілася: Сяргей Жыбко стаў міліцыянерам узвода міліцыі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы. Але ён часта наведваўся ў пажарную часць да свайго брата-ратаўніка, які паказваў яму аварыйна-выратавальную тэхніку, расказваў пра пажары і выпадкі выратавання на іх людзей. Тады Сяргей і вырашыў для сябе памяняць прафесію і стаць ратаўніком, як яго брат. Так і адбылося, з 2014 года Сяргей Жыбко – ратаўнік, а з 2016-га– вадзіцель Дзятлаўскага РАНС.

Асноўная яго задача – хутка даставіць ратаўнікоў да месца здарэння і сачыць за станам пажарнай тэхнікі. Аднак, пры неабходнасці,яму даводзіццатушыць пажары, займаецца пошукам пацярпелых, дапамагаць пры дарожна-транспартных здарэннях.

–Я рады, што працую ў звяне другой змены. У нас дружны і зладжаны калектыў. У любую хвіліну сябры могуць прыйсці на дапамогу. З маімі таварышамі мне не страшна выязджаць на любую надзвычайную сітуацыю, – дзеліцца Сяргей Жыбко.

Я ў ратаўнікі пайшоў…

Старшым ратаўніком у звяне другой змены працуе Антон Шапуцька. Родам Антон з горада Навагрудка. Там жа скончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй і атрымаў спецыяльнасць тынкоўшчыка, плітачніка-абліцоўшчыка. Затым была служба ў арміі. Дэмабілізаваўшыся, Антон ужо ведаў, якой справе аддасць перавагу.

–Яз дзяцінстваведаў, што стану ратаўніком. Канчаткова вызначыцца з выбарам мне дапамог мой сусед-ратаўнік. Ён мне шмат расказваў пра службу, я не раз хадзіў на экскурсію ў пажарную часць, – успамінае Антон Шапуцька.

У 2013 годзе Антон нарэшце ажыццявіў сваю мару – стаў ратаўніком Навагрудскага РАНС, а ў 2018-м – ратаўнікомДзятлаўскага РАНС.

На пытанне, што больш за ўсё падабаецца ў рабоце, Антон Шапуцька адказвае проста:

– Быць карысным людзям. Я ганаруся сваёй работай, сваім калектывам, звяном, мы адчуваем адказнасць адзін за аднаго, а гэта значыць, што як бы цяжка нам ні было на пажары, мы выстаім і пераадолеем любую надзвычайную сітуацыю.

Працоўныя будні

Добра памятаюць ратаўнікі кастрычнік 2018 года, калі ў час пажару ў жылым доме ў вёсцы Хадзяўляны іх звяном быў выратаваны мужчына, сын гаспадыні дома.

–Калі мы прыехалі на месца здарэння, жанчына паведаміла нам, што ў доме знаходзіцца яе сын, – успамінае Дзяніс Русін. – Мы неадкладна пачалі адшукваць яго. Мужчына ляжаў на канапе.Мы вынеслі яго на вуліцу і перадалі медыкам.

– Заўсёды цяжка працаваць, калі высокая тэмпература, нізкая бачнасць, але мы–ратаўнікі, і гэта наша прафесія. Я ўпэўнены, што кожны ратаўнік ганарыцца сваёй работай, заўсёды імкнецца ўдасканаліць свае веды і навыкі, каб у любой надзвычайнай сітуацыі дзейнічаць хутка, а галоўнае– правільна, – дзеліцца сваімі думкамі Антон Шапуцька.

–Ратаваць людзей – справа высакародная, важная і адказная, – гаворыць Сяргей Жыбко. – Калі здараецца так, што нам не ўдаецца выратаваць чалавечае жыццё, то яшчэ доўга застаецца цяжар на душы, хоць разумеем, што поспех не заўсёды на нашым баку.

За шырокімі плячыма ратаўнікоў стаіць і маральная сіла. Яны не па чутках ведаюць, што асабістая дысцыпліна, устойлівая псіхіка і хуткая рэакцыя –  надзейныя памочнікі для таго, каб адчуваць сябе на сваім месцы, выконваць свой прафесійны абавязак з гонарам, радавацца чарговым перамогам над агнём і разумець, наколькі важна своечасова прыняць на сябе чужую бяду.

Марта МІЛАШ,
інспектар Дзятлаўскага РАНС

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup