Прэс-тур у горад будучых “Дажынак”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Больш за 30 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі вобласці прынялі ўдзел у прэс-туры ў горад Скідзель, які ў 2020 годзе будзе прымаць абласныя “Дажынкі”.

Журналісты мелі магчымасць пазнаёміцца з найбольш значнымі вытворчымі і сацыяльнымі аб’ектамі.

Першым прыпынкам прэс-тура быў каўбасны цэх Скідзельскай птушкафабрыкі. Тут кожны дзень выпускаюць больш за 20 тон разнастайнай прадукцыі. Яна паступае ў свае фірмовыя магазіны, а іх 17, а таксама ў гандлёвую сетку краіны. Наладжаны экспарт і за мяжу – ва Украіну, Таджыкістан, Казахстан, Узбекістан, Кіргізію, Азербайджан. Ёсць намер асвойваць кітайскі рынак: цяпер спецыялісты працуюць над дэклараваннем дакументаў.

Як расказалі на прадпрыемстве, вырабляюць тут прадукцыю без выкарыстання соі, з натуральных інгрыдыентаў. Вэндзяць на натуральнай вольхавай шчапе.

Журналісты пабачылі працэс прыгатавання: ад замешвання фаршу – да маркіроўкі  гатовай прадукцыі. Пабачылі, а потым і паспыталі.

Каўбасны цэх выпускае больш за 100 найменняў вырабаў. Нядаўна асвоены выпуск новай прадукцыі пад назвай “міхайлаўскі” – гэта накшталт паштэта з курынай пячонкі і шпіка. Хто купляў раней і пачаставаўся  на дэгустацыі, сышліся на меркаванні – вельмі смачна.

Зайшлі ў фірмовы магазін: прадукцыя не танная, бо, як патлумачылі, з натуральнай сыравіны. Пачнеш шукаць заменнікі больш танныя, страціш якасць і пастаянных кліентаў.

Але не так усё бясхмарна на прадпрыемстве. Самая актуальная праблема – кадры. Працаўнікоў не хапае. Скідзель – горад-спадарожнік, і  невялікая адлегласць да Гродна ўплывае на адток рабочых рук. Таму даводзіцца прывозіць людзей на працу з суседніх раёнаў – Ваўкавыскага, Слонімскага, Свіслацкага, на вахту – з палескай Століншчыны.

Цікавіліся журналісты і зарплатай на прадпрыемстве: у забойным цэху яна  1400-1500 рублёў, а ў сярэднім – 900 па фабрыцы. Цяпер на прадпрыемстве заняты 1740 чалавек. Толькі ў забойным цэху працуюць 340 работнікаў, а на наступны год ёсць намер запусціць яшчэ адзін цэх.

Наступным аб’ектам для наведвання стаў Скідзельскі цукровы камбінат. Экскурсію папрадпрыемстве правёў яго кіраўнік Дзмітрый Ягораў. Наведалі цэхі фасоўкі, склад гатовай прадукцыі, цэнтр кіравання.

Нягледзячы на тое, што прадпрыемству хутка споўніцца 70 гадоў, аснашчэннетут самае сучаснае. Шмат сродкаў ідзе на мадэрнізацыю і будоўлю.

А першы цукар у Скідзелі выпусцілі 2 сакавіка 1951 года. Тады за першы год атрымалі  2 440 тон салодкай прадукцыі. Сёння палова  гэтага аб’ёму выпускаецца за суткі – 1200 тон. Для яго захоўвання і далейшай транспарціроўкі ў гандлёвую сетку пабудаваны сучасныя склады. Пакуль што ёсць затарванне прадукцыяй, прызнаўся дырэктар, але ў сезон нарыхтовак цукар не залежваецца.

Збыт –галоўная праблема прадпрыемства, на вырашэнне якой скіраваны намаганні маркетынгавай службы. Расійскі рынак насычаны і перанасычаны сваёй прадукцыяй, таму ёсць намер пастаўляць на кітайскі і некаторых краін афрыканскага кантынента.

Скідзельскі цукар лёгка пазнаць па галоўным брэндавымчырвоным  пакунку з прыемным надпісам на беларускай мове – “Цудоўная цукерня. Салодзім з асалодай”. Дызайнеры-аўтары пакунка пасылалі сваю распрацоўку на міжнародны конкурс і занялі 2 месца.  Скідзельскі цукар выпускаецца і ў сінім пакунку. У абодвух – аднолькава салодкі – 99,95 % сахарозы.

Пабылі журналісты ў самым “сэрцы” цукровай вытворчасці – камп’ютарызаваным цэнтры кіравання, дзе дыспетчар сочыць за вырабам прадукцыі ад пачатку да канца. Асаблівая ўвага – тэмпературы і вільготнасці. Што будзе, калі не дагледзець? – пацікавіліся журналісты. І атрымалі жартоўны адказ: адзін велізарны шматтонны ледзянец. Але такога здарыцца не можа, паколькі тэхніка самая сучасная і кадры кваліфікаваныя.

Зацікаўленасць выклікаў і цэх фасоўкі: пабачылі і звычайныя пакункі па 1кг, і для Лідскага піўзавода – амаль ў тону.

Завяршыўся прэс-тур наведваннем мадэрнізаванай СШ № 1 горада Скідзеля. Вельмі камфортная школа: з велізарнай спартыўнай залай, дзе можна займацца міні-футболам, валейболам, баскетболам, гандболам, тэнісам; зручнай сталовай; абсталяванай па-сучаснаму бібліятэкай; прасторнымі светлымі калідорамі, упрыгожанымі фотаработамі выпускніка школы Арцёма Чырвы.

Пасля экскурсійдля журналістаў адбылася прэс-канферэнцыя са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым, на якой ён адказаў на пытанні журналістаў, расказаў, як будзе развівацца Скідзель – горад-спадарожнік і сталіца будучых “Дажынак”.

 

Іна ЯЎСЕЙЧЫК