Шанс заўжды ёсць

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На першую лінейку ў гэтым навучальным годзе вучні 4 “Б” класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава адправіліся не з букетамі кветак, а са сцяжкамі “Букет дабра”.

Бацькі, настаўніца і дзеці далучыліся да рэспубліканскай акцыі фонду “Шанс”.

Упершыню акцыя “Букет дабра” прайшла ў 2017 годзе па ініцыятыве школьнікаў і бацькоў адной з мінскіх школ. Вынікі акцыі пераўзышлі чаканні, і таму ўжо трэці год запар фонд “Шанс” запрашае педагогаў, вучняў і іх бацькоў з розных куткоў Беларусі далучыцца да добрай справы.

За два гады ў акцыі “Букет дабра” прынялі ўдзел школьнікі з 36 населеных пунктаў Беларусі, а гэта некалькі тысяч навучэнцаў з больш чым 100 установаў адукацыі па ўсёй краіне.

Настаўніцы ад класа навучэнцы падарылі адзін букет. Грошы, не зрасходаваныя на іншыя букеты, пералічылі ў фонд “Шанс” на лячэнне цяжкахворых дзяцей, бо яны так і не змаглі ў гэты святочны дзень раздзяліць радасць школьнага званка з-за хваробы. У гэты ж дзень у класе прайшоў Урок Дабра.

З самага ранняга дзяцінства дзецям трэба тлумачыць, што такое дабро. Дома бацькі на сваім прыкладзе паказваюць дзецям, што гэта такое. У школе ж настаўнік павінен праводзіць спецыяльныя ўрокі для таго, каб заахвочваць дзяцей на добрыя ўчынкі. урок вельмі спадабаўся бацькам і дзецям. Нашы дзеці яшчэ маленькія, і на сваім прыкладзе мы павінны вучыць іх з ранняга ўзросту быць добрымі.

У наступным навучальным годзе дзеці вырашылі працягнуць гэтую традыцыю: дарыць кропельку дабра!

Вольга ШМЫГІН,
класны кіраўнік 4 “Б” класа СШ № 3 горада Дзятлава