Першы званок паклікаў за парты

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Другога верасня сёлета – святочны і хвалюючы дзень, які ў розных канцах нашай краіны пачаўся аднолькава: з урачыстых лінеек, першых школьных званкоў, кветак, усмешак, пажаданняў, радасных эмоцый і ўрока “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі”.

На Дзятлаўшчыне за школьныя парты селі 2 358 навучэнцаў, у тым ліку 210 першакаласнікаў, якія пачынаюць сваё цікавае падарожжа ў краіну ведаў, 174 навучэнцы адзінаццатых класаў, перад якімі стаіць задача канчаткова вызначыцца з выбарам далейшай прафесіі і падрыхтавацца да дарослага жыцця.

Святочная лінейка ў Новаяльнянскай сярэдняй школе па добрай традыцыі пачалася пад гукі мясцовага духавога аркестра. Галоўнымі героямі дня, вядома ж, былі 22 першакласнікі і іх настаўніца Святлана Навагран. Яны выйшлі пад урачыстую музыку, каб заняць сваё месца ў шэрагах іншых вучняў. З бравым выглядам малыя трымалі вялікія букеты і стараліся ўважліва слухаць вядучых і гасцей. Раздзяліць свята з наведвальнікамі школы прыйшлі старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус, старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Ірына Кунахавец, настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарадскога пасёлка Наваельня Валерый Мануйла.

Удзельнікаў лінейкі павітала дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы Марына Лашкоўская. Павіншавала дзяцей і іх бацькоў  з пачаткам новага навучальнага года, падзякавала за дапамогу ў рамонце школы, расказала аб дасягненнях. Ганарацца тут перамогай у міжнародным конкурсе народнай творчасці ”Сведкі вайны”, які праходзіў у Кранштаце, дзе дакументальная кінастужка новаяльнянцаў, над якой працавалі кіраўнік школьнага музея Тамара Крывеня, навучэнцы Яўген Анушкевіч і Дар’я Трубко, заняла першае месца. Дыплом трэцяй ступені Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Марына Яўгенаўна ўручыла прызёру абласной алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” Дар’і Самкоўскай. Аляксей Сачык быў ўзнагароджаны дыпломам Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама за перамогу ў абласной алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”.

Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што ў наш час адукацыя, веды і вопыт асабліва запатрабаваны, бо з’яўляюцца асновай для паспяховай працоўнай дзейнасці і дастойнага жыцця кожнага чалавека. Кіраўнік раёна шчыра павіншаваў настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў, пажадаў поспехаў ва ўсіх пачынаннях. Да віншаванняў далучыліся і іншыя госці ўрачыстасці. Удзельнікаў лінейкі сваімі выступленнямі парадавалі першакласнікі і адзінаццацікласнікі. Затым першакласнікаў чакаў прыемны сюрпрыз: традыцыйныя кніжкі “Беларусь – наша Радзіма” ім ўручылі ганаровыя госці, а навучэнцы выпускнога класа падарылі яркія паветраныя шары ў форме кветак. За парты рабят паклікаў залівісты першы званок, права даць які было прадастаўлена Ільі Бакею і Дыяне Луні.

 

Урачыстая лінейка ў гімназіі №1 горада Дзятлава

Для першакласнікаў першае верасня – гэта пачатак займальнага падарожжа, а для выпускнікоў — выхад на фінішную прамую.

На ўрачыстай лінейцы, прысвечанай новаму навучальнаму году, прагучалі віншаванні ад дырэктара гімназіі Валерыя Ішуціна, настаўніцы 1-га класа Таццяны Лазута. Павіншаваў навучэнцаў з Днём ведаў, пажадаў поспехаў у вучобе і плённай працы намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Юрый Залеўскі.

Добры настрой на працягу свята дарылі прысутным навучэнцы гімназіі. Яны выконвалі музычныя нумары.

Урачыстая лінейка ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава

Шмат дзяцей, іх бацькоў і родных, настаўнікі сабраліся ў школьным двары ў гэты сонечны асенні дзень, напоўнены ўсмешкамі і кветкамі. З пачаткам новага навучальнага года павіншавалі ўсіх прысутных дырэктар школы Аксана Пацыновіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Беленка, благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель.

Урачыстая лінейка ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава

Ірына СТЫРНІК
Вольга ЮШКЕВІЧ
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ