Вас памятае свет уратаваны. Няма нічога даражэйшага за мір

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Згодна з указам Прэзідэнта, у нашай краіне да 4 мая ажыццяўляецца штогадовая выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, якія пацярпелі ад яе наступстваў.

На Дзятлаўшчыне ўрачыстае ўручэнне выплат адбылося 25 красавіка. Усяго іх праз работнікаў пошты атрымалі сем нашых землякоў, яшчэ пяці чалавекам выплата залічана праз банк.

Падарыць часцінку свайго цяпла жыхарцы райцэнтра Веры Калпінскай, малалетняму вязню Вялікай Айчыннай вайны, накіраваліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, начальнік Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі Наталля Цітова, навучэнцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава разам з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Соф’яй Бомбер.

– Шчыра віншуем вас з надыходзячымі святамі – Днём Перамогі і 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – пажадаў Веры Андрэеўне Аляксандр Бараноўскі. – Моцнага вам здароўя, дабрабыту, клопату блізкіх, доўгіх гадоў жыцця, каб вы былі такой жа прыгожай, як гэтыя цюльпаны, якія сёння вам дорым.

– Схіляемся перад вашымі мужнасцю і стойкасцю, жадаем шчасця і мірнага неба над галавой, – далучыліся да віншаванняў іншыя госці, а школьнікі прачыталі для Веры Андрэеўны яшчэ і цёплы лірычны верш.

На развітанне жанчына згадзілася зрабіць для маладога пакалення невялікі экскурс у сваё апаленае вайной дзяцінства.

– Я ўраджэнка невялікай вёскі Выжлавічы, што на Піншчыне. У чэрвені 1943 года вёску акружылі немцы. Нас, дзяцей, у бацькоў было чацвёра: ад шасці да чатырнаццаці гадоў (мне ішоў дзясяты). Людзей пагналі ў суседнюю вёску на “камісію”, некаторых камісавалі і пакінулі, а нас з бацькамі і іншымі “годнымі” па стане здароўя, як скаціну, пагрузілі ў таварны вагон. Цягнік ехаў месяц, намучыліся. У Германіі сабраліся “купцы”. Каго забралі на фабрыку, каго – на завод, мы трапілі працаваць да гаспадара ў вёску. Старэйшых дзяцей эксплуатавалі нараўне з дарослымі, мы з малодшай сястрой выконвалі хатнія работы і атрымлівалі паўпайка, пухлі з голаду.

Пасля вызвалення, у канцы лета, вярнуліся дамоў. Садзіць грады было позна. Як перажылі зіму, нават не ведаю. Чым маглі, дапамагалі старэйшая сястра і землякі. Вясной крыху стала лягчэй: выраслі шчаўе, ягады. Па чарніцы хадзілі за 20 кіламетраў пешшу, вядро іх мянялі на бляшанку мукі, з якой пяклі бліны. Жылі ў вялікай нястачы. У школу я хадзіла ў просценькім суконным піджачку, нават калі паступіла ў тэхнікум, адзення было мала.

Цаніце і беражыце мір, – заклікала Вера Калпінская. – За яго няма нічога даражэй. Я вельмі ўдзячна раённым уладам, Прэзідэнту Беларусі за тую ўвагу, якая аказваецца пажылым людзям, за высокі ўзровень нашага жыцця.

Матэрыяльную дапамогу да Дня Перамогі жыхарам Войневіцкага сельсавета – малалетняму вязню Сяргею Рабцу і члену сям’і загінулага на вайне Сяргею Яфіміку ўручалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, начальнік Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі Наталля Цітова. Да іх далучыліся старшыня Войневіцкага сельвыканкама Вольга Мазоль, прадстаўнікі КСУП “Войневічы”, навучэнцы Казлоўшчынскай школы.

– Штогод Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісвае загад, якім для ветэранаў, вязняў, сем’яў загінулых прадугледжана матэрыяльная дапамога. На Дзятлаўшчыне такіх засталося 12 чалавек. Віншуем вас з надыходзячымі святамі, дзякуем за мір, шчаслівае жыццё, – павіншавала Алена Васкель.

 

Такія ж цёплыя віншаванні ў гэты дзень прагучалі для тылавіка Марыі Цімафейчык, якая цяпер жыве ў дачкі ў вёсцы Дзераўная Слонімскага раёна. Набор харчовых прадуктаў у знак павагі Марыі Якаўлеўне перадаў магазін “Еўраопт”, што ў горадзе Дзятлаве.

У Наваельні матэрыяльныя дапамогі вязням Ніне Голікавай і Ніне Гутаравай урачыста з кветкамі і самымі цёплымі словамі пажаданняў здароўя і даўгалецця ўручылі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, старшыня мясцовага сельсавета Людміла Радзевіч, прадстаўнікі пошты, навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: