Думай пра будучыню – дзейнічай сёння

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Менавіта пад такім дэвізам стартаваў новы сумесны праект прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь і чатырох раёнаў Гродзенскай вобласці – праект пад назвай “Раздзельны збор адходаў і рэцыклінг палімераў у Беларусі”.

Нязвыклае для нас слова “рэцыклінг” азначае вяртанне адходаў у вытворчаць, іх другасная перапрацоўка.

Рэцыклінг дазваляе значна зменшыць колькасць цвёрдых камунальных адходаў, зменшыць ужыванне прыродных рэсурсаў і нагрузку на экалогію, вярнуць другасныя матэрыяльныя рэсурсы ў сферу спажывання.

У Навагрудку адбыўся семінар, на ім прысутнічалі прадстаўнікі Еўрапейскага Саюза, кіраўніцтва і прадстаўнікі Навагрудскага, Карэліцкага, Дзятлаўскага і Іўеўскага раёнаў, супрацоўнікі праекта, іншыя зацікаўленыя асобы. Саветнік-пасланнік, кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь Беранд дэ Гроот падкрэсліў, што еўрапейскія партнёры зацікаўлены ў такой сумеснай працы, бо яна мае канкрэтныя вынікі ў экалагічнай сферы.

Падрабязней пра новы праект, які разлічаны на тры гады, расказаў менеджар праекта У. Кузьміч. Інвестыцыі складуць 740 тысяч еўра, доля фінансавання раёнаў складае каля 10 тысяч еўра. На тэрыторыі раёнаў будзе арганізаваны збор палімерных адходаў, у Навагрудскім раёне плануецца пабудаваць прадпрыемства па вырабе прадукцыі з палімерна-пясчаных адходаў. Усё гэта дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы, зменшыць нагрузку на экалогію чатырох раёнаў. Таксама будзе арганізавана адукацыйная праца з рознымі групамі насельніцтва ў сферы раздзельнага збору і перапрацоўкі цвёрдых бытавых адходаў, павышэння экалагічнай культуры.

Кіраўніцтва праекта запрашае ўсіх жыхароў раёнаў, арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў да сумеснай працы. Далучайцеся да нас. Удзельнічайце ў нашых акцыях, конкурсах, публічных мерапрыемствах. Мы чакаем вашых ідэй і прапаноў. Нашыя кантакты: E-mail: novreenergy@gmail.com. Адрасы ў сацыяльных сетках: Вконтакте public1851330114; Одноклассники 57055215091938, Фейсбук https://www.facebook.com/groups/novogrudok1044/.

Міхаіл ЗІЗЮК,
эксперт праекта