Нам даверана памяць

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Дзень вызвалення Рэспублікі Беларусь – адно з галоўных святаў у жыцці нашай краіны, а сёлета яно яшчэ і юбілейнае.

І вельмі важна, што да гэтага часу побач з намі жывуць сведкі Вялікай Айчыннай вайны. Сімвалічна, што сёлета ўсе яны атрымліваюць памятныя медалі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца ўшанаванне былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. 27 чэрвеня медалі былі ўручаны шасці жыхарам Новаяльнянскага сельскага савета: Надзеі Якаўлеўне Шуляк, Ніне Іосіфаўне Піваварчык, Галіне Аляксандраўне Зубавай, Ніне Усцінаўне Голікавай, Яніне Вікенцьеўне Ляпешка, Любові Васільеўне Солдак.

З віншаваннямі, кветкамі, музычнымі падарункамі да новаельнянцаў завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, кіраўнік спраў Новаяльнянскага сельвыканкама Ірына Каспяровіч, кіраўнік народнага музея “Дзеці ліхалецця” Новаяльненскай сярэдняй школы Тамара Крывеня, артысты мясцовага Дома культуры Аляксандр Саалятэ і Таццяна Загорцава. Юбілейныя медалі “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” былым вязням фашысцкіх канцлагераў уручыў намеснік ваеннага камісара Дзятлаўскага раёна Андрэй Волкаў.

Надзея Шуляк у час сустрэчы прыгадала, як цяжка ёй, 10-гадовай дзяўчынцы, было ў нямеччыне, як хацелася хутчэй вярнуцца на Радзіму, пацікавілася, ці не з’явіліся новыя факты аб лёсе загінулага брата-партызана Сцяпана Голуба. Таксма Надзея Якаўлеўна з задавальненнем праспявала “Кацюшу” разам з артыстамі, якія запрасілі гаспадыню абавязкова прыходзіць у Дом культуры на свята да Дня вызвалення.

Галіна Зубава расказала, што напярэдадні свята дачакалася дарагіх гасцей – дзяцей, унукаў, праўнукаў, а таксама ёй прыйшла юбілейная паштоўка-трохвугольнік, таму ў жанчыны асабліва добры настрой.

Усім, хто атрымаў медалі, пажадалі моцнага здароўя, бадзёрасці духу, даўгалецця, добрага настрою на кожны дзень. Людзі, якія праявілі стойкасць у гады ваеннага ліхалецця, якім характэрна вера ў жыццё, застаюцца для жыхароў мірнай Беларусі прыкладам і напамінам пра тое, якой цаной нам дасталіся мір і свабода.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: