Алена Жадзейка, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”:
– Галоўная ідэя жаночага руху на Дзятлаўшчыне, як і ў цэлым у краіне, – аб’яднаць жанчын раёна на добрыя справы, выхаваць любоў да Радзімы ў нашых дзяцей і ўнукаў, выгадаваць годнае маладое пакаленне. Разам мы адстойваем правы і законныя інтарэсы жанчын і дзяцей, падтрымліваем сем’і, умацоўваем сямейныя каштоўнасці.
У Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятываў, ажыццяўлення сацыяльна значных праектаў. Калі не сядзець склаўшы рукі, а ўключацца ў карысныя справы, можна многае паспець. Напрыклад, 2018-2020 гады ў нашай краіне былі абвешчаны Гадамі малой радзімы. За гэты час сяброўкі з раённай арганізацыі ГА “БСЖ” зрабілі многае, каб наша Дзятлаўшчына стала больш прыгожай і камфортнай для жыцця. Яскравы прыклад таму – работа пярвічак ГА “БСЖ” ва ўстановах і арганізацыях раёна па добраўпарадкаванні тэрыторый. Дзякуючы намаганням нашых землякоў і ўдзельніц жансавета, з кожным годам прыгажэюць дваровыя тэрыторыі дзіцячых садкоў, школ, сацыяльных установаў Дзятлаўшчыны.
Жанчыны нашага раёна цэняць мінулае і ўпэўнена глядзяць у будучыню: пярвічкамі ГА “БСЖ” рэалізуюцца праекты “Жыццё выдатных сем’яў Дзятлаўшчыны”, “Цяпло роднага ачага”, акцыі “Я тут жыву і край мне гэты дарагі!”, “Дыялог пакаленняў”, адбываюцца ўшанавання сямейных дынастый, ветэранаў жаночага руху, вядомых жанчын, якія праслаўляюць родны раён.
Жанчына – гэта маці і берагіня. Таму на Дзятлаўшчыне набірае сілу рух, скіраваны на абарону дзяцінства. Члены жаночага аб’яднання актыўна ўключаюцца ў рэалізацыю праектаў “У Беларусі – ніводнага кінутага дзіцяці”, “Жанчыны супраць п’янства жанчын”, “Жанчыны супраць абортаў”, далучаюцца да рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Здароўе жанчыны – здароўе нацыі”.
Гэта толькі невялікая частка таго, што зроблена. Наперадзе – шмат важных планаў і задумак. Кожная добрая справа нашых зямлячак, як новая цаглінка, а разам мы будуем моцную, квітнеючую краіну. Мы выбралі свой шлях развіцця, збочваць з якога не збіраемся. І вельмі хочацца, каб на гэтым шляху не з’явілася перашкод, створаных тымі рукамі, якія не дапамагалі нам мяняць жыццё да лепшага.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup