У Круцілавічах навялі парадак

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Сёлета вясна радуе нас не толькі своечасовым прыходам, але і цёплымі і сонечнымі днямі.

Каб пасля зімы навесці парадак на зямлі на Дзятлаўшчыне плануецца правядзенне раённых суботнікаў, прымеркаваных да Года малой радзімы.

У аграгарадку Круцілавічы ўжо пачалі актыўную працу па добраўпарадкаванні.

Так, у апошнія дні значна змянілася тэрыторыя паркавай зоны, якая знаходзіцца пры ўездзе ў населены пункт.

Тут наводзілі чысціню работнікі мясцовага сельскгаспадарчага прадпрыемства ААТ “Граніт-Агра”, сельвыканкама, культуры і адукацыі, навучэнцы мясцовай сярэдняй школы, работнікі ФАПа, бібліятэкі, жыхары аграгарадка.

Сёлетняя ініцыятыва па правядзенні работ на тэрыторыі  паркавай зоны аграгарадка паступіла ад старасты Круцілавічаў Святланы Грос, арганізацыю па правядзенні суботніка ўсклала на сябе кіраўніцтва ААТ “Граніт-Агра”. Акрамя гэтага, сельгаспрадпрыемства прадаставіла неабходную тэхніку для абрэзкі дрэў, адвозкі смецця і раслінных рэшткаў, – гаворыць старшыня сельвыканкама Ганна Жых. – У будучым у паркавай зоне  плануецца пракласці пешаходныя  дарожкі, усталяваць лаўкі для адпачынку, гульнёвыя пляцоўкі для дзяцей. Неабыякавым да малой радзімы  застаецца і наша маладое пакаленне. Сёлета ад мясцовай моладзі і маладых работнікаў ААТ “Граніт-Агра” паступіла прапанова ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пасадзіць алею фруктовых дрэў у аграгарадку Таркачы. Саджанцы яблынь для будучай алеі паабяцаў прадаставіць індывідуальны прадпрымальнік, дырэктар ААТ “Агражалезабетон” Уладзімір Сіневіч.

Радуе той факт, што ўсё больш аднавяскоўцаў далучаюцца да нашай агульнай справы. Там, дзе людзі сваімі рукамі навялі парадак, зрабілі рамонт сваімі сіламі, яны ў будучым адказна сочаць за парадкам. Чым больш жыхароў задзейнічана, тым большы эфект мы  атрымаем ад работы, якая ладзіцца на тэрыторыі нашага аграгарадка.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Теги: