ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” прыняў удзел у 25-й юбілейнай міжнароднай выставе прадуктаў харчавання “Прадэкспа-2018” у горадзе Маскве.
“Прадэкспа” ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых харчовых аглядаў свету і ўражвае сваімі маштабамі. У гэтым годзе пазмагацца прыехалі прадстаўнікі харчовага бізнэсу з 46 краін.
З вялікім поспехам прайшоў конкурс-дэгустацыя прадуктаў “Лепшы смак”. Метад дэгустацыі з’яўляецца самым прагрэсіўным у тэсціраванні прадуктаў. Ён дае даволі дакладную ацэнку рынкавых перспектыў. У час дэгустацый аб прадукце робяць высновы прадстаўнікі аптовага і рознічнага бізнэсу: прафесійныя прадаўцы добра адчуваюць, будзе прадавацца тавар або не. Галасаванне і падлік галасоў праводзіцца публічна, арганізатары мерапрыемства не могуць паўплываць на яго вынікі. Прадукт ацэньваецца па пяцібальнай сістэме, і калі сярэдні бал складае чатыры і больш, то яму прысвойваецца званне “Лепшы смак”.
Прадукцыя Дзятлаўскага сыраробнага завода заваявала на сёлетняй выставе чатыры дыпломы першай ступені за масла сметанковае “Крестьянское” з масавай доляй тлушчу 72,5%, сыр паўцвёрды “ATLETas” з масавай доляй тлушчу 50%, сыр цвёрды “Chesse BUM” з масавай доляй тлушчу 45%, сыр мяккі “Ricotta” слабасалёны з масавай доляй тлушчу 30% і адзін дыплом другой ступені за сыр паўцвёрды з чэддэрызацыяй “Chedder Gold” з масавай доляй тлушчу 45%.
Імідж нашай прадукцыі вельмі высокі. Дэгустатары адзначалі, што калі беларускае, значыць “усё шчыра і па даступнай цане”.
Дзятлаўскі сыраробны завод даражыць не толькі густам, але і заваёўвае пакупніка якасцю прадукцыі.
Наталля ЗУБКО,
спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”