Прафсаюзы Гродзеншчыны ўзнагародзяць перадавікоў жніва

Падзеі

Пра гэта паведаміў старшыня Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Іван Алізаровіч у час правядзення традыцыйнага беларускага абраду «Зажынкі» ў ААТ “Васілішкі” Шчучынскага раёна.

Плануецца, што ганаровыя граматы, дыпломы і каштоўныя падарункі ад прафсаюза атрымае кожны трэці камбайнер Гродзеншчыны, а іх у гэтым годзе на жніве будзе задзейнічана каля трох тысяч чалавек.

Узнагароды чакаюць не толькі хлебаробаў-перадавікоў, таксама будуць адзначаны лепшыя моладзевыя і сямейныя экіпажы, вадзіцелі, механізатары, работнікі збожжасушыльных комплексаў — усяго больш за паўтары тысячы працаўнікоў хлебнай нівы.

— Кожнага з гэтых людзей мы павіншуем на рабочых месцах: у полі і на мехдварах. Акрамя віншаванняў, будзе нададзена пільная ўвага выкананню заканадаўства аб ахове працы, праведзены маніторынг санітарна-бытавых умоваў, створаных для аграрыяў. Работнікі павінны быць забяспечаны спецвопраткай, сродкамі індывідуальнай абароны і двухразовым харчаваннем, — адзначыў Іван Алізаровіч.

Гаспадаркі Гродзенскай вобласці ўжо прыступілі да ўборкі збожжавых. Масавая ўборка пры спрыяльных умовах надвор’я пачнецца на працягу двух тыдняў. Усяго ў вобласці трэба будзе ўбраць звыш 300 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых культур.

Сельгасарганізацыі вобласці падрыхтавалі да ўборачнай кампаніі неабходную тэхніку. На жніве будзе задзейнічана звыш паўтары тысячы камбайнаў і тысячы аўтамабіляў. На дапамогу аграрыям будзе выдзелена каля чатырохсот адзінак тэхнікі з іншых арганізацый.

Прэс-служба Федэраціі прафсаюзаў Беларусі па Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *