«Няхай заўжды будзе сонца!»

Падзеі

Раённы фестываль творчасці пад такой назвай прайшоў у актавай зале сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Гэта было інклюзіўнае мерапрыемства. Удзел у фестывалі прынялі 17 камандаў установаў адукацыі Дзятлаўшчыны. У склад іх уваходзілі 75 удзельнікаў — дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іх равеснікаў, якія нармальна развіваюцца. Разам з дзецьмі выступалі іх педагогі і бацькі.

Тэмай фестывалю творчасці была сям’я і сямейныя каштоўнасці, а таму і заданні ўдзельнікам прапанавалі адпаведныя. Першае — творчае выступленне «Мая сям’я — мая радасць», другое — конкурс плакатаў «Сямейныя традыцыі і каштоўнасці».

Згодна з умовамі конкурсу, кожная каманда павінна была правесці на сцэне не больш за 10 хвілін, затое выбар жанру выступлення ўмовамі не абмяжоўваўся. Удзельнікі фестывалю творча падышлі да падрыхтоўкі хатняга задання: прадставілі песні, танцы, вершы, інсцэніроўкі казак, відэазвароты, відэазагадкі, сямейныя майстар-класы, а каманда Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы нават прывезла з сабой куфар сямейных каштоўнасцяў.

Самым арыгінальным было выступленне каманды Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, якая прыехала на фестываль на цягніку «Букашка» і творча з песнямі і танцамі прадставіла сваю школьную сям’ю. Каманда адзначана дыпломам за першае месца.

Другое месца журы прысудзіла камандзе Гезгалаўскага яслі-сада, якая падрыхтавала відэазагадкі пра сям’ю, вершы і танцы.

Самай вялікай па колькасці ўдзельнікаў, у тым ліку з асаблівасцямі развіцця, была каманда сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. Навучэнцы падрыхтавалі вершы і песні і атрымалі дыплом трэцяй ступені.

Яркімі і арыгінальнымі атрымаліся ў канкурсантаў плакаты «Сямейныя традыцыі і каштоўнасці». Яны змяшчалі фотаздымкі аб шчаслівых момантах сямейнага і школьнага жыцця.

Немагчыма было прайсці міма двух плакатаў, якія падрыхтавалі да фестывалю «Няхай заўжды будзе сонца!» педагогі і выхаванцы Дзятлаўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Вялікі самавар з кубачкамі і карабель з ветразямі-фотаздымкамі адразу прыцягнулі ўвагу журы, якое прысудзіла цэнтру перамогу ў конкурсе плакатаў.

Другое месца занялі навучэнцы Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы. Трэцяе — выхаванцы Наваельнянскага яслі-сада.

Вынікі сустрэчы падвяла галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама А. А. Чайкоўская. Яна падзякавала ўдзельнікам фестывалю за яркія, запамінальныя выступленні, пажадала далейшых творчых поспехаў і ўручыла ўзнагароды пераможцам і прызёрам.

Усе ўдзельнікі раённага фестывалю творчасці «Няхай заўжды будзе сонца!» атрымалі сертыфікаты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і салодкія падарункі ад раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь», «Таварыства Чырвонага Крыжа», «Беларускі дзіцячы фонд». Сертыфікатам сімпатый гледачоў за верш «Анёлы» адзначана юная чытальніца Марына Мацюк з Раготнаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Дыпломам «Лепшы вядучы» — Яўген Емяльянчык, які разам з мамай Галінай Васільеўнай (дырэктарам Дзятлаўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі) вёў святочную праграму.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *