Чаму небяспечна запускаць лор-хваробы

Падзеі

Атыты, гаймарыты і танзіліты… Што можа быць больш банальным, думаюць многія. Кожны з нас хоць раз у жыцці сутыкаўся з падобнымі праблемамі і нават не заўсёды звяртаў на іх увагу. Але чаму звычайны насмарк так важна своечасова вылечыць і як не давесці справу да хранічнага атыту, які прыйдзецца ў рэшце рэшт аперыраваць, а таксама ці трэба выдаляць міндаліны, расказала ўрач-оталарынголаг  Марыя Максімовіч.

— Адна з асноўных праблем, з якой прыходзяць да оталарынголага, — сінусіт — запаленне слізістай абалонкі адной або некалькіх прыдаткавых пазух носа. І яго распаўсюджаная разнавіднасць — гаймарыт — гэта запаленне слізістай верхнясківічнай прыдаткавай пазухі. Іх частая прычына — нявылечаная прастуда. Пераважна да нас звяртаюцца людзі маладога ўзросту, бо яны часцей пакутуюць на прастудныя і вірусныя хваробы. Людзі сталага ўзросту хварэюць менш: яны не так часта ездзяць у грамадскім транспарце, вялікую частку дня праводзяць дома, адпаведна, у іх шанцаў падхапіць інфекцыю менш.

Усе паталогіі вуха і горла, з якімі звяртаюцца да оталарынголага, пачынаюцца з носа, таму вельмі важна своечасова і правільна пралячыць яго захворванні. У першую чаргу прызначаюцца салявыя растворы, мукалітыкі, а гэта, як правіла, сінупрэт, і фізіятэрапеўтычныя працэдуры — магніт на гаймаравы пазухі. Важна выконваць гэтыя назначэнні пры любым ВРЗ, адразу як толькі пачынаюцца праблемы з носам. Паводле еўрапейскіх пратаколаў прызначаюць яшчэ і гарманальныя прэпараты мясцовага ўздзеяння. Калі пералічанымі сродкамі справіцца не ўдаецца, звяртаемся да антыбіётыкаў. Калі на фоне іх прыёму паляпшэння не адчуваецца, хворы скардзіцца на болі ў вобласці пазух і галаўны, а ў аналізах дрэнныя паказчыкі, — робім дыягнастычны пракол.

— Якія памылкі часцей за ўсё дапускаюць падчас лячэння носа?

— Хворыя не пачынаюць лячэнне і лічаць, што насмарк — гэта несур’ёзна і ён пройдзе сам. Бясследна ён не ва ўсіх праходзіць, пачынаюцца ўскладненні, якія заканчваюцца антыбіётыкамі і праколамі.

— Атыт таксама пачынаецца з носа?

— Так, гэта ўскладненне захворвання насаглоткі: ацякае слізістая носа, закрываецца яўстахіева труба — канал, які злучае поласць сярэдняга вуха з глоткай, паветраабмен паміж поласцю сярэдняга вуха і насаглоткай парушаецца, і літаральна праз дзве гадзіны пачынаюцца праблемы з вухам.

— Што такое хранічны атыт?

— Такі дыягназ ставіцца, калі ёсць стойкая перфарацыя (пашкоджанне) барабаннай перапонкі. Але частыя праблемы з вухам не азначаюць, што гэта хранічны атыт. Таксама як і гнойныя выдзяленні з яго не азначаюць, што ёсць перфарацыя барабаннай перапонкі — гэта можа быць і запаленне вонкавага вуха. А вось з хранічным атытам абавязкова патрэбна хірургічнае лячэнне па ліквідаванні перфарацыі. І справа нават не ў тым, што паступова будзе падаць слых. Перфарацыя ў барабаннай перапонцы спрыяе росту халестэатомы. Гэта пухлінападобнае ўтварэнне, якое змяшчае змярцвелыя эпітэліяльныя клеткі і акружана злучальнай тканкай у выглядзе капсулы. Яна лакалізуецца ў сярэднім вуху, але можа распаўсюджвацца і далей. І калі ўжо прыходзіцца выдаляць гэту дабраякасную пухліну, то аперацыя нашмат больш складаная і для ўрача, і для пацыента. Мы імкнёмся не даводзіць да гэтага. Таму ўсіх пацыентаў з хранічным атытам адразу накіроўваем на аперацыю.

— З чым звязаны частыя праблемы з вушамі?

— З наяўнасцю паталогіі ў носе, якую пажадана ліквідаваць. Вушы — гэта люстэрка насаглоткі. Оталарынголаг, паглядзеўшы вуха, можа меркаваць, што з ёй ёсць праблемы.

— Якія праблемы звычайна ўзнікаюць з горлам?

— Самая распаўсюджаная паталогія, з якой ідуць да оталарынголага, — хранічны танзіліт — працяглае запаленне глотачнай і паднябеннай міндалін. Два разы на год з такой паталогіяй пажадана праводзіць супрацьрэцыдыўнае лячэнне, якое ўключае прамыванне, паласканне, прыём танзілгону, вітамінаў. Калі дэкампенсаваны танзіліт — з частымі абвастрэннямі і ёсць пагроза ўскладнення для так званых органаў-мішэняў — а гэта сэрца, суставы і ныркі, — мы настройваем пацыентаў, як правіла, маладых людзей, на танзілактамію — выдаленне міндалін. У такіх хворых нізкі імунітэт, і тут жа пачынаюцца праблемы то з суставамі, то з сэрцам, то з ныркамі. Таму, не чакаючы ўскладненняў, лепш прыслухацца да рэкамендацый урача і зрабіць танзілактамію. Калі ачаг інфекцыі ліквідаваны, значна памяншаецца імавернасць ускладненняў. Адсутнасць жа міндалін на якасць жыцця не ўплывае.

— Як пазбегнуць хвароб вуха, горла і носа?

— Па магчымасці выязджаць у цёплыя краіны на аздараўленне. У нас халодны і вільготны клімат, таму вельмі распаўсюджаны праблемы з насаглоткай. Калі захварэлі, важна своечасова праводзіць лячэнне, а таксама правільна харчавацца, весці здаровы лад жыцця, не курыць і не ўжываць алкаголь, загартоўвацца, займацца фізічнай культурай, наведваць басейн.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *