Ала Кастусік: «Быць начальнікам — няпроста»

Падзеі

Начальнік цэха ААТ «Наваельнянскі камбінат хлебапрадуктаў» Ала Анатольеўна Кастусік — перадавік вытворчасці. Сёлета яе партрэт змешчаны на раённую Дошку гонару. Напярэдадні Свята працы карэспандэнтка газеты «Перамога» сустрэлася з жанчынай, каб даведацца пра яе прафесію, вытворчы працэс і сакрэты поспеху.

Ала Анатольеўна нарадзілася на Дзятлаўшчыне, у вёсцы Літаварцы, а цяпер жыве з сям’ёю ў аграгарадку Дварэц. Яе працоўная кар’ера пачыналася на мясцовым ільнозаводзе, куды дзяўчына ўладкавалася пасля заканчэння Аршанскага механіка-тэхналагічнага тэхнікума, праз год прадоўжыла навучанне на завочным аддзяленні Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прыкладна праз дзесяць гадоў вопытную работніцу перавялі ў Беларускі навукова-даследчы інстытут лёну, што на Віцебшчыне. Але, як прызнаецца мая субяседніца, у Дварцы застаўся родны дом, куды рвалася душа. Таму Ала Анатольеўна спачатку перавялася ў ААТ «Ліда-агратэхсэрвіс», каб быць бліжэй да родных мясцінаў, а пасля нараджэння дзіцяці наогул вярнулася дахаты.

У ААТ «Наваельнянскі камбінат хлебапрадуктаў» яна працаўладкавалася сем гадоў таму, спачатку на пасаду старшага майстра, а праз два гады старанную работніцу павысілі да начальніка камбікормавага цэха. Аднак Ала Анатольеўна прызнаецца, што шлях да поспеху быў цярністы.

— Пачынаць працаваць па іншым профілі было складана. Раней пра лён, здаецца, ведала ўсё, а тут — зерне. Давялося чытаць спецыяльную літаратуру, шмат запамінаць. Напачатку нават узнікалі думкі пра звальненне, але пашанцавала з калектывам і кіраўніком прадпрыемства. Тут мяне падтрымлівалі, падказвалі, дапамагалі, так паступова назапасіліся неабходныя веды і вопыт.

Цяпер ад паспяховага выканання працоўных абавязкаў Алы Кастусік напрамую залежыць зладжаная работа камбікормавага цэха. Вытворчы працэс тут пачынаецца з атрымання заказу на пэўны аб’ём работ і выраб канкрэтнай маркі камбікорму. Начальнік лабараторыі распрацоўвае рэцэпт, а работнікі цэха па рэцэптуры набіраюць кампаненты — зерне, шроты, прэміксы, бялкова-вітамінныя дадаткі. Затым «катаецца» зерне, дадаюцца кампаненты, усё дробіцца і змешваецца, ідзе на лінію гранулявання, гатовы камбікорм складуецца ў сіласы для далейшай адгрузкі заказчыку.

Пакуль у цэху працуе абсталяванне, Ала Анатольеўна пільна сочыць за выкананнем алгарытму эфектыўнага ўключэння-выключэння тэхнікі (на заводзе прытрымліваюцца лімітаў па энергазберажэнні). Сочыць яна і за работай участка сыравіны, адкуль адгружаюцца кампаненты для кожнага канкрэтнага задання. Тут і ў цэху пры вытворчасці вельмі важна прытрымлівацца распрацаванай рэцэптуры і прапорцый, каб камбікорм атрымаўся належнай якасці. Любую памылку адразу ж здольны адсачыць лабараторыі заказчыкаў, якія вельмі адказна адносяцца да якасці кармоў.

Вось і прызнаецца нам начальнік цэха, што яе працоўныя поспехі зараджаюцца на вытворчасці і залежаць ад простых работнікаў, якія адказна і старанна выконваюць даручаную справу. Камбікормавы цэх працуе ў дзве змены, кожная з іх — па 15 чалавек, плюс яшчэ 20 работнікаў — на ўчастку сыравіны, 4 майстры, кладаўшчык, 2 вагавікі — а гэта больш за паўсотню падначаленых, за бяспеку якіх адказвае і якімі кіруе Ала Анатольеўна.

Жанчына прызнаецца, што быць начальнікам няпроста, бо трэба ведаць характар кожнага са сваіх работнікаў, да кожнага з іх адшукаць падыход, улічваць інтарэсы і здольнасці людзей. За гады працы гэта ёй удалося, ды і людзі тут падабраліся добрыя.

Яшчэ адзін складальнік поспеху ў рабоце прадпрыемства — гэта асоба кіраўніка. Ала Анатольеўна з вялікай павагай адносіцца да дырэктара ААТ «Наваельнянскі камбінат хлебапрадуктаў» Ігара Сяргеевіча Язэпава.

— Ён задае тон усёй нашай рабоце, — расказвае Ала Кастусік. — Умее скіраваць работнікаў на поспех, падтрымлівае спрыяльную атмасферу на заводзе. Людзі гэта разумеюць, цэняць, таму і працуюць старанна, зладжана.

Так, фактычны тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці на прадпрыемстве за 2016 год склаў 111,6% пры заданні 102%. Фактычная рэнтабельнасць продажаў была на ўзроўні 4,6% пры даведзенай — 3%. Усяго летась камбінат вырабіў 49,4 тысячы тон камбікармоў на суму 4679 тысяч рублёў. У першым квартале сёлетняга года працавалі не менш паспяхова. У сярэднім за месяц камбікормавы цэх вырабляе звыш 4500 тон камбікорму для птушкі. Яго набывае самы буйны заказчык прадпрыемства — ААТ «Птушкафабрыка «Дружба». Сярод пастаянных раённых спажыўцоў — свінакомплекс у Круцілавічах ААТ «Граніт-Агра». Для розных узроставых групаў свіней гаспадарка набывае звыш 800 тон камбікорму на месяц. Яшчэ 500 тон камбікорму, але ўжо для буйной рагатай жывёлы, ідзе на патрэбы іншых гаспадарак Дзятлаўшчыны, 80 тон — для рэалізацыі ў фірменным магазіне завода «Петушок», 100 тон — на кармы для цялят.

— Калі б ні людзі, калі б ні іх старанне і асабісты ўклад у агульную справу, мы б не выйшлі на такія паказчыкі, — рахункуе свой роздум аб рабоце і прафесійных поспехах Ала Кастусік.

Вольны час Ала Анатольеўна прысвячае сваёй сям’і і родным. Яе муж Віктар таксама працуе на Наваельнянскім камбінаце хлебапрадуктаў у службе аховы. Яны гадуюць дваіх дзяцей. Старэйшаму Ягору 24 гады, ён ужо дарослы, а малодшая Ганна вучыцца ў другім класе. Жыве сям’я ў прыватным доме ў аграгарадку Дварэц, мае вялікі ўчастак. На ім Віктар пасадзіў сад, Ала вырошчвае агарод, даглядае кветкі. Ёсць у сям’і і хатнія гадаванцы: любімец-сабака аляскінскі маламут, кот, папугай і рыбкі. Уся гэта «гаспадарка» патрабуе нямала часу, а таму яго не заўжды хапае на любімы занятак Алы Анатольеўны — чытанне кніг. І ўсё ж, калі выдаецца вольная хвілінка, жанчына стараецца пачытаць. Яна любіць класічную літаратуру, а што тычыцца іншых твораў і аўтараў, то тут асаблівых перавагаў у Алы Анатольеўны Кастусік няма, галоўнае — каб кніга была цікавая.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *