Абмяркоўваем Пасланне Прэзідэнта Беларусі

Падзеі

Аляксандр Дубовік, старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта:

 — Сёлетні зварот Прэзідэнта быў насычаны ключавымі пытаннямі, якія датычацца і дзяржаўнай палітыкі краіны, і кожнага грамадзяніна ў прыватнасці. Так, закрануты пытанні эканамічнай галіны. Пастаўлена задача арганічнага спалучэння зніжэння выдаткаў з высокай якасцю прадукцыі. Калі жадаем добра жыць, трэба думаць, колькі ўкладваеш у прадукт і што атрымаецца на выхадзе. Другое – эфектыўная занятасць людзей, стварэнне ўмоваў для малога бізнэсу. Гэта важна, актуальна сёння і для нашага раёна. Кіраўнік дзяржавы ў Пасланні беларускаму народу і парламенту сам агучыў тое, што вельмі хвалюе прадстаўнікоў бізнэсу: залішні кантроль, адміністрацыйныя працэдуры, праз якія трэба прайсці, адкрываючы нават невялікую справу – усё гэта тармозіць развіццё дзелавой ініцыятывы. На Дзятлаўшчыне ёсць перспектывы для вядзення бізнэсу – можна знайсці сваю нішу ў арганізацыі прыдарожнага сэрвісу, развіцці турызму, аграбізнэсу. Нашым раёнам цікавяцца інвестары.

Наступнае, стварэнне працоўных месцаў і працаўладкаванне. Паглядзіце, некаторыя людзі не могуць працаўладкавацца, а некаторыя проста не жадаюць працаваць. У апошні час шмат увагі было нададзена стварэнню новых месцаў і працаўладкаванню, але, давайце гаварыць рэальна, і Прэзідэнт гэта адзначаў, – не праца павінна “бегаць” за чалавекам, а чалавек павінен займацца пошукам працоўнага месца, быць зацікаўлены ў гэтым. І мы дапаможам. А зарабляць законна можна, сродкаў і магчымасцяў, у тым ліку ў нашым раёне, дастаткова.

Не пакінуў без увагі Прэзідэнт і тэму мірнага жыцця, тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны. І гэта правільна. Мы атрымалі ад кіраўніка дзяржавы ўпэўненасць, што Беларусь была і застаецца на бліжэйшую перспектыву бяспечным астраўком у свеце нестабільнасці.

Пра заработную плату. Некаторыя з іроніяй адносяцца да пастаўленай задачы “зарплата ў тысячу рублёў”. Зразумела, што не ўсе змогуць атрымаць гэту “тысячу”. Напрыклад, праблема ў Дзятлаўскім раёне – сельская гаспадарка. У ёй задзейнічана шмат людзей, а заработная плата тут невысокая. Аднак у некаторых прадпрыемствах і арганізацыях у нашым раёне ўжо ёсць такая зарплата. Перспектывы — у сыраробнага завода, сувязістаў, завода “Алгонь”, газавай службы і іншых. Цяпер ідзе пасяўная кампанія, і работнікі сельскай гаспадаркі таксама добра зарабляюць. Правільна гаворыць Прэзідэнт, што зарплату трэба зарабляць, а не атрымліваць, і тады ўсё атрымаецца.

Лічу, важна, што было ўзнята пытанне аховы здароўя. Паглядзіце, у сельскай мясцовасці працягласць жыцця карацейшая, чым у вялікіх гарадах. Быццам бы і жывём на прыродзе, дыхаем чысцейшым паветрам, харчаванне ў большасці натуральнае, але працягласць жыцця меншая. Напэўна, гэта ад таго, што не хапае якаснай паглыбленай дыягностыкі хваробаў, дадатковых абследаванняў, прафілактыкі такога ўзроўню, як у абласных цэнтрах. Прэзідэнт правільна заўважыў, што трэба ісці з якаснымі, перадавымі паслугамі ў невялікія гарады, на перыферыю. Упэўнены, сітуацыя зменіцца.

Увогуле, мяне радуе, калі Прэзідэнт гаворыць пра людзей як пра галоўную каштоўнасць дзяржавы. І на гэты раз беларускі лідар пацвердзіў, што застаецца верны сваёй чалавечай і дзяржаўнай пазіцыі.

Што датычыцца задач, якія перад намі ставіць кіраўнік дзяржавы, заўважце, якімі б яны ні здаваліся нерэальнымі, недасягальнымі на першы погляд, яны заўсёды выконваюцца. Толькі трэба не іранізаваць над імі, а падставіць плячо адзін аднаму і працаваць у вызначаным накірунку.  

Запісала І. КАМАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *