Сярэбраны звон цымбалаў

Падзеі

Абласны конкурс імя К. Горскага сабраў у Лідзе юных выканаўцаў на народных струнных інструментах. Актыўнымі ўдзельнікамі конкурсу сталі вучні Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Упершыню ўдзел у ім прынялі вучаніца Андрэя Яўгенавіча Цыгеля Аліцыя Харэвіч, вучаніца Алы Людвігаўны Хілевіч Яна Юшкевіч, вучаніца Валянціны Пятроўны Шумскай Дар’я Жамойдзік, вучаніца Святланы Іванаўны Бубен Кацярына Барысенка. Усе яны дастойна прадтавілі сваю альма-матэр на конкурсе. Ёсць сярод прадстаўнікоў Дзятлаўскай школы мастацтваў і  лаўрэты конкурсу імя К. Горскага. Трэцяе месца заняў юны гітарыст Уладзіслаў Хіркоўскі. Дыпломам першай ступені адзначана Караліна Капковіч.

IMG_0005

Сёння ў гэтай упэўненай у сабе дзяўчыне цяжка пазнаць тую дзяўчынку, якая толькі-толькі прыйшла займацца ў школу мастацтваў.

— Маленькая ростам, мініяцюрная, аднак адораная  вялікім талентам, — узгадвае  першыя ўражанні  пра сваю вучаніцу яе настаўніца Ірына Пятроўна Сідорчык. — Яна год за годам удасканальвала сваё майстэрства, дзякуючы сваёй стараннасці і працавітасці.

Вось і перад конкурсам імя К. Горскага Караліна займалася па 4-5 гадзін. Праграму яе выступлення склалі тры п’есы — Франкеля, Захлеўнага, Маліноўскага. Усё выступленне заняло больш за пятнаццаць хвілін — напружаных і напоўненых музыкай.

Выдатная тэхніка, карпатлівая падрыхтоўка, талент, майстэрства канцэртмайстара Наталлі Клімец — усё гэта дало магчымасць Караліне стаць лаўрэатам першай ступені.

Да гэтага ў скарбонцы дасягненняў дзяўчыны былі другое месца на рэспубліканскім конкурсе «ЛьВенок» і на абласным «Новыя імёны», трэцяе — па выніках абласнога конкурсу імя І. Жыновіча,  удзел у рэспубліканскім адкрытым фестывалі-конкурсе цымбалістаў «Сярэбраны звон».

Ігра на цымбалах — толькі адна з граняў музычнага таленту Караліны. Яна спявае, у тым ліку і на раённай сцэне, вучыцца іграць на фартэпіяна і гітары. Акрамя гэтага, Караліна яшчэ ўдзельнічае ў ансамблі «Юніс», які дзейнічае ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *