Рэгістрацыя шлюбу

Падзеі

У Дзятлаўскім раёне за 2015 год зарэгістраваны 198 шлюбаў. Мы жадаем шчасця ўсім маладым і размяшчаем інфармацыю для тых, хто яшчэ толькі рыхтуецца да гэтай падзеі.

Жадаючыя ўступіць у шлюб падаюць заяву аб рэгістрацыі шлюбу ў дзяржаўны орган, які рэгіструе акты грамадзянскага стану, па выбары асобаў, што ўступаюць у шлюб. Заява падаецца мінімум за 3 дні і максімум за 3 месяцы да рэгістрацыі шлюбу. Але ёсць і некаторыя выключэнні: у выключных выпадках, абумоўленых цяжарнасцю, наяўнасцю агульнага дзіцяці або асаблівымі акалічнасцямі, шлюб можа быць зарэгістраваны да заканчэння трохдзённага тэрміну, у тым ліку ў дзень звароту.

Заява аб уступленні ў шлюб запаўняецца пасля гутаркі з працаўніком ЗАГСа і падачы наступных дакументаў: пашпартоў асобаў, якія ўступаюць у шлюб; паведчанняў аб нараджэнні (падаюцца па жаданні, каб паказаць нацыянальнасць); дакумента, які пацвярджае спыненне папярэдняга шлюбу  (рашэнне суда аб скасаванні шлюбу, рашэнне суда аб аб’яве грамадзяніна (мужа) памерлым, рашэнне суда аб прызнанні шлюбу несапраўдным).

Калі ваш будучы муж або жонка – замежны грамадзянін, то апроч указаных дакументаў вам неабходна падаць дакумент аб адсутнасці зарэгістраванага шлюбу з іншай асобай, выдадзены кампетэнтным органам дзяржавы пастаяннага пражывання замежнага грамадзяніна.

За падачу заявы аб рэгістрацыі заключэння шлюбу спаганяецца дзяржаўная пошліна ў памеры адной базавай велічыні – 210 000 рублёў.

А калі рэгістрацыя шлюбу будзе праводзіцца ўрачыста, то апроч дзяржпошліны аплачваецца і паслуга па забеспячэнні ўрачыстай абстаноўкі пры рэгістрацыі заключэння шлюбу ў памяшканні аддзела запісу актаў грамадзянскага стану – 150 000 рублёў.

Просім не блытаць працэдуру падачы заявы аб уступленні ў шлюб з папярэднім запісам, якая мяркуе прызначэнне зручнага часу для падачы заявы аб уступленні ў шлюб і дазваляе вызначыцца з датай і часам цырымоніі.

Рэгістрацыя заключэння шлюбу можа адбывацца і па-за памяшканнем органаў ЗАГСа ў межах устаноўленага рэжыму працоўнага часу, калі выезд працаўніка не перашкаджае дзейнасці органа ЗАГСа. Умовамі правядзення цырымоніі застаюцца захаванне духу сур’ёзнасці і значнасці мерапрыемства, якое праводзіцца, а таксама забеспячэння бяспекі ўсіх удзельнікаў. Пры гэтым канчатковае рашэнне аб магчымасці рэгістрацыі шлюбу ў пэўным месцы за межамі памяшкання аддзела ЗАГС застаецца за яго кіраўніком.

Выезд для рэгістрацыі заключэння шлюбу па-за памяшканнем аддзела ЗАГС здзяйсняецца ў межах Дзятлаўскага раёна. Паслуга па забеспячэнні ўрачыстай абстаноўкі пры рэгістрацыі шлюбу з выездам да месца правядзення ўрачыстасці аплачваецца на падставе дамовы.

Для добрай арганізацыі ўрачыстасці просім вас не забываць аб наступным.

У дзень цырымоніі просім прыбыць вас у ЗАГС за 10 хвілін да прызначанага часу. Не спазняйцеся, памятайце, што вы не адны ўступаеце ў шлюб у гэты дзень, і ваша спазненне можа стаць прычынай сапсаванага настрою іншых маладых. У выпадку спазнення, аддзел ЗАГС змушаны будзе скараціць ваш вясельны рытуал.

В. БАРОДЗІЧ,
начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *