Дзяржаўная абарона дзяцей у ненадзейных сем’ях

Падзеі

Сумеснае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама і каардынацыйнага савета аблвыканкама па кантролі за рэалізацыяй Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 правёў 4 жніўня намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. Пасяджэнне прайшло ў форме відэаканферэнцыі з раёнамі.
Разглядаліся пытанні аб выкананні заканадаўства, якое рэгулюе парадак вядзення адміністрацыйнага працэса ў адносінах да непаўналетніх і іх законных прадстаўнікоў; узаемадзеяння дзяржаўных органаў па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18; алгарытмаў па выпісцы з установаў аховы здароўя нованароджаных, якія сталі папаўненнем у сем’ях, дзе назіраецца сацыяльная ненадзейнасць.
Як падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама, асаблівую занепакоенасць выклікае парушэнне заканадаўства з боку камісій і інспекцый па справах непаўналетніх у адносінах да падлеткаў. Халатнасць і непрафесіяналізм у вядзенні адміністрацыйнага працэса, такія як няпэўнасць фактаў, недакладныя дадзеныя, неправядзенне асведчанняў, запозненае накіраванне матэрыялаў адміністрацыйных справаў у камісіі па справах непаўналетніх, прыводзяць да вынясення незаконных пастановаў. Як заўважыла ў дакладзе старшы памочнік пракурора вобласці Святлана Нанкевіч, за кожным словам, за кожнай юрыдычнай дробяззю стаяць дзіцячыя лёсы, таму пастановы камісіі павінны быць бездакорнымі з пункту гледжання адпаведнасці заканадаўству. Па выніках праверкі, абласная пракуратура вынесла каля дзясятка прадстаўленняў, 17 незаконных пастановаў апратэставаны ў судзе. Каб звесці пралікі да мінімуму, надалей на пасяджэнні камісій па справах непаўналетніх будуць запрашацца юрысты райвыканкамаў.
Былі прэтэнзіі і да работы раённых аддзелаў унутраных спраў. Па словах спецыялістаў, пры затрыманні і дастаўцы ў міліцыю непаўналетніх у пераважнай большасці выпадкаў назіраюцца парушэнні: не фіксуецца у пратаколе час затрымання, несвоечасова інфарміруюцца бацькі аб знаходжанні дзіцяці ў міліцыі, тым больш, непаўналетнія знаходзяцца ў аддзеле ўнутраных спраў больш за тры гадзіны, што недапушчальна.
Што датычыцца прафілактынай работы са “складанымі” падлеткамі, сацыяльна ненадзейнымі сем’ямі, па меркаванні ўдзельнікаў пасяджэння, яе неабходна весці больш актыўна. За шэсць месяцаў 2015 года на тэрыторыі вобласці выяўлены амаль 1500 злачынстваў, учыненых непаўналетнімі. 40% з іх адносяцца да парушэння антыалкагольнага заканадаўства. Як заўважыў Віктар Лісковіч, сёння варта бязлітасна караць прадаўцоў, якія рэалізуюць алкаголь дзецям, і тых дарослых, якія купляюць яго для падлеткаў.
Асаблівая ўвага таксама будзе нададзена нефармальным моладзевым групоўкам. Стаіць задача прадухіліць уцягванне падлеткаў, першакурснікаў розных навучальных установаў у падобныя суполкі.
Пытанне ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта №18 разглядалася на прыкладзе Мастоўскага раёна. Тут у пажары загінулі трое дзетак – сям’я  знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы. Рэкамендацыі па кантролі за ўмовамі жыцця дзяцей, асабліва ў сельскай мясцовасці, за пакрыццём расходаў дзяржаве абавязанымі асобамі далі работнікам Мастоўскага раёна члены каардынацыйнага савета.
Невыкананне алгарытмаў выпіскі з радзільнага дома нованароджаных, бацькі якіх пазбаўлены бацькоўскіх правоў або маюць прыкметы сацыяльнай ненадзейнасці, як паказвае практыка, прыводзіць да самых непрыемных наступстваў. Такі факт адбыўся і ў Дзятлаўскім раёне. Віктар Лісковіч падкрэсліў, што алгарытмы павінны выконвацца без парушэнняў. Больш таго, будзе вывучана пытанне аб выпісцы нованароджанага толькі ў прысутнасці патранажнага фельчара, асабліва гэта датычыцца тых раёнаў, дзе няма сваіх радзільных аддзяленняў.
І. ГАЛОМЗІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *