Р. Голуб: «Жыццё маё ўдалося!»

Падзеі

Выбраць справу сабе па душы і ніколі не пашкадаваць аб выбары — вось сапраўднае шчасце. У гэтым сэнсе поўнасцю шчаслівым чалавекам сябе лічыць былая настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №3 горада Дзятлава Раіса Васільеўна Голуб, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла педагагічнай прафесіі.

Нарадзіался яна на Дзятлаўшчыне, у вёсцы Серафіны ў сям’і лясніка і настаўніцы. Пачатковую школу наведвала ў маляўнічым куточку нашага раёна — вёсцы Вусце, якая знаходзіцца на беразе ракі Маўчадка. Далейшае навучанне прадоўжала ў Нагародавіцкай васьмігодцы, а 9-10 класы скончыла ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава.

Раіса з дзяцінства марыла стаць настаўніцай, дарыць дзецям сваю любоў і цяпло, як гэта рабіла яе матуля. Таму пасля выпускнога балю падала дакументы ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча і паспяхова яго скончыла. Працаваць маладая настаўніца па размеркаванні трапіла на Ашмяншчыну, у Жураўскую васьмігадовую школу. Педагагічны калектыў сустрэў Раісу Васільеўну з увагай, цеплынёй і клопатам, што вельмі важна для пачынаючага педагога. Вопытныя калегі дапамагалі ва ўсім: падтрымлівалі слушнымі парадамі, падказвалі, калі што-небудзь не атрымлівалася, дзяліліся вопытам работы. І вельмі хутка маладая настаўніца ўпэўнілася, што прафесію выбрала правільна і на ўсё жыццё. У 1975 годзе Раіса Васільеўна вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю, паступіла на завочнае аддзяленне Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы на факультэт рускай філалогіі.

Калі скончыла ўніверсітэт у 1980 годзе, вярнулася на радзіму, пачала працаваць у Дзятлаўскай школе-інтэрнаце. У Дзятлаве сустрэла свайго будучага мужа, з якім жыве ужо 34 гады.

З 2008-га па 20011 гады Раіса Васільеўна працавала настаўніцай пачатковых класаў у сярэдняй школе №3 горада Дзятлава. У 2011 годзе дасягнула пенсійнага ўзросту, але працягвае тут працаваць выхавальніцай групы падоўжанага дня. Усе гэтыя гады поруч з ёю працуюць на ніве педагагічнай справы добрыя людзі, вопытныя настаўнікі, сябры і калегі — Алена Мікалаеўна Грыцук, Аліна Казіміраўна Райдзюк, Ганна Уладзіміраўна Андрукевіч, Алена Уладзіміраўна Салаш, Галіна Мікалаеўна Герус. У любы момант яны гатовыя падтрымаць, дапамагчы, падзяліцца радасцю. Раіса Васільеўна сёння шчаслівая ад таго, што знаходзіцца сярод калегаў, патрэбная дзецям, што можа перадаць ім свае веды, сваю любоў.

У вольны ад работы час настаўніца любіць працаваць на агародзе, разводзіць кветкі, а таксама бываць у лесе — збіраць ягады і грыбы. А яшчэ Раіса Васільеўна Голуб вельмі любіць падарожжы. Тры разы яна разам з выхаванцамі школы-інтэрната пабыла ў Італіі, наведвала Украіну, адпачывала ў Карпатах, Прыбалтыцы, Расіі.

Раіса Васільеўна з мужам выгадавалі двух выдатных дочак, Наталлю і Алену, маюць унучку. Іх дзеці жывуць і працуюць у Маскве. Дочкі — гэта радасць і любоў бацькоў. Нягледзячы на вялікія адлегласці, дзеці заўжды побач: тэлефануюць штодзень, звязваюцца па Інтэрнэце, часта прыязджаюць дахаты. Дочкі дасягнулі ў сваім жыцці ўсяго, чаго жадалі, і матуля радуецца за іх.

Сёння Раіса Васільеўна Голуб з упэўненасцю можа сказаць: «Жыццё маё ўдалося! І калі б давялося пражыць яго нанова, пражыла б менавіта так, ні аб чым не шкадуючы, нічога не мяняючы».

З цеплынёй і любоўю гавораць аб Раісе Васільеўне яе малодшыя калегі, якія працавалі разам у школе-інтэрнаце.

Таццяна Міхайлаўна Манчук:

— Раіса Васільеўна была для нас прыкладам для пераймання: заўжды пазітыўная, жыццярадасная, чулая і добрая.

Ларыса Анатольеўна Жэгалік:

— Мне пашчасціла працаваць з Раісай Васільеўнай у школе-інтэрнаце з 1996 года, затым мы працавалі разам у сярэдняй школе №3 горада Дзятлава. Я заўжды здзіўлялася яе працавітасці і адданасці дзяцям.

Наталля Станіславаўна Шэршань:

— Я памятаю, што яна заўжды з любоўю прымала ў сваю сям’ю дзетак з інтэрната. Яе выпускнікі Юлія Жыдок і Валянцін Яцкевіч, якія цяпер жывуць у Італіі, часта перадаюць ёй шчырыя прывітанні. Яны памятаюць клопат і цеплыню, якія ім дарыла былая настаўніца.

Таццяна Канстанцінаўна Сянчурына:

— Я віншую маю дарагую сяброўку і калегу Раісу Васільеўну Голуб з юбілейным днём нараджэння. Жадаю ёй моцнага здароўя і заўжды заставацца такой жа жыццярадаснай і актыўнай, якой я яе ведаю.

С. УРБАН,

кіраўнік гуртка «Юны журналіст» СШ №3 горада Дзятлава



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *