«У гасцях у казкі»: чытаем з задавальненнем

Падзеі

У лістападзе 2014 года на Дзятлаўшчыне стартаваў адукацыйны інтэрнэт-праект «У гасцях у казкі», створаны педагогамі Вольгай Міхайлаўнай Старыкавай, настаўніцай СШ №1 горада Дзятлава, і Святланай Іосіфаўнай Кетка, настаўніцай гімназіі №1 горада Дзятлава, для вучняў пачатковых класаў і іх бацькоў. Аўтары праекта паабяцалі ўдзельнікам, што ў «Гасцях у казкі» іх чакаюць знаёмства са светам казак, цікавыя заданні, захапляльныя падарожжы ў свет кніг. І не падвялі: удалы развіваючы праект у хуткім часе ацанілі многія бацькі, ён заваяваў шырокую аўдыторыю, у сетцы Інтэрнэт да конкурсу далучыліся ўдзельнікі з іншых рэгіёнаў нашай краіны і нават з суседняй Расіі.

Аўтары праекта падабралі для дзяцей 10 цікавых казак: «Папялушка» Шарля Перо, беларускую народную — «Лёгкі хлеб», «Бабуля Мяцеліца» і «Беласнежка і сем гномаў» братоў Грым, «Цвецік-сяміцвецік» Валянціна Катаева, «Сустрэча Новага года» Святланы Бондар, рускую народную — «Іван-царэвіч і шэры воўк», «Сярэбранае капытца» Паўла Бажова, «Мяшок яблыкаў» і «Ёлка» Уладзіміра Суцеева. Распрацавалі заданні. Кожны твор і заданні да яго з’яўляліся асобным этапам конкурсу, на выкананне якога адводзілася некалькі дзён. Вынікамі чарговага этапу можна было пацікавіцца, зазірнуўшы ў турнірную табліцу. І ўсё гэта: чытаць казкі, адказваць на пытанні, выконваць заданні, правяраць набраныя балы — дзеці маглі разам з бацькамі або старэйшымі братамі ці сёстрамі ў вольны час, знаходзячыся дома ля камп’ютара.

Вынікі адукацыйнага праекта «У гасцях у казкі» падвялі 17 студзеня 2015 года ў час святочнай сустрэчы, на якую запрасілі ўдзельнікаў конкурсу. Праходзіла мерапрыемства ў актавай зале сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Тут сабралася шмат гасцей, і гэта былі не толькі жыхары нашага раёна, але і нвучэнцы і іх бацькі з Васілішкаў, Ліды, Воранава, Ашмянаў, Росі, Ваўкавыска, Гродна.

Іх гасцінна сустрэлі аўтары праекта Святлана Іосіфаўна Кетка і Вольга Міхайлаўна Старыкава. Але якая ж казка без казачных герояў, таму на ролю вядучай запрасілі яшчэ і Бабу-Ягу (у яе пераапранулася Іна Іванаўна Дзедава, настаўніца СШ №1 горада Дзятлава). Дзеці і іх бацькі актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне і цікавых конкурсах для знаўцаў казак. Усе ўдзельнікі праекта «У гасцях у казкі», якія не сталі пераможцамі, атрымалі дыпломы ўдзельнікаў і прызы. Правільна адказалі на ўсе пытанні, набралі максімальную колькасць балаў і перамаглі ў гульні адразу 69 навучэнцаў. Ім былі ўручаны прызы і дыпломы пераможцаў. Тым, хто не змог прыехаць, узнагароды паабяцалі адаслаць па пошце. Прызамі арганізатараў праекта забяспечылі спонсары: прыватнае выдавецтва «Сібіліна» і выдавецтва «Пачатковая школа».

Хлопчыкаў і дзяўчынак з завяршэннем праекта павіншавалі Т. А. Кулеш, загадчыца раённага метадычнага кабінета, Л. М. Волкава, метадыст аддзела адукацыі спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама. Ад імя выдавецтва «Пачатковая школа» выступіла спецыяліст па маркетынгу С. В. Мітраковіч. Яна пажадала школьнікам і надалей сябраваць з кнігай, каб развівацца і паспяхова вучыцца, падзякавала аўтарам за выдатны праект і плённае супрацоўніцтва. Дарэчы, пасля свята бацькі школьнікаў мелі магчымасць азнаёміцца з літаратурнымі навінкамі ад выдаецтва «Пачатковая школа» і набыць для хатняга чытання кнігі, якія іх найбольш зацікавілі.

Напрыканцы мерапрыемства карэспандэнтка газеты задала аўтарам адукацыйнага праекта «У гасцях у казкі» некалькі пытанняў:
— Гэта ваш першы сумесны праект?
— Ужо другі. Леташні меў назву «Чытанне з захапленнем» і быў створаны для каманднага ўдзелу вучняў 4-6 класаў. Дарэчы, на рэспубліканскім конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» мы атрымалі за яго дыплом другой ступені.
— Геаграфія ўдзелу была такая ж шырокая, як і сёлета?
— Так. Летась у конкурсе ўдзельнічалі беларускія каманды і школьнікі з шасці рэгіёнаў Расіі. Сёлета актыўнымі былі навучэнцы з Масквы, Свярдлоўскай і Растоўскай абласцей, прынялі ўдзел навучэнцы пачатковых класаў з яшчэ некалькіх расійскіх рэгіёнаў. Беларусы, як вы ўжо ўпэўніліся, таксама зацікавіліся конкурсам.
— Чаму праект «У гасцях у казкі» быў распрацаваны для вучняў 1-2 класаў?
— Мінулагодні праект быў разлічаны на дзяцей ва ўзросце 8-10 гадоў, а цяпер мы вырашылі, што прывіваць цікавасць і любоў да кнігі варта яшчэ ў пачатковых класах. І, як вынік, нарадзіўся інтэрнэт-праект для навучэнцаў 1-2 класаў «У гасцях у казкі».
— Сёлета плануеце ўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт»?
— Магчыма. Але праект «У гасцях у казкі» ствараўся не для ўдзелу ў конкурсе, а для душы, каб парадаваць дзяцей, падарыць ім сапраўдную казку.

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *