Як выхаваць дзяцей таленавітымі?

Падзеі

Поспехі кожнага таленавітага дзіцяці – адлюстраванне матулінай любові і падтрымкі. Напярэдадні Дня маці і Пакрова Прасвятой Багародзіцы матулі таленавітых дзяцей Дзятлаўшчыны дзеляцца з чытачамі газеты сакрэтамі выхавання сваіх дзяцей.

Людміла Іванаўна Дарашкевіч – мама юнай мастачкі Анастасіі Дарашкевіч, выхаванкі Дзятлаўскай школы мастацтваў. Сама працуючы педагогам у СШ№1 горада Дзятлава, Людміла Іванаўна актыўна дапамагае сваім дзецям стаць творчымі і таленавітымі. Яна разам з мужам падтрымала захапленне дачкі маляваннем з самага пачатку, калі тая яшчэ была дашкольніцай, а з першага класа скіравала дзяўчынку ў школу мастацтваў да педагога Жанны Вячаставаўны Лукашэні. Ужо чацвёрты год Насця паспяхова займаецца маляваннем, з’яўляецца дыпламантам разнастайных творчых конкурсаў. Але нават за сценамі школы Людміла Іванаўна і яе сям’я працягваюць эстэтычную адукацыю дачкі: набываюць спецыялізаваныя часопісы, карціны, наведваюць выставы беларускіх мастакоў.

Людміла Іванаўна падзялілася сваім сакрэтам выхавання таленавітых дзяцей:
— Галоўнае – любіць сваіх дзяцей, падтрымліваць усебаковыя інтарэсы, не перашкаджаць займацца любімай справай. Не трэба прымушаць дзяцей рабіць тое, што падабаецца бацькам, няхай рэалізуюць сябе самі. Але калі ты бачыш, што твайму сыну ці дачцэ штосьці падабаецца, трэба стварыць усе ўмовы, каб яны маглі сябе праявіць. У кожнага дзіцяці павінна быць сапраўднае дзяцінства, і я не хачу, каб мая дачка станавілася дарослай раней, чым ёй гэта трэба. Таму ні я, ні муж ніколі не робім ніякага ўціску на выбар дзяцей, будуючы адносіны ў сям’і прыязнымі і раўнапраўнымі.

Валянціна Віктараўна Аніскевіч – мама таленавітай скрыпачкі Анастасіі Аніскевіч, удзельніцы ансамбля “Зорачкі” з пасёлка Гезгалы. Валянціна Віктараўна выхоўвае чатырох дзяцей (малодшай дачцэ – толькі чатыры месяцы), аднак жанчына знаходзіць сілы і час, каб дапамагчы кожнаму з іх.

Яе дачка Насця, вучаніца сёмага класа, займаецца музыкай з пяці гадоў. Па словах мамы, яны з мужам рана заўважылі Насціны здольнасці да спеваў і музыкі. Спачатку аддалі яе ў падрыхтоўчы клас музычнай школы, а праз год дзяўчынка ўзяла ў рукі скрыпку. З таго часу яна займаецца на двух інструментах і някепска з гэтым спраўляецца. Насця Аніскевіч іграе ў ансамблі скрыпачоў “Зорачкі” ўжо не першы год, удала сумяшчае вучобу ў школе з музычнымі заняткамі, а ў будучым збіраецца абраць спецыяльнасць, звязаную з музыкай. Валянціна Віктараўна Аніскевіч актыўна ўдзельнічае ў станаўленні Насці як музыканта і дзеліцца з чытачамі сваім станоўчым вопытам:
— Па-мойму, для дзяўчынкі асабліва важная падтрымка мамы, нават больш, чым для хлопчыка. Напрыклад, мая Насця вельмі мяккая па характары, спакойная, таму ў справах адказных ёй патрэбен невялікі мацярынскі штуршок: дзесьці трэба настаяць, а недзе падбадзёрыць, пахваліць, скіраваць на мэту. Дзеці маюць асаблівую патрэбу ў падтрымцы на пачатковым этапе, калі многае не атрымліваецца. Цяпер жа ўсё адбываецца наадварот: часам мне падаецца, што нагрузка для маёй скрыпачкі занадта вялікая, тады яна сама мяне пераконвае: “Мамачка, вось пабачыш, у мяне ўсё атрымаецца, я спраўлюся”.

Алена Пятроўна Шэлятун – мама не толькі спартыўна адоранага юнака Яфіма Шэлятуна, але і двух яго братоў, кожны з якіх па-свойму таленавіты. У мінулым годзе Яфім стаў чацвёртым у рэспубліцы сярод спартсменаў свайго ўзросту ў лёгкаатлетычных дысцыплінах, два гады запар ён з’яўляецца абсалютным чэмпіёнам раёна па скачках у вышыню і ў даўжыню. Адметнасць таленту Яфіма ў тым, што ён развіты вельмі рознабакова: хлопец добра вучыцца, па татавым прыкладзе віртуозна іграе на ўдарных інструментах, удзельнічае ў наваельнянскім аркестры (нават спецыяльна прыязджаў у райцэнтр, каб даць дарослым майстар-клас па барабаннай ігры). А тое, што Яфім яшчэ і выдатны спартсмен, высветлілася толькі пасля ўдзелу ў чарговай раённай спартакіядзе, дзе ён паказаў бліскучы вынік. Яфім ужо сёння выбраў для сябе будучую прафесію, якая звязана не з музыкай і не са спортам, а з медыцынай, у якой працуюць многія з сям’і Шэлятуноў.

Алена Пятроўна разважае, наколькі важная для таленавітага юнака мацярынская падтрымка:
— Вы пытаецеся, ці давяраюць юнакі свае сакрэты маме? Усё нашмат прасцей: у маіх сыноў проста няма сакрэтаў. На маю думку, мамам з хлопчыкамі таму і проста, што яны вельмі адкрытыя, без аніякіх таямніцаў. У нашай сям’і пануе дружба, узаемная падтрымка; у нас няма загадаў, але ёсць просьбы і прапановы. Каб дзеці былі шчаслівыя і раслі таленавітыя, патрэбна зусім не шмат: любоў, увага бацькоў і ўдзел у іх жыцці.

Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *