Равеснікі Канстытуцыі. Мы вяртаемся да каранёў

Важнае Грамадства

15 сакавіка беларусы адзначаюць дзяржаўнае свята – Дзень Канстытуцыі.

Гісторыя яго існавання налічвае менш за тры дзесяцігоддзі, аднак за гэты час вырасла і рэалізавала сябе цэлае пакаленне маладых, амбіцыёзных, творчых беларусаў. У праекце газеты “Перамога” знаёмім вас з равеснікамі Канстытуцыі.

Нездарма Беларусь і жанчына – словы жаночага роду.  Як наша родная краіна з’яўляецца клапатлівай матуляй для кожнага свайго дзіцяці, так і кожная беларуска – берагіня хатняга ачага, крыніца натхнення і прадаўжальніца жыцця на зямлі. Жанчыны паспяваюць і дзяцей гадаваць, і адказна працаваць, і нават грамадскімі справамі займацца. Адна з такіх маладых абаяльных матуляў, Наталля Кулеш, працуе сакратаром у прыёмнай кіраўніка КСУП “Жукоўшчына”.

“Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы”, – казалі нашы продкі, з якімі пагадзілася Наталля Іванаўна і пасля вучобы ў Неманскім прафесійным ліцэі вярнулася на радзіму ў Гезгалы, дзе стварыла сям’ю, уладкавалася на работу, разам з мужам па цаглінцы пачала будаваць сваё шчасце.

– Самае маё вялікае дасягненне, гонар – гэта мая сям’я, – дзеліцца жанчына. – У нас падрастаюць тры цудоўныя дачушкі, я шматдзетная мама. Таксама ёсць работа, якая мне падабаецца, куды заўсёды прыходжу з радасцю, дружны працоўны калектыў, падтрымка мужа ва ўсіх справах і планах – усё, што робіць мяне шчаслівай.

– Ці задумваліся аб тым, што вы – равесніца Кастытуцыі?

– Гэты факт натхняе. Мы – прадстаўнікі новага пакалення, якое расло, праходзіла этапы станаўлення разам з роднай краінай. Як любы шчыры і сумленны грамадзянін Беларусі, прытрымліваюся пазіцыі: захоўваючы – памнажай. Я шчаслівая на сваёй малой радзіме, бо шчасце ў простых рэчах: жыць пад мірным небам, чуць дзіцячы смех, не баяцца за будучыню. Сёння мы павінны берагчы тое, што маем, каб перадаць усё багацце беларускай зямлі наступным пакаленням.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga