Равеснікі Канстытуцыі. Жыццё, памножанае на два

Важнае Грамадства

15 сакавіка беларусы адзначаюць дзяржаўнае свята – Дзень Канстытуцыі.

Гісторыя яго існавання налічвае менш за тры дзесяцігоддзі, аднак за гэты час вырасла і рэалізавала сябе цэлае пакаленне маладых, амбіцыёзных, творчых беларусаў. У праекце газеты “Перамога” знаёмім вас з равеснікамі Канстытуцыі.

У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях служаць разам старшы інструктар-ратаўнік Сяргей Лях і вадзіцель Яўген Лях. Лёс вызначыў братам-двайнятам нарадзіцца ў адзін дзень і з таго часу ісці па жыцці разам.

Іх дзяцінства і школьныя гады прайшлі ў цяперашнім аграгарадку Раклевічы, дзе заўжды ўдваіх былі і ў гульнях, і на ўроках. Па заканчэнні Раклевіцкай школы юнакі вырашылі не развітвацца адзін з адным: паступілі ў Слонімскі прафесійна-тэхнічны каледж, дзе атрымалі спецыяльнасці слесара, вадзіцеля і газаэлектразваршчыка, служылі Айчыне ў вайсковай часці ў Слоніме і разам дэмабілізаваліся.

Выбіраючы першае месца работы, Яўген Лях адразу аддаў перавагу прафесіі ратаўніка-пажарнага, у 2014 годзе паступіў на службу ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Сяргей паспрабаваў сілы ў іншых сферах, але ўжо праз год далучыўся да свайго брата, услед за ім прысвяціўшы сябе пачэснай справе. Яны і цяпер служаць разам у адной змене, заўжды гатовыя падставіць плячо адзін аднаму на баявым заданні, ліквідацыі пажару і ў любой жыццёвай сітуацыі. За ўзорнае нясенне службы Яўген Лях быў адзначаны ў 2022 годзе нагрудным знакам “Выдатнік” і Падзячным лістом старшыні райвыканкама. Кожны год ён дастойна прадстаўляе Дзятлаўскі РАНС на абласных прафесійных спаборніцтвах вадзіцеляў. Сяргей Лях як адзнаку ў 2020 годзе датэрмінова атрымаў чарговае спецыяльнае званне старшыны.

Цяпер абодва браты жывуць у Дзятлаве, сваімі біяграфіямі пацвярджаючы народную прыказку пра жыццёвае прызначэнне сапраўдных мужчын. Сяргей ужо пабудаваў свой дом, у Яўгена жыллё “на падыходзе”, разам яны ўжо не адзін дзясятак дрэваў пасадзілі, а яшчэ ў абодвух падрастаюць сыны-равеснікі, вялікія сябры з самага дзяцінства.

– Якія пачуцці выклікае той факт, што вы – равеснікі Кастытуцыі? – пытаюся ў Сяргея Леанідавіча.

– Адчуваю адказнасць за сваё жыццё і біяграфію перад краінай. Сімвалічна і тое, якую прафесію мы выбралі, бо ратуем жыцці людзей, служым Рэспубліцы Беларусь. Стараемся быць мужнымі, валявымі, загартаванымі. Мы – патрыёты сваёй краіны, у рабоце ратаўніка іначай не бывае.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga