Яны жылі побач з намі. Да 80-годдзя стварэння гета ў Дзятлаве

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сумная дата… Яе не назавеш ні гадавінай, ні юбілеем.

Гэта жудасная трагедыя – знішчэнне больш за 5 тысяч чалавек: дзяцей, сталых людзей, старых… Толькі за тое, што былі яны яўрэямі. Толькі за тое, што фюрару захацелася выразаць гэту нацыю пад корань, не пакінуць жывым нікога, ніводнага “юдэ”, як называлі яўрэяў нацысты. Такая з’ява ў гістарычнай тэрміналогіі называецца генацыдам. Перажылі яе ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўсе да аднаго яўрэі горада Дзятлава.

Вікіпедыя тлумачыць: “Гета ў перыяд Другой сусветнай вайны – жылыя зоны на падкантрольных нямецкім нацыстам і іх саюзнікам тэрыторыях, куды гвалтоўна перамяшчалі яўрэяў у мэтах ізаляцыі іх ад неяўрэйскага насельніцтва. Гэта ізаляцыя была часткай палітыкі так званага “канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання”, у межах якой было знішчана каля 6 мільёнаў яўрэяў”.

Гета ў Дзятлаве было створана 22 лютага 1942 года. Туды нацысты сагналі ўсіх местачковых яўрэяў. Паводле ўспамінаў тых, хто выжыў, знаходзілася яно ў цэнтры мястэчка, на месцы, дзе зараз размешчаны будынкі гімназіі, музея, былога райкама партыі. Колькі дамоў уваходзіла ў гета, дакладна невядома, але да нас дайшлі ўспаміны Рубіна Пінскі, жыхара Канады, дзе ён расказвае пра жудасныя ўмовы ўтрымання ў гета: “У лютым 1942 года, праз 8 месяцаў нямецкай акупацыі, яўрэйскім і польскім рабочым загадалі рабіць плот вакол цэнтра Дзятлава. Так стварылася гета. Я вярнуўся з будоўлі ўжо тады, калі ўсе мае родныя жылі ў гета. Сям’я жыла ў доме, дзе размясцілі каля 60 яўрэяў (плошча дома складала 80-90 квадратных метраў). Не было як прайсці паўз людзей, не тое каб раскласці рэчы або легчы спаць.

Выходзіць з гета не дазвалялася. Некаторыя яўрэі мелі спецыяльныя пропускі, але гэта былі тыя, каго прымушалі працаваць на “карысць нямецкай арміі”. Такі дазвол быў і ў мяне, таму я мог зрэдку прабрацца ў свой дом на Слонімскай вуліцы і ўзяць бульбу са схованкі. Браў столькі, каб можна было схаваць на сабе і прайсці незаўважаным. Такая рызыка каштавала дорага, бо на тэрыторыю гета забаранялася праносіць якую-небудзь ежу. Калі яўрэя лавілі вартавыя, большую частку ежы яны забіралі сабе, а калі нямецкія – “кантрабандыста” дапытвалі і расстрэльвалі”.

Жыццё ў гета з кожным днём пагаршалася – меншалі харчовыя пайкі, пачаліся аблавы.

Альтар Дварэцкі, яўрэй, які ўзначальваў Юдэнрат, яўрэйскі орган самакіравання ў гета, разумеў, што трэба шукаць нейкае выйсце. Тады ён вырашыў стварыць са шматлікіх яўрэяў, якія хаваюцца ў лесе, партызанскі атрад. Любую зброю, якую ўдавалася здабыць, перапраўлялі ў лес. Людзі ў гета ўжо не маглі супраціўляцца: голад, хваробы, што ўзніклі ў выніку антысанітарыі, здзек фашыстаў абяссілілі іх.

Але супраціўленне ў дзятлаўскім гета было. Альтар Дварэцкі і начальнік яўрэйскай паліцыі Абрам Альперт узначальвалі яго. Рыхтаваўся напад на фашыстаў, у час якога планавалася большую частку яўрэяў гета пераправіць у лес.

29 красавіка 1942 года Шалом Піўлун, яўрэй з гета, у якога быў пропуск, сустрэўся з кіраўніцтвам аднаго з партызанскіх атрадаў, каб дамовіцца пра пакупку некалькіх кулямётаў і старых вінтовак. Яўрэі з гета аддалі амаль усё, што яшчэ было ў іх прыхавана на “чорны дзень”. Але Шалома Піўлуна выдалі. Калі ён забраў зброю, разлічыўся і пачаў адыходзіць, яго акружыў нацысцкі карны атрад. Шалома адвезлі ў нямецкую камендатуру, дапытвалі: немцы хацелі даведацца імёны ўдзельнікаў супраціўлення. Кіраўнікі супраціўлення, не дачакаўшыся Піўлуна, рыхтаваліся да горшага. Вечарам з нацысцкай камендатуры была перададзена запіска, напісаная крывёю: “Я вас не выдаў, ідзіце ў лес і адпомсціце за маю кроў”. Лідары супраціўлення (іх было сямёра) бралі на сябе адказнасць за 2,5 тысячы жыхароў гета. У тую ж ноч дужэйшыя, хто мог хадзіць самастойна, збеглі ў лес.

Пра гэты пабег з гета ў лес расказаў краязнаўцам на пачатку 2000-х апошні карэнны яўрэй Дзятлава Абрам Якаўлевіч Каплан. Яго сям’я таксама шмат дзён і начэй капала “маліну”, яму пад падлогай, каб у час аблавы схавацца там. Перад акцыяй Капланам удалося выйсці з гета, яны накіраваліся ў бок Хадзяўлян, потым трапілі ў Міроўшчынскі лес, а пазней у Ліпічанскую пушчу непадалёк ад Накрышак.

Дзятлаўскае гета знішчалі ў два этапы – у красавіку і жніўні 1942 года. У многіх дакументах і сведчаннях ліквідацыя Дзятлаўскага гета вядома пад назвай “Разня ў Дзятлаве”.

29 красавіка 1942 года немцы арыштавалі Юдэнрат і акружылі гета. На досвітку 30 красавіка ўсім яўрэям загадалі ісці на старыя яўрэйскія могілкі (зараз на гэтым месцы сквер і помнік І. Ю. Філідовічу), якія знаходзіліся ўнутры гета. Немцы і паліцаі пачалі выводзіць яўрэяў з дамоў, збіваючы іх нагамі і забіваючы на месцы тых, хто не хацеў падпарадкоўвацца. Яны адабралі “непатрэбных”, на іх думку, людзей – жанчын, старых і дзяцей, аддзяліўшы іх ад маладых кваліфікаваных рабочых. Каля 1200 адабраных яўрэяў (дакладная лічба да гэтага часу невядомая, а на магіле пазначана 3000) пагналі па вуліцах Дзятлава ў Курпешскі лес. Асуджаныя людзі ішлі, крычалі і галасілі, развітваючыся са сваякамі, а беларусам і палякам нацысты загадалі не высоўвацца з дамоў, і выставілі ўздоўж дарогі ахову з сабакамі.

У лесе ўжо загадзя былі выкапаны ямы, і яўрэяў пачалі забіваць групамі па 20 чалавек. Падчас акцыі нямецкі камісар раёна адабраў тых, хто меў даведку аб набытай прафесіі, а таксама членаў іх сем’яў – дзякуючы гэтаму каля ста чалавек вярнуліся ў гета. Забівалі яўрэяў як немцы, так і паліцаі.

Другое масавае забойства яўрэяў Дзятлаўскага гета пачалося 6 жніўня 1942 года і працягвалася 3 дні. Вязні гета спрабавалі хавацца ў падрыхтаваных “малінах”, але не ўсім пашчасціла застацца незаўважанымі. У выніку гэтых расстрэлаў ад 1500 да 3000 яўрэяў былі забіты і пахаваны ў 3-х брацкіх магілах на новых яўрэйскіх могілках (сучасныя яўрэйскія могілкі на вуліцы Кастрычніцкай). У знішчэнні яўрэйскага насельніцтва Дзятлава ўдзельнічалі салдаты і афіцэры 36-а паліцэйскага батальёна, сфарміраванага ў пачатку 1942 года з добраахвотнікаў на тэрыторыі Эстоніі. Пакінулі жыць крыху больш за 200 яўрэйскіх рамеснікаў-спецыялістаў – іх перавялі ў гета Навагрудка.

Кніга “Памяць. Дзятлаўскі раён” сведчыць, што ўсяго ў красавіку і жніўні 1942 года ў Дзятлаве былі забітыя 3500 яўрэяў.

На гэтым скончылася гісторыя не толькі Дзятлаўскага гета, але і яўрэйскай абшчыны Дзятлава. Усяго за час акупацыі гітлераўцы замучылі і забілі ў Дзятлаве 5800 яўрэяў. Некалькі соцень (па сведчаннях архіваў ізраільскага музея Яд-Вашэм – 500 чалавек) яўрэяў змаглі выратавацца і дажыць да вызвалення ў сямейным партызанскім лагеры, які знаходзіўся ў Ліпічанскай пушчы. Камандзірам атрада, на базе якога існаваў лагер, быў Валянцін Біцько.

Афіцыйныя дакументы захавалі імёны некаторых арганізатараў і выканаўцаў масавых забойстваў яўрэяў Дзятлава: зондэрфюрэр СС Глейман, нямецкі вайсковец Глебка, обер-лейтэнант Убрых, лейтэнанты Кіхлер, Рыдэль і Браўн, обер-лейтэнант Егнсан, капітаны Мальхер и Майдаль (кніга “Катастрофа яўрэяў у Беларусіі”)

Цяжка ўявіць, што гэтыя людзі некалі жылі ў нашым горадзе, радаваліся, кахалі, нараджалі дзяцей. І раптам іх не стала, былі па-драпежніцку забітыя на вачах у тых дзятлаўчан, хто застаўся жыць і сведчыць. Плынь часу ўсё далей адносіць нас ад тых падзей, але мы помнім і будзем помніць кожнага забітага, каб не даць падобнай трагедыі паўтарыцца на нашай зямлі.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: