За новымі ведамі — у новую школу. Званок на ўрок упершыню прагучаў у новым корпусе Казлоўшчынскай сярэдняй школы

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Званок на ўрок у Дзень ведаў упершыню прагучаў у новым корпусе Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

За будаўнічымі метамарфозамі былога будынка Казлоўшчынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя назіралі жыхары гарадскога пасёлка на працягу лета, а дзеці ў сваю чаргу чакалі магчымасці пераступіць парог новай школы.

Новая сучасная школа ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына стане сапраўдным сацыякультурным цэнтрам, і сімвалічна, што адкрыццё новага будынка адбылося ў Год малой радзімы.

Права падняць дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь прадаставілі Максіму Мазалю і Алене Каўрыга, прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў.

З прывітальным словам выступіў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік. Ён адзначыў, што менавіта школа была, ёсць і будзе тым мастком, які злучае сённяшняе жыццё з будучым. Таксама Аляксандр Міхайлавіч павіншаваў настаўнікаў і вучняў з «наваселлем», выказаў падзяку ўсім, хто паспрыяў адкрыццю новага корпуса школы:

— Падзяку хочацца выказаць Гродзенскаму абласному выканаўчаму камітэту і асабліва старшыні, Уладзіміру Краўцову, за аказанае садзейнічанне і дапамогу. Дзякуючы сумесным намаганням абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, будаўнічых арганізацый, педагогаў, бацькоў, Казлоўшчынская сярэдняя школа адпавядае самым сучасным патрабаванням арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Ад раённага выканаўчага камітэта і аддзела адукацыі Аляксандр Дубовік перадаў школе падарункавы сертыфікат на 2000 рублёў.

Павіншаваць землякоў з Днём ведаў і адкрыццём новай школы на сваю малую радзіму прыехаў  памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка. Калісьці ён быў вучнем Казлоўшчынскай сярэдняй школы, а ў былым будынку Казлоўшчынскага ліцэя, які стаў часткай школы, працаваў яго бацька.

— Я многіх тут ведаю, і вялікі дзякуй педагогам, якія доўгія гады выхоўвалі нас. Я вельмі рады, што ў гэтым годзе дзеці прыйшлі ў новую школу. Упэўнены, што наш пасёлак будзе развівацца, тут будзе працягвацца жыццё, — сказаў Юрый Шулейка. Дзякуючы яму, у адным з класаў школы з’явіцца мультымедыйная сістэма для навучання дзяцей.

Дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык звярнуўся з падзякай да ўсіх, хто дапамагаў рэалізаваць будаўнічы праект і падрыхтаваць школу да новага навучальнага года.

Таксама з віншаваннямі выступіў Вадзім Бялятка, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама і старшыня бацькоўскага камітэта школы. Ён адзначыў, што сёлета споўнілася 60 гадоў, як Казлоўшчына набыла статус гарадскога пасёлка. Адкрыццё новай школы — гэта яшчэ адна важная падзея, нават гістарычны момант.

Ад камерцыйнай структуры гарадскога пасёлка Казлоўшчына слова ўзяў Дзмітрый Томчык і прапанаваў фіксаваць школьную гісторыю новым фотаапаратам, які перадаў у якасці падарунка.

Падрымаў віншаванні ўсіх выступоўцаў старшыня КСУП «Войневічы» Сяргей Францішчык. Ад работнікаў камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Войневічы» ён падарыў школе лазерны каляровы прынтар.

У Дзень ведаў у дзяўчынак і хлопчыкаў асаблівы настрой, але самым запамінальным і хвалюючым гэты дзень будзе для маленькіх вучняў — першакласнікаў. З 1-га верасня яны пачалі сваё займальнае падарожжа ў свет ведаў.

Штогод усе першакласнікі нашай краіны атрымліваюць падарункі — кнігі  «Беларусь — наша Радзіма». Гэтыя кнігі ўрычылі маленькім школьнікам 11-класнікі, якім засталося зусім няшмат часу да развітання са школай.

Ад старшыні райвыканкама дырэктар Казлоўшчынскай школы  атрымаў вялікі ключ — сімвал новых адкрыццяў, а самым урычыстым і доўгачаканым момантам свята стала перарэзванне чырвонай стужкі.

Цяпер за новыя парты Казлоўшчынскай школы будуць садзіцца каля 250 вучняў.

Для правядзення капітальнага рамонту з розных крыніц было выдзелена нямала грашовых сродкаў. Адрамантаваны дах, харчблок, набыта новае кухоннае абсталяванне, камп’ютарная тэхніка, праведзена замена вокнаў. У светлых і прасторных вучэбных кабінетах устаноўлена новая школьная мэбля.

Юлія БАКУНОВІЧ



1 комментарий по теме “За новымі ведамі — у новую школу. Званок на ўрок упершыню прагучаў у новым корпусе Казлоўшчынскай сярэдняй школы

  1. Супер. Как приятно, что есть забота о детях, а нашем будущем поколений. СПАСИБО Всем, кто участвовал в честь такого знаменательного дня Знаний 1 сентября. Огромное СПАСИБО Вадиму Белятко, за участие в подготовке к учебному году.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *