Як галасуюць людзі з праблемамі зроку

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Чырвонаармейскі выбарчы ўчастак № 11 размешчаны ў першай дзятлаўскай школе. Таму на перапынках там гаманліва.

У першыя дні датэрміновага галасавання школьнікам-пачаткоўцам, якія да гэтага не бачылі абсталявання для выбараў, было надта ж цікава: што ж тоіцца там – за цёмна-зялёнымі шторамі – можа, якія дзівосы? А калі ўдавалася гарэзам хоць на хвілінку зазірнуць, расчаравана адыходзілі і супакойваліся. Ну, хіба сталамі здзівіш: такое ёсць і ў класах!

А вось асабіста мяне адна рэч зацікавіла – трафарэты. Для людзей з праблемамі зроку.

– Ужо другая выбарчая кампанія не абыходзіцца без гэтага“прыстасавання”, – расказала старшыня выбарчай камісіі  ўчастка №11 Людміла Канавалік. – Раней былі толькі лупы.

Карыстацца трафарэтам людзям з зусім кепскім зрокам ці  невідушчым проста:яны “бачаць” пальцамі, за каго аддаюць свой голас – першага кандыдата, другога, трэцяга або чацвёртага прэтэндэнта, ці наогул супраць усіх. На трафарэце – кружочкі, квадраты і прамавугольнік. Па кружках “чытаецца” кандыдат, у квадрат ставіцца пазначэнне, напрыклад “галачка”, за каго галасуе, а ў прамавугольніку – голас супраць усіх прэтэндэнтаў.

Трафарэт у дзеянні мы не пабачылі. Але пераканаліся ў тым, што для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ствараюцца апошнім часам неабходныя ўмовы.

– У нас кабінкі зроблены прасторныя, — зазначыла старшыня камісіі, — каб можна было туды заехаць і ў калясцы.

Так, можна “заказаць” галасаванне на даму. Але калі чалавек не закрыўся ў чатырох сценах, вядзе, нягледзячы на інваліднасць, актыўны лад жыцця, то і на выбарчым участку для яго павінна быць створана безбар’ернае асяроддзе.

Да нашай размовы далучылася і Валянціна Лейтар, якая прыйшла на ўчастак прагаласаваць датэрмінова.

– Я за сваё жыццё не прапусціла ніводных выбараў. Хутка мой выбарчы стаж будзе з паўстагоддзя. Таму магу па праву сведчыць, што апошнім часам да людзей з абмежаванымі магчымасцямі пачалі адносіцца з належнай увагай. Калі мы, здаровыя людзі, маем магчымасць прыйсці на выбары, то чаму  павінны быць абдзелены інваліды. Хочуць прагаласаваць у дзень выбараў – калі ласка! Хочуць датэрмінова – ёсць магчымасці. І гэта вельмі правільна!

Цяпер раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” налічвае 28 чалавек. А ўвогуле на Дзятлаўшчыне каля 70 чалавек, якія маюць першую ці другую групу інваліднасці па зроку. Па словах  старшыні арганізацыі Святланы Крэйдзіч, яны маюць намер прыняць актыўны ўдзел у выбарах.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: