Праект указа аб назначэнні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў накіраваны ў Саўмін і КДК

Улада

Праект указа аб назначэнні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў накіраваны ў Савет Міністраў і Камітэт дзяржаўнага кантролю, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў час семінара-вучобы для актыву РГА «Белая Русь» па падрыхтоўцы да ўдзелу ў выбарчай кампаніі дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання.

«Праект указа аб назначэнні выбараў ужо накіраваны на ўзгадненне ў Савет Міністраў і Камітэт дзяржкантролю. Пасля атрымання адказу, думаю, што гэта будзе на наступным тыдні, мы яго накіруем кіраўніку дзяржавы для разгляду і падпісання. Мы прапануем, і я думаю, што гэта адзіная верагодная дата па тэрмінах, каб выбары прайшлі ў апошні магчымы дзень — 18 лютага 2018 года», — сказала Лідзія Ярмошына. Усяго ў мясцовыя Саветы будзе выбрана 18 тыс. 111 дэпутатаў.

Яна адзначыла, што выбарчая кампанія дэпутатаў мясцовых Саветаў стартуе праз два тыдні. «Да 23 кастрычніка павінны ўжо былі прайсці сесіі мясцовых Саветаў, якія прынялі рашэнні па колькасці і напаўняльнасці выбарчых акруг. Пасля назначэння выбараў пачнецца працэс утварэння выбарчых камісій», — растлумачыла старшыня Цэнтрвыбаркама.

«Мясцовыя наглядальнікі на мясцовыя выбары не запрашаюцца. Але ў нас захавалася традыцыя, і калі кіраўнік дзяржавы яе падтрымае, то так будзе і на гэтых выбарах, што паслы дзяржаў, якія пастаянна працуюць у Мінску, маюць права ажыццяўляць функцыі міжнародных наглядальнікаў. Думаю, яны папрацуюць не толькі ў Мінску, але і паездзяць па рэгіёнах», — дадала Лідзія Ярмошына.

Старшыня Цэнтрвыбаркама расказала ўдзельнікам семінара аб асноўных аспектах арганізацыі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў і выказала ўпэўненасць у тым, што грамадскія аб’яднанні прымуць актыўны ўдзел у выбарах.

У семінары-вучобе прынялі ўдзел больш за 200 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны: старшыні абласных, раённых арганізацый «Белай Русі» і іх намеснікі, прадстаўнікі органаў выканаўчай улады. Удзельнікі семінара абмеркавалі пытанні, якія іх цікавілі, падзяліліся сваім вопытам і напрацоўкамі, разгледзелі стратэгію ўдзелу «Белай Русі» ў выбарчай кампаніі 2018 года.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *