17 верасня — Дзень работнікаў лесу

Падзеі

17 верасня прафесійнае свята адзначаюць людзі, якія сваёй працай памнажаюць лясныя багацці і спрыяюць іх рацыянальнаму выкарыстанню. Дзень работнікаў лесу вядзе сваю гісторыю з 60-х гадоў мінулага стагоддзя.
Лес на Дзятлаўшчыне даглядаюць работнікі Дзятлаўскага лясгаса, плошча якога складае каля 84 000 гектараў. У раёне дзейнічаюць 9 лясніцтваў, лесапункт і цэх.

Асноўнымі абавязкамі вялікай арганізацыі з’яўляюцца лесаразвядзенне, лесааднаўленне, ахова лесу і перапрацоўка драўніны.

Увесну гэтага года Дзятлаўскім лясгасам было пасаджана 108 гектараў культур. Каля 86% ад агульнай колькасці — змешаныя культуры. На плошчы ў 71 гектар пасаджаны лясныя культуры з палепшанымі спадчыннымі ўласцівасцямі. Галоўная парода — сасна. Цвёрдалісцёвых культур пасаджана 10 гектараў. У асноўным гэта дуб.

Ужо другі год лясгас вырошчвае лясныя культуры з закрытай каранёвай сістэмай па фінскай тэхналогіі. Ва ўласнай цяпліцы вырашчаны сеянцы на 13 гектараў.

Кантралюе пасадку і стварэнне лясных культур, аднаўленне лясоў інжынер па аднаўленні Аксана Валадашчык.
На тэрыторыі Гезгалаўскага лясніцтва знаходзяцца дзве цяпліцы, дзе цяпер прабіліся на свет зялёныя хвойныя культуры.

— У гэтым годзе мы пасеялі 109 «вочак» хвоі, на выхадзе плануецца атрымаць, як мінімум, 70 000 сеянцаў з закрытай каранёвай сістэмай. Магчыма, атрымаем больш, чым запланавана — каля 85 000, паколькі сеянцы дасягнулі нарматыўных паказчыкаў, — распавядае Аксана Валадашчык.

Сеянцы саджаюць з дапамогай новага прыстасавання: пасадачнай трубы, якая дазваляе апускаць у зямлю флянцы з закрытай каранёвай сістэмай у эрганамічна правільным становішчы і з максімальнай прадукцыйнасцю. Такая труба забяспечвае хуткасць і зручнасць пасадкі.

Па словах Аксаны Міхайлаўны, паказчыкі ўраджайнасці сёлета вышэй, чым у мінулым годзе, і па якасці, і па колькасці.

Кожны год лясгас закупляе кампазіцыйны раствор для апрацоўкі каранёвых сістэм і апрацоўвае сеянцы.

У Гезгалаўскім лясніцтве ў 2005 годзе створана плантацыя карэльскай бярозы. Тэкстура драўніны мастацкая, таму такі тып бярозы мае асаблівую каштоўнасць. Карэльская бяроза шырока выкарыстоўваецца ў мэблевай прамысловасці і саматужных промыслах.

Дзятлаўскі лясгас займаецца дрэваапрацоўкай ва ўласным цэху, дзе працуюць 40 чалавек. Штомесяц перапрацоўваецца 2000 кубаметраў лесу і атрымліваецца дошка добрай якасці. Палова вырабаў ідзе на экспарт у Германію, Польшчу, Літву. Трэба адзначыць, што вытворчасць у цэху безадходная: з адходаў лесапілавання робяць дранку, якую прадаюць за мяжу і на ўнутраны рынак, а з пілавіння робяць паліўныя брыкеты.

Цэх драўнінай забяспечвае лесапункт. Там штогод нарыхтоўваецца ў сярэднім 110 000 кубаметраў матэрыялу.
Для таго, каб нарыхтоўваць драўніну механізаваным спосабам, у распараджэнні лясгаса ёсць комплексы: харвестары беларускай і шведскай вытворчасці, а таксама фарвардары (тралёвачныя машыны). У гэтым годзе работнікі лесу асвоілі новую тэхніку — шведскі комплекс Vimek, які працуе на маладняках. Аналагаў такога комплексу ў Беларусі пакуль няма.

Даходы лясгасу прыносіць і паляўнічагаспадарчая дзейнасць. На Дзятлаўшчыну прыязджаюць паляўнічыя не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы.

Ёсць вальер для ўтрымання ланяў, а ў гэтым годзе ў Дзям’янаўскім лясніцтве плануецца стварыць мікрапапуляцыю зубра з утрыманнем звера ў вальеры. Навукоўцы з Акадэміі навук ухвалілі тэрыторыю, на якой плануецца развядзенне і ўтрыманне зуброў.

Дзятлаўскі лясгас багаты і на мёд, і на бярозавы сок, якім забяспечвае насельніцтва раёна.
Здаецца, што ў лясной арганізацыі ўсё выдатна і без праблем. Але ці так гэта?

— Што тычыцца праблем, то, вядома, яны ёсць. Мяняецца клімат, катаклізмаў усё больш. У гэтым годзе пайшло ўсыханне сасновых насаджэнняў. Дрэвы слабеюць, з’яўляюцца розныя шкоднікі лесу. Вяршынны караед — вялікая праблема. Дзятлаўскі лясгас дапамагае Мілошавіцкаму і Лельчыцкаму лясгасам па ўборцы насаджэнняў, якія загінулі, — расказвае дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Аляксандр Ківуля.

Работнікі лясной аховы лясгаса выкарыстоўваюць розныя метады і спосабы ў барацьбе з нядбайнымі ляснымі наведвальнікамі, якія пакідаюць пасля сябе смецце або непатушанае вогнішча.

— Цяпер разам са спецыялістамі на варце аховы лесу дзяжураць і спецыяльныя фотакамеры. Усе яны ўсталяваны ў месцах масавага знаходжання людзей. З дапамогай камер нам удалося зафіксаваць факты знішчэння лясной подсцілкі і выявіць парушальнікаў, — расказвае інжынер па ахове лесу Міхаіл Карэнка.

Дарэчы, пастаяннага месца фотапастак у лясах няма. Фотакамеры ўсталёўваюць там, дзе часцей здараюцца правапарушэнні.

— Камеры рэагуюць на любы рух у любы час сутак. Калі няма сведак, што хтосьці не патушыў вогнішча ці пакінуў пасля сябе смецце, — гэта не значыць, што ён у хуткім часе не атрымае афіцыйную паперу. За студзень-жнівень 2017 года работнікамі Дзятлаўскага лясгаса складзены 32 пратаколы за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства. Сюды ўваходзяць 19 парушэнняў, якія ўстаноўлены з дапамогай фотакамер, — працягвае Міхаіл Аляксандравіч.

Для аператыўнага выяўлення ўзгаранняў у лясным фондзе Дзятлаўскага лясгаса ёсць 4 сістэмы відэаназірання, якія размешчаны на тэрыторыі адміністрацыйнага будынка лясгаса, Гезгалаўскага, Казлоўшчынскага доследна-вытворчага і Рудааварскага лясніцтваў.

Карэспандэнтка газеты пабывала ў Лявонавіцкім лясніцтве, дзе ідуць будаўнічыя работы.

— Будынак лясніцтва стаіць з 1967 года, яго рэканструкцыя была ў 2010 годзе. Цяпер надышла чарга будаваць гаражы для машын, дапаможнае памяшканне, — распавядае ляснічы Лявонавіцкага лясніцтва Анатоль Сліж.

Сам Анатоль Валянцінавіч працуе ў лясной гаспадарцы ўжо 33 гады, 26 з іх — ляснічым. Сваёй справе ні разу не здрадзіў і з гонарам кажа пра тое, што ў іх калектыве ўсе штатныя пасады заняты. Усяго ў Лявонавіцкім лясніцтве працуюць 25 чалавек.

Самае важнае, што можа быць у любой калектыўнай працы, — гэта добрыя ўзаемаадносіны з калегамі.

— Заўсёды ёсць людзі, якія ў патрэбны момант падставяць плячо, таму вялікіх цяжкасцяў у працы няма. У калектыве адносіны складваюцца добрыя. Мы, як у сям’і, падтрымліваем адзін аднаго. І гэта ўсё не толькі на прафесійным узроўні, але і на бытавым, — распавядае намеснік галоўнага бухгалтара Таццяна Муха. Яна 22 гады працуе ў лясгасе. Таццяна Іванаўна ў лясгас трапіла выпадкова, бо не атрымлівала адукацыю, звязаную з лясной гаспадаркай. Скончыла сельскагаспадарчую акадэмію, дзе атрымала добрую падрыхтоўку па бухгалтарскім уліку. Таццяна Іванаўна адзначае, што калі нешта рабіць, то трэба падыходзіць да гэтага адказна, а жадання памяняць сваю прафесію ў яе ніколі не ўзнікала.

— Зладжаная праца калектыву — гэта асноўнае, бо тады мы вырашым усе задачы і справімся з усімі праблемамі. Усім работнікам лесу і іх сем’ям жадаю здароўя, поспехаў і ўдачы ва ўсім! — кажа дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Аляксандр Ківуля і ад душы віншуе калег з прафесійным святам.

За шматгадовую плённую працу ў лясной гаспадарцы і ў сувязі з прафесійным святам Днём работнікаў лесу ўзнагароджаны:

  • нагрудным знакам «Ганаровы лесавод» Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь — Вайцех Мар’янавіч Багдзевіч, інжынер-лесапатолаг;
  • Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь — Леанід Аляксандравіч Нічыпар, майстар лесу Гезгалаўскага лясніцтва;
  • граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь — Таццяна Іванаўна Муха, намеснік галоўнага бухгалтара;
  • Ганаровай граматай Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта — Сяргей Міхайлавіч Гародка, рамшчык дрэваапрацоўчага цэха;
  • Падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта — Лідзія Мікалаеўна Грамадская, бухгалтар Лявонавіцкага лясніцтва.

Ю. БАКУНОВІЧ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *