Святое Прычашчэнне

Падзеі

Святое прычашчэнне Цела і Крыві Хрыста ўмацоўвае адзінства прычасніка з Богам, адпускае яму лёгкія грахі і засцерагае яго ад учынення цяжкіх грахоў. Злучэнне з Ісусам у Найсвяцейшым Таемстве памнажае ў нас Боскую ласку, лечыць наша сэрца ад грахоўных памкненняў, умацоўвае ў барацьбе са спакусамі, робіць нас дастойнымі Уваскрэсення ў славе і жыцці вечным.

Святое Пісанне расказвае, як прарок Ілія ішоў пустыняю і, знясілены, лёг пад дрэўцам. Тады Бог падмацаваў Свайго слугу таямнічай ежай. Анёл абудзіў яго ад сну і сказаў: «Устань, еш і пі» (3 Цар. 19, 5). Ілія ўбачыў побач з сабой хлеб і ваду, ён двойчы еў гэту ежу, дзякуючы чаму ішоў сорак дзён і начэй да гары Божай, Харыва. Гэта таямнічая ежа ёсць правобраз Еўхарыстыі. Злучэнне з Богам у Таемстве Цела Яго і Крыві напаўняе чалавека вялікай сілай, робіць здольным да служэння дзеля славы Божай.

Святая Прычасць улівае ў сэрца душам, схільным да меланхоліі і скаргаў, жаданне жыць і рабіць дабро; пакорнасць жа і цярпенне — схільным да гарачнасці і гневу. Частае Прычашчэнне памнажае ў нашай душы Боскую ласку, дзякуючы чаму мы пачынаем лепш разумець таямніцы нашай веры, наша малітва становіцца ўсё больш неабходнай Богу, бо мы молімся разам з Хрыстом, які прысутнічае ў нашым сэрцы. Частае яднанне з Богам, схаваным у Еўхарыстыі, умацоўвае нашу веру.

Дух Святы шчодра адорвае душу, якая прыступае да Прычашчэння: асвячае яе, суцяшае, умацоўвае ў выпрабаваннях, дае параду ў цяжкай сітуацыі, пасылае душавыратавальныя думкі. Святыя Айцы параўноўваюць злучэнне чалавека з Богам у час Прычашчэння са злучэннем двух кавалкаў расплаўленага воску, якія зліваюцца разам. Святы Аўгусцін кажа, што калі нехта часта спажывае Цела і Кроў Хрыстовыя, то Выратавальнік паступова замяняе яго ў Сябе. Яго думкі, імкненні, намеры і пачуцці становяцца ўсё больш падобнымі на думкі, імкненні, намеры і пачуцці Ісуса.

Адзін чалавек параўнаў ужыванне Цела і Крыві Госпада з пераліваннем крыві. Як хвораму чалавеку жыццёва неабходна пераліванне здаровай крыві, так і кожнаму з нас, хто мае першародны грэх і дрэнныя схільнасці і звычкі, неабходна, каб Бог аднаўляў наша духоўнае здароўе ўліваннем у нас Сваёй Божай Крыві.

Святая Прычасць паслабляе ў нас дрэнныя схільнасці. Хіба магчыма, каб у нас панавала гордасць, калі мы злучаемся з Ісусам. Хіба могуць запляміць нас нясціплыя думкі і пачуцці, калі мы носім у сабе Найсвяцейшага Бога? Хрысціянін пасля прычашчэння не будзе ўжываць свой язык для нясціплых гутарак, вочы для бессаромных поглядаў і вусны для сладастраснасці, не будзе насіць у сэрцы крыўду, але ахвотна будзе прабачаць. Святы Бярнард казаў: «Дзеці мае, калі вы адчуваеце ў сабе менш схільнасці да зла, а больш схільнасці да дабра, падзякуйце Богу Ісусу Хрысту, які ў Святой Прычасці дае вам гэту міласць».
(Працяг будзе)

Ксёндз Андрэй ПЫШЫНСКІ,
настаяцель прыхода Сэрца Пана Езуса ў вёсцы Рандзілаўшчына



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *