18 красавіка — Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных месцаў

Падзеі

Паклонныя камяні

На могілках у вёсцы Горка на ўзвышшы ў лясным масіве ляжаць камяні-валуны. Тры велізарных каменяўтварылі арку. А ў радыусе двух метраў ад аркі ляжыць чацвёрты камень-валун. У народзе арку ахрысцілі «каменныя вароты» або «паклонныя камяні». Прыгледзеўшыся, можна ўбачыць, што ў іх акруглыя згладжаныя формы, не вельмі роўная паверхня. Вышыня камянёў 2 метры 46 сантыметраў, шырыня 3метры. Камяні пакрыты мохам.

Утварэнне гэтай горнай пароды звязана з Сожскім абледзяненнем, якое адбылося 220-130 тыс. гадоў таму назад і займала нашу тэрыторыю. Пад уздзеяннем вады і высокага ціску ільдоў з асадкавых горных парод ішло утварэнне камянёў-валуноў.

Мясцовае насельніцтва лічыць камяні святымі. Існуючыя пра камяні легенды і паданні распавядаюць, што спакон веку прыходзяць людзі да камянёў, каб вылечыцца ад хвароб. Пройдзеш пад «каменнымі варотамі», і пазбавішся ад хваробы. Праўда, лечаць камяні толькі прыстойных людзей і тых, хто прыйшоў з верай у вылечванне. А з-за дрэнных людзей камяні кожны раз урастаюць на некалькі сантыметраў у зямлю.

У свой час «каменныя вароты» былі настолькі высокімі, што пад імі мог свабодна праехаць вершнік. Даўней у Юр’еў дзень тут ладзілі шматлюдныя святы з коннымі спаборніцтвамі. Вершнікі, якія збіраліся з усёй ваколіцы, павінны былі праскочыць праз вароты. Традыцыя ўзыходзіць да часоў Паўночнай вайны, калі Пётр I праязджаў пад каменнымі варотамі на карэце.

Існуе легенда аб тым, што камяні былі варотамі старой царквы. Аднойчы пан вырашыў вылечыць свайго сляпога сабаку. Ён тройчы праехаў на кані пад камянямі, а за ім бег яго сабака. Так ён абразіў святыя камяні, пасля чаго яны сталі асядаць у зямлю. Ад некалі велічнай брамы застаўся толькі невялікі праём, дзе можна толькі прапаўзці.

Яшчэ адна цудоўная ўласцівасць «каменных варот» — часам з камянёў пачынае прасочвацца вада. Людзі кажуць: «Камяні плачуць». Сабраную ваду людзі выкарыстоўваюць для лячэння розных хвароб. Побач з незвычайнымі камянямі раней стаяў праваслаўны храм. Нажаль, да нашага часу ён не захаваўся. Праз гады на гэтым месцы была пабудавана капліца.

У снежні 2002 года рашэннем Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі паклонныя камяні былі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

В. ЛУПАЧ,

навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *