Ушанавалі памяць ахвяраў халакосту

Падзеі

30 красавіка на Дзятлаўшчыне прайшла акцыя памяці, прысвечаная 75-годдзю гібелі яўрэяў Дзятлаўскага гета. У гэты дзень у 1942 годзе яны былі растраляны нацыстамі ў лясным масіве на паўднёвай ускраіне горада.

Ушанаваць памяць загінулых ля брацкай магілы на месцы растрэлу сабраліся навучэнцы старэйшых класаў дзіцячага аддзялення “Баравічок” філіяла “Санаторый Радон” (менавіта за гэтай ўстановай аховы здароўя замацавана пахаванне). Разам з дзецьмі прыехалі іх педагогі, сярод якіх і Жанна Славаміраўна Нагавонская – настаўніца гісторыі, якая шмат гадоў займаецца вывучэннем халакосту на Дзятлаўшчыне. Таксама прыехалі прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны, госці з Расіі, Польшчы, з розных куткоў нашай рэспублікі – тыя, каго з гэтай трагедыяй звязваюць успаміны, і проста людзі нераўнадушныя да памяці бязвінна загінулых. Удзел у сустрэчы прыняў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Міхайлавіч Дубовік.

Першым да прысутных звярнуўся старшыня яўрэйскай абшчыны “Сава Ізраэль” горада Мінска і Мінскай вобласці Міхаіл Якаўлевіч Айнбіндэр:

— Роўна 75 гадоў таму на гэтым месцы адбылася страшная трагедыя. Зверскі былі забіты 2800 яўрэяў, жыхароў Дзятлава. Яны былі мірныя жыхары, жылі тут з беларусамі, займаліся рамёствамі, былі паважанымі людзьмі. Акупанты іх не пашкадавалі.

Для мяне гэта месца мае вялікае значэнне: тут загінуў мой дзядзька, які быў равінам абшчыны. Шмат гадоў мы нічога не ведалі пра яго лёс. У 2001 годзе, дзякуючы кнізе “Памяць” мае сябры Тамара Рыгораўна і Рыгор Барысавіч Кельнеры даведаліся, што мой дзядзька, яго жонка і дзеці тут загінулі. З таго часу кожны год 30 красавіка мы збіраемся тут ушанаваць памяць бязвінна загінулых людзей. Дзякую, што і вы знайшлі час пакланіцца гэтаму месту.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *