Свята ў Казлоўшчыне

Падзеі

Добрай традыцыяй у Казлоўшчыне стала правядзенне народных святаў, вечароў адпачынку, іншых цікавых мерапрыемстваў. Вось і нядаўна ва ўтульнай зале мясцовага кафетэрыя прайшла вечарына, прымеркаваная да Дня абаронцаў Айчыны і Дня жанчын 8 Сакавіка. Ініцыятарамі мерапрыемства выступілі старшыня сельскага выканкама Вадзім Аляксандравіч Бялятка, дырэктар мясцовага Дома культуры Дзмітрый Дзмітрыевіч Міскевіч, старшыня таварыства інвалідаў Валянціна Мікалаеўна Барысік.

Святочны агеньчык наведалі ветэраны вайны і працы, члены таварыства інвалідаў, усе, хто любіць музыку і песні. Гасцямі мерапрыемства былі старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Валянціна Юльянаўна Берднікава, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў Валянціна Расціславаўна Саламевіч, старшыні таварыстваў інвалідаў з Гезгалаў і Наваельні.

Святочны настрой і цёплую атмасферу ствараў традыцыйны народны інтэр’ер: вышываныя і тканыя ўпрыгажэнні, выстава вырабаў з бісеру, кампазіцыі кветак з тканіны і адмысловыя пано, вязаныя кручком узорныя сурвэткі, ручнікі, зімовыя букеты.

Са слвамі прывітання і віншавання да прысутных звярнуліся Валянціна Берднікава, Валянціна Саламевіч, Валянціна Барысік, вядучыя Галіна Аблажэй і Валянціна Бонда. Яны адрасавалі свае пажаданні мужчынам і жанчынам, падзякавалі маці за іх працавітыя рукі, за добрае сэрца і жыццёвы аптымізм. Прагучалі зычанні моцнага здароўя, радасці, шчасця і душэўнага спакою. Шмат добрых словаў было выказана на адрас старшыні сельскага выканкама, дырэктара Дома культуры, старшыні таварыства інвалідаў, прадпрымальнікаў.

На працягу вечара гучала нямала лірычных песень, цікавых вершаў і шчырых пажаданняў. Выхаванцы дзіцячага садка падрыхтавалі цікавую праграму і прыйшлі павітаць удзельнікаў вечарыны. Удзельнікам мерапрыемства дзеці ўручылі сувеніры, зробленыя сваімі рукамі. Ад работнікаў бібліятэкі кожны з прысутных атрымаў кнігу або часопіс у час бяспройгрышнай латарэі. Ад наведвальнікаў аддзялення маладых інвалідаў “Праменьчык” удзельнікам мерапрыемства былі перададзены прыгожыя сурвэткі.

Кожны чалавек асаблівы, самабытны, таленавіты. Казлоўшчынская зямля надзвычай багатая на таленты. Пацвярджэннем гэтаму была выстава народных умельцаў, а таксама чытанне сваіх вершаў, выкананне песень, гумарэсак. Народныя песні гучалі ў выкананні Леакадзіі Мускацінай, Ганны Якаўчык, Святланы Барук. Аб сваім захапленні вязаннем кручком расказала Галіна Марцінчык, пра ткацкія вырабы распавяла Леанарда Сабалеўская, пра майстэрства вышыўкі бісерам – Валянціна Барысік, аб захапленні паэзіяй – Валянціна Бонда, сакрэтамі выпечкі падзялілася Антаніна Кучынская.

Неад’емнай часткай вечарыны было правядзенне конкурсаў, гульняў, якія падрыхтавала Валянціна Бонда. На працягу ўсяго свята гучала прыемная музыка і песні ў выкананні Дзмітрыя Міскевіча.

Святочны агеньчык прынёс усім, хто яго наведаў, задавальненне, прыемныя ўражанні і добры настрой, у зале доўга не змаўкалі песні і задушэўныя размовы.  Людзі добра адпачылі, атрымалі зарад бадзёрасці, далучыліся да цудоўнага свету народнай творчасці.

Напярэдадні надыходзячых святаў хочацца пажадаць усім дабрабыту, здароўя і шчасця, міру на Зямлі. І няхай кожны дзень будзе асветлены промнямі Божай міласэрнасці і любові, сэрца ніколі не смуткуе, а жыццё будзе спакойным і шчаслівым.

Г. Аблажэй, жыхарка гарпасёлка Казлоўшчына



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *