Ірына Сарачынская: “Шчасце, калі блізкія здаровыя”

Падзеі

Напярэдадні самага вясновага свята 8 Сакавіка карэспандэнтка газеты “Перамога” пагутарыла з абаяльнай жанчынай, добрай працаўніцай, мамай пяцярых дзяцей – бармэнам кавярні кінавідэапрадпрыемства “Кінавідэасетка” Ірынай Сарачынскай.

— Ірына Віктараўна, раскажыце пра сябе.

— Значная частка майго жыцця звязана з вёскай Белякі нашага раёна. У гэтай мясцовасці я нарадзілася, вучылася ў школе, у сваёй роднай вёсцы выйшла замуж. Па заканчэнні школы выбрала прафесію педагога і працавала настаўніцай пачатковых класаў. Спачатку ў Яварскай школе, а затым, калі аб’ядналі калгасы і ў мужа стала менш работы, пачалі шукаць перспектывы ў іншым месцы. Усёй вялікай сям’ёй разам з малымі дзецьмі (некаторыя з іх яшчэ наведвалі садок) мы пераехалі ў Засецце, і я стала працаваць у Жукоўшчынскай школе.  

— Як пасля працы ў педагогіцы наважыліся на кардынальныя перамены ў жыцці?

— З педагагічнай працы давялося пайсці, бо прадаўжаць яе не дазваляў стан здароўя. Ды не прывыкла я доўга дома сядзець. Убачыла ў газеце аб’яву, што ў кінатэатры адкрываецца кавярня і патрабуецца бармэн, вырашыла паспрабаваць нешта новае. Спачатку было страшнавата, але дырэктар Юрый Васільевіч Скрабец усё растлумачыў, супакоіў, што нічога страшнага тут няма. Вось ужо два з паловай года тут працую і не шкадую, што адважылася.

— Чым сёння прываблівае кінавідэасетка сваіх наведвальнікаў?

— Акрамя кінасеансаў, якія рэгулярна наведваюць дашкольнікі і школьнікі, мы цяпер праводзім шмат цікавых мерапрыемстваў. Папулярнасцю карыстаюцца Дні нараджэння і дзіцячыя святы з праглядам фільмаў у фармаце 3D, “салодкім сталом” і дыскатэкай і батутам. Навінкай стала правядзенне тэматычных дыскатэк для школьнікаў, праграму якіх рыхтуюць па чарзе навучальныя ўстановы горада Дзятлава. Для шкоьнікаў таксама праводзяцца вытворчыя экскурсіі, у час якіх дзеці маюць магчымасць параўнаць кінаасталяванне, на якім працаваі 20-30 гадоў таму, з сучасным ічбавым. Дя наведваьлнікаў нашай установы прадастаўляецца бясплатны Wi-fi. Новы для нас, але, спадзяюся, пазітыўны – вопыт карпаратыўных святаў для работнікаў арганізацый.

— Ці падабаецца вам новая праца?

—  А чаму ж не? Сумаваць не даводзіцца, бо заўжды ў цэнтры падзеяў. Шмат гадоў я прысвяціла працы з дзецьмі, ды і тут таксама самыя частыя мае кліенты – гэта дзеці і моладзь. Часта бачу тут нават сваіх былых вучняў. Прыемна, што ў “Кнізе прапановаў” на адрас нашай установы запісана ўжо нямала станоўчых водгукаў.

— Мець пяцёра дзяцей – вялізны клопат. Як вы спраўляецеся з гэтым?

— Усё мне было і ёсць па сілах, бо заўжды дапамагае муж. Са старэйшымі трыма дзецьмі ў дэкрэтным адпачынку была я сама, але нядоўга, з малодшымі двума быў муж, а я працавала. Адначасова і будоўлю вялі. Атрымліваецца, што за сваё сямейнае жыццё мы разам з мужам і два дамы пабудавалі ў Беляках і Засецці, і дзяцей выгадавалі. Спадзяюся, мы выхавалі сваіх дзяцей добрымі, спагадлівымі і дастойнымі людзьмі. Сын і дачка ўжо стварылі свае сем’і, яны бываюць у нашым доме частымі гасцямі, астатнія дзеці жывуць разам з намі.

— Як дзеці і муж звычайна вас віншуюць з Днём жанчын?

— Дзеці заўсёды рыхтуюцца да свята загадзя. Старэйшыя набываюць падарункі, малодшыя робяць іх сваімі рукамі. Раніцай, я яшчэ не паспею прачнуцца, а мяне ўжо чакае сюрпрыз – кветкі і падарункі ад самых родных. Усе з самай раніцы віншуюць, цалуюць мяне. 8 Сакавіка, як і ў іншыя значныя святы, у нашым доме традыцыйна збіраецца ўся вялікая сям’я.

— На вашу думку, якое яно, сапраўднае жаночае шчасце?

— Шчасце – гэта добры муж і добрыя дзеці, астатняе само прыкладзецца. Шчасце, калі ўсе блізкія здаровыя. Мабыць, таму я вельмі шчаслівая. Я са спакойнай душой іду на працу і вяртаюся з яе, ведаючы, што дома ўсё добра.

— Што пажадаеце жанчынам у вясновае свята?

— Усім мілым жанчынам жадаю дабрабыту ў сем’ях, вялікай любові ад блізкіх і вясны ў душы.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *