Дзень Вензавецкага сельсавета

Падзеі

Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Вензавецкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета” адбылося ў Вензавецкім сельскім савеце.
У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні сельскіх і пасялковых выканкамаў, кіраўнікі шэрагу раённых арганізацый і службаў, ідэалагічныя работнікі СВК
IMG_4541
Кіраваў работаю мерапрыемства І. Крахмальчык (на фотаздымку справа).

З сацыяльна-эканамічным становішчам Вензавецкага сельскага савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў яго старшыня А. Шымко.

Тэрыторыя сельсавета складае 172 квадратныя кіламетры, з гэтай колькасці 9,1 квадратнага кіламетра займаюць землі 18 паселішчаў, якія налічваюць 788 падсобных гаспадарак, 1750 жыхароў. 1034 (59 працэнтаў) жыхары ў працаздольным узросце, 510 (29 працэнтаў) – пенсіянеры, 206 (12 працэнтаў) – непаўнагадовыя. У сельсавеце жывуць 4 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, 5 колішніх малалетніх вязняў канцлагераў, 58 адзінокіх грамадзян, 280 чалавек жывуць адзінока, 13 шматдзетных сем’яў, 24 няпоўныя сям’і, 82 чалавекі з’яўляюцца інвалідамі 1 і 2 групаў, 6 інвалідаў з дзяцінства.

Самыя буйныя паселішчы – аграгарадок Вензавец (664 жыхары), вёскі Міроўшчына (385) і Сачыўляны (216). У трох паселішчах – Гнаінскія, Жадзейкі, Лагуны – жывуць менш, чым па 10 чалавек. У Міклашах ніхто пастаянна не жыве.

У Вензавецкі сельскі Савет выбраны 11 дэпутатаў. Рабочы орган сельсавета – выканаўчы камітэт – складаецца з 7 чалавек. За кожным членам выканкама замацавана куратарства над той ці іншай сферай грамадскай дзейнасці. Сельскі Савет і яго выканкам дзейнічаюць на падставе Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Вытворча-сацыяльную інфраструктуру сельсавета складаюць СВК “Вензавец”, Дзятлаўская сельгастэхніка, Вензавецкае лясніцтва, Вензавецкі дрэваапрацоўчы цэх Дзятлаўскага лясгаса, аддзяленне і два пункты паштовай сувязі, тры магазіны райспажыўтаварыства, магазін індывідуальнага прадпрымальніка В. Сідорчыка, магазін Дзятлаўскай сельгастэхнікі, комплексна-прыёмны пункт службы быту ў Вензаўцы, Вензавецкая сярэдняя школа-дзіцячы сад, дзіцячы сад, бібліятэка, клуб у Сачыўлянах, Дом культуры ў Вензаўцы, тры ФАПы, дом сацыяльных паслугаў у Сцяткоўшчыне, дзве праваслаўныя царквы.

Медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета забяспечваюць Вензавецкі (абслугоўвае 766 жыхароў), Міроўшчынскі (489) і Яварскі (374) фельчарска-акушэрскія пункты і раённая паліклініка. Медработнікі рэгулярна праводзяць медыцынскае абследаванне ветэранаў вайны, адзінокіх грамадзян і жыхароў, якія жывуць адзінока, аказваюць ім патрэбную медыцынскую дапамогу, праводзяць прафілактычныя гутаркі па здаровым ладзе жыцця. Распрацаваны графікі наведвання медработнікамі грамадзян па месцы жыхарства.

Гадлёвае абслугоўванне жыхароў сельсавета ажыццяўляюць тры стацыянарныя магазіны райспажыўтаварыства, магазін індывідуальнага прадпрымальніка, магазін сельгастэхнікі. У паселішчы, дзе няма стацыянарных магазінаў, рэгулярна прыязджае аўталаўка.

Установы паштовай сувязі, акрамя традыцыйных паштовых паслугаў, аказваюць і дадатковыя. Цераз паштальёнаў можна заказаць і набыць амаль любы тавар.

Комплексны прыёмны пункт раённай службы быту з’яўляецца асновай сэрвісу ў сельскай мясцовасці. Работа КПП дазваляе наблізіць бытавыя паслугі да месца працы і месца жыхарства вяскоўцаў.

Ва ўстановах культуры сельсавета створана 21 клубнае фарміраванне. Імі праводзяцца мерапрыемствы для рознаўзроставых катэгорый насельніцтва – тэматычныя вечары, “агеньчыкі”, абрадавыя святы, святы вёсак, канцэрты.

У Вензавецкай сярэдняй школе-дзіцячым садку і Міроўшчынскім дзіцячым садку выхоўваюцца і навучаюцца 142 дзіцяці і школьнікі.

Важным кірункам дзейнасці сельвыканкама з’яўляецца сацыяльная абарона насельніцтва, асабліва пажылых, маламаёмных грамадзян. У сельсавеце жывуць 58 адзінокіх людзей, 269 чалавек жывуць адзінока. Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму абслугоўвае 48 чалавек: 10 чалавек – на ўмовах частковай аплаты, 38 – на ўмовах поўнай аплаты. У сельсавеце працуюць 5 сацыяльных работнікаў.

Адной з формаў работы сельвыканкама з насельніцтва па месцы жыхарства з’яўляюцца сходы грамадзян. З улікам таго, што не ўсе жыхары сталага веку, асабліва з аддаленых вёсак, могуць прыйсці на сход, работнікі выканкама і актывісты сельсавета штогод практыкуюць падворны абход.

Пры сельвыканкаме функцыянуюць розныя грамадскія фарміраванні – добраахвотная дружына, аглядавая камісія, камісія садзеяння кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях, савет па справах моладзі, савет жанчын, грамадскі пункт аховы правапарадку, інфармацыйна-прапагандысцкая група. Вялікую работу праводзяць старасты паселішчаў, якія з’яўляюцца сацыяльнымі звязнікамі паміж сельвыканкамам і жыхарамі вёсак.

Усе названыя грамадскія фарміраванні ўзначальваюць ініцыятыўныя людзі, якія сумленна ставяцца да выканання грамадскіх абавязкаў. Грамадскія фарміраванні праводзяць прафілактычную работу з ненадзейнымі сем’ямі, сямейнымі скандалістамі, асобамі, якія схільны да злоўжывання спіртнымі напоямі. У дамах грамадзян з групы рызыкі ўстаноўлены пажарныя апавяшчальнікі з вонкавым вывадам сігналу. Пастаянна праводзяцца рэйды-праверкі, складаюцца акты абследавання, якія знаходзяцца на кантролі выканання.

Шмат увагі сельвыканкам надае добраўпарадкаванню паселішчаў. Знесены струхлелыя пабудовы на 62 нежылых сядзібах (2 – у 2015 годзе).

Санітарны парадак на прылеглых да вытворчых аб’ектаў і сацыяльных установаў тэрыторыях падтрымліваюць гэтыя арганізацыі ў установы.

У сельсавеце знаходзяцца тры помнікі загінулым ў Вялікай Айчыннай вайне (догляд іх даручаны мясцовым арганізацыям), пяць грамадзянскіх могілак, дзейнічаюць дзве праваслаўныя царквы.

З жыхарамі шасці паселішчаў – Вензаўца, Міроўшчыны, Гірычаў, Юравічаў, Сачыўлянаў, Явара – заключаны дагаворы на цэнтралізаваны вываз смецця жылкамунгасам. Ахоп насельніцтва дагаворамі склаў 67 працэнтаў. 20,55 кіламетра вуліц паселішчаў перададзена для абслугоўвання Дзятлаўскаму ДРБУ.

З кіраўнікамі вытворчых арганізацый, што месцяцца на тэрыторыі сельсавета, сельвыканкам знайшоў узаемаразуменне і наладзіў супрацоўніцтва.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі мясцовую сярэднюю школу-дзіцячы сад, могілкі, мехдвор, магазін, КПП у Вензаўцы, пабылі ў сельгастэхніцы і дрэваапрацоўчым цэху лясгаса.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Камароў пазнаёміў прысутных з вынікамі анкетнага апытання жыхароў Вензавецкага сельсавета. Найбольш хвалююць мясцовае насельніцтва праблемы працаўладкавання і пасялення моладзі ў аграгарадку і вёсках сельсавета, распаўсюджанасць п’янства сярод мясцовых жыхароў, нізкі ўзровень іх бытавой культуры. Апытаныя адзначылі дрэннае асвятленне вуліц і недастатковае добраўпарадкаванне паселішчаў. Акрамя таго, рэспандэнты адзначылі нястачу месцаў для культурнага баўлення часу ў Міроўшчыне (“закрылі ўсё, нават бібліятэку”), неўпарадкаванае азярцо ў Міроўшчыне, вялікую колькасць механічных дамешкаў у водаправоднай вадзе, неабходнасць рамонту Вензавецкага дома культуры.

Намеснікі старшыні райвыканкама выказалі свае ўражанні ад агляду стану паселішчаў раёна па сельсаветах, у прыватнасці, яны адзначылі:

А. Жыдко (Вензавецкі і Парэцкі сельсаветы) – у Агародніках не было вывезена смецце, што нагрэблі, прыбіраючы сядзібы, і склалі ўздоўж вуліцы, у Разважжы не выдалены фундамент разабранага дома ў цэнтры вёскі, засталіся фундаменты ў Беляках і Сцяткоўшчыне.

Ю. Залеўскі (Дварэцкі і Мяляхавіцкі сельсаветы) – у Харашках не выдалены фундамент, няма належнага парадку каля фермскіх сянажных ямаў, засталіся фундаменты ў Палонцы, па Дварцы істотных заўвагаў няма, па дарозе Баранавічы – Дзятлава трэба рамантаваць аўтобусныя прыпынкі.

М. Мацюкевіч (Наваельнянскі пассавет і Данілавіцкі сельсавет) – вялікая работа зроблена ў Данілавіцкім сельсавеце, у Ахонаве правялі суботнік і трэба прадоўжыць там добраўпарадкаванне, у Наваельні трэба завяршыць выдаленне кучаў пяску, што ляжаць узбоч вуліц. Ёсць заўвага па Рыбаках.

А. Андруцэвіч (Дзятлаўскі сельсавет) – каля дарогі Змяёўцы – Малдуці пустазелле стаіць яшчэ леташняе, у Раклевічах каля старой школы і на гаспадарчым двары СВК не завершана добраўпарадкаванне.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі (Казлоўшчынскі, Войневіцкі, Жукоўшчынскі сельсаветы) – актыўна ідзе работа ў Казлоўшчынскім сельсавеце, усе заўвагі выпраўлены у Гезгалах, не выдалены фундамент у Лозках, сельвыканкаму трэба шукаць нашчадкаў нежылых сядзібаў у Малых і Вялікіх Краглях, каб вызначыць іх лёс; ва ўсіх аграгарадках належыць актыўна рыхтаваць могілкі для перадачы на баланс ЖКГ.

Вынікі Дня Вензавецкага сельсавета падвёў старшыня райвыканкама І. Крахмальчык. Ён, у прыватнасці, засяродзіў увагу прысутных на адсутнасці межавых знакаў земляў сельгасарганізацый – зрабілі і паставілі іх толькі некалькі гаспадарак, да абласных “Дажынак” павінны ўстанавіць усе. Старшыня райвыканкама заклікаў кіраўнікоў несельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый больш актыўна аказваць пасільную дапамогу мясцовым сельгасарганізацыям. І. Крахмальчык падзякаваў за выкананую работу па добраўпарадкаванні Вензавецкага сельсавета старшыні СВК “Вензавец” І. Гульніку і старшыні Вензавецкага сельсавета А. Шымко. Наступны Дзень сельскага савета прызначаны ў Казлоўшчынскім сельскім савеце.

Б. ВАРНА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *