Уборачная кампанія – гэта галоўны экзамен года для ўсіх аграрыяў. Паспяхова здаюць яго хлебаробы Дзятлаўшчыны.

З чарговымі важкімі дасягненнямі на жніве віншаванні і падарункі прымалі работнікі ААТ “Граніт-Агра”. Гэта вадзіцелі, якія перавезлі па тры тысячы тон зерня, – Казімір Рысюк, Яўгеній Хоміч, Міхаіл Нагорны, камбайнеры-тысячнікі – экіпаж Аляксандра Майсейчыка і Арцёма Літвінскага, Андрэя Сёмухі і Сцяпана Кобзева, Аляксандра і Веранікі Шыкасаў, а таксама Сяргей Кардаш, Алег Грыб. Абласную ўзнагароду атрымаў вадзіцель Анатолій Нагорны.

– Віншуем вас з дасягнутымі добрымі вынікамі, – звярнуўся да лідараў жніва намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вадзім Бялятка. – У раёне ўжо перасягнулі экватар уборкі, добрая сёлета ўраджайнасць – і гэта ўсё дзякуючы вашай нястомнай працы. Прыміце вялікую ўдзячнасць за старанні, цярпенне, не спыняйцеся на дасягнутым, імкніцеся да новых перамог. Здароўя, міру, дабрабыту вам.

Павіншаваць аграрыяў прыехаў старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Іван Язэпчык. Пажадаў работнікам хлебнай нівы спрыяльнага надвор’я, важкіх намалотаў і ўсяго добрага. Прыемным прафсаюзным бонусам і імкненнем не збаўляць тэмпы ў рабоце сталі для іх грашовыя сертыфікаты.

Падзякаваў за працу і тое, што ў такі напружаны перыяд, як уборачная кампанія, аграрыі спраўляюцца, даюць цудоўны вынік, старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, уручыў вымпелы лідараў і парадаваў прэміямі.

Далучылася да віншаванняў першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і адзначыла падарункам, дарэчы, ужо трэці раз у гэтым сезоне, маладога вадзіцеля Яўгенія Хоміча.

Дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Уладзімір Лашко выказаў спадзяванне, што такія працоўныя перамогі для хлебаробаў не апошнія, падзякаваў за адказныя адносіны да сваіх абавязкаў і аддзячыў прэміямі.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины

Похожие публикации