Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда ў райвыканкаме правёў асабісты прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію. Да сенатара звярнулася жыхарка горада Дзятлава з пытаннем па аказанні медыцынскіх паслуг. Жанчына наракала на тое, што яе як інваліда нячаста наведвае ўчастковы доктар, а яшчэ яна не мае магчымасці атрымаць курс кропельніц і палепшыць сваё здароўе.

Тлумачэнні па гэтым пытанні ў час прыёму даў галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Віктар Яцкевіч. Ён расказаў, што, па-першае, згодна з медыцынскімі нормамі, інваліды другой групы наведваюцца на даму планава адзін раз на год або па тэлефанаванні часцей. У паліклініку такіх званкоў з просьбай аб візіце доктара не паступала. Па-другое, у нядаўнім часе грамадзянка была на прыёме ў галоўнага доктара, і ёй была прапанавана шпіталізацыя ў аддзяленне для правядзення неабходных медыцынскіх працэдур, ад якой тая адмовілася.

Віктар Казіміравіч адзначыў, што на сёння ў аддзяленні раённай бальніцы ёсць койка-месцы, і яны гатовы ў гэты ж дзень шпіталізаваць грамадзянку для аказання медыцынскай дапамогі, прадаставіць для гэтага машыну хуткай дапамогі і медыцынскае суправаджэнне. На гэту прапанову жанчына катэгарычна адмовілася. Галоўны доктар пакінуў ёй свой кантактны нумар і параіў звяртацца ў Дзятлаўскую ЦРБ, як толькі спатрэбіцца дапамога.

У ходзе работы сенатар пацікавіўся, ці ёсць каму паклапаціцца аб жанчыне. Як высветлілася ў працэсе размовы, у яе дарослыя дачка і сын, якія жывуць не ў Дзятлаве. Сама жанчына, нягледзячы на недамаганне, вядзе актыўны лад жыцця, мае прысядзібны ўчастак, дзе вырошчвае агародніну і травы для сябе і рэалізацыі на мясцовым рынку. Андрэй Пятровіч падзякаваў дзятлаўчанцы за актыўную жыццёвую пазіцыю і пажадаў моцнага здароўя.

У час прыёму да парламентарыя паступіў тэлефонны зварот ад жанчыны са Свіслачы з просьбай аб дапамозе ў змякчэнні пакарання па крымінальным артыкуле ў дачыненні да яе сына. Андрэй Жамойда расказаў, што пытанні прымянення пакарання да асуджаных разглядаліся ў Савеце Рэспублікі. У цяперашні час распрацоўваецца  верагоднасць правядзення амністыі, прымеркаванай да Года жанчыны. Аднак якія катэгорыі асуджаных яна закране, пакуль невядома.

– Асабісты прыём грамадзян – гэта дыялог дзяржавы і грамадзян краіны. Людзі прыходзяць з рознымі хвалюючымі пытаннямі, многія з іх можна вырашыць на мясцовым узроўні. Але мы не адмаўляем нікому, прытрымліваючыся ў сваёй дзейнасці аднаго важнага прынцыпу, на якім засяроджвае ўвагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: для нас няма дробных або другарадных пытанняў. Усе звароты заслугоўваюць увагі і рашэнняў. Таму канструктыўна падыходзім да кожнага выпадку, імкнёмся знайсці кампраміснае рашэнне, хоць гэта і не заўсёды атрымліваецца, – падвёў вынік сустрэчы сенатар.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации