Нацыянальная бібліятэка Беларусі прапануе да размяшчэння ў сельскіх, раённых і абласных школах серыю перасоўных кніжных выставаў “Дзякуй вам, салдаты Перамогі!” у рамках рэалізацыі праекта “Быць годнымі іх Вялікай Перамогі!”, якая ўключае шэсць кніжных экспазіцый:
“Абаронцы цытадэлі над Бугам” –у дзяцей ёсць унікальная магчымасць па старонках кніг серыі “Героі Брэсцкай крэпасці” прайсці гераічны шлях абаронцаў цытадэлі ў ліку якіх: ваенны доктарСцяпан Бабкін, батальённы камісар Мікалай Багацееў, медыцынская сястра Вера Харэцкая, маёр Пётр Гаўрылаў, палкавы камісар Яфім Фамін і іншыя;
“Застацца чалавекам у полымі вайны” – у экспазіцыі, прысвечанай творчасці Васіля Быкава, прадстаўлены творы, напісаныя аўтарам да 1990 года:“Альпійская балада”, “У тумане”, “Жураўліны крык”, “Дажыць да світання” і іншыя. Дапоўнена выстава рэжысёрскімі сцэнарыямі, публікацыямі мастацтвазнаўцаў аб экранізацыі твораў і тэатральных пастаноўках, літаратурна-крытычнымі матэрыяламі;
“Генацыд беларускага народа” – экспануемыя выданні прадстаўлены ў тэматычных блоках: Хатынь – Трасцянец – Азарычы – Брэсцкае, Мінскае і Баранавіцкае гета – Калдычоўскі лагер смерці – Чырвоны Бераг – Ола – лагер смерці “5-ы полк” – Асіповічы – Масюкоўшчына – Урочышча Пяскі. Выданні раскрываюць людзямпраўду з дапамогай чытання справаздач і данясенняў, актаў судова-медыцынскіх аглядаў, паказанняў і пратаколаў апытанняў жыхароў вёсак Малы і Вялікі Трасцянец, былых зняволеных лагера;

“Салют вам, салдаты Перамогі!” – у дадзенай кніжнай экспазіцыі сінтэзавана практычнасць яе выкарыстання педагогамі пры правядзенні заняткаў патрыятычнай тэматыкі: урокаў гісторыі, інфармацыйных і паэтычных гадзін, заняткаў кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, чытацкіх канферэнцый, музейных заняткаў.
“Піянеры-героі” – выстава-альбом, распрацаваны на падставе Маскоўскага выдання 1974 года. З каляровых партрэтаў запрашаюць сучасных дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту пагартаць старонкі сваіх гераічных біяграфій піянеры-героі Ліда Вашкевіч, Саша Калеснікаў, Валодзя Казначэеў, Косця Краўчук, Люся Герасіменка, Бора Кулешын, Саша Кандрацьеў, Міша Гаўрылаў і многія іншыя.
“Памяць – гісторыі, гонар – подзвігу, вернасць – дзяржаве!” – дадзеная экспазіцыя ўключае каля 60-ці выданняў, у ліку якіх: апублікаваныя архіўныя дакументы аб дзейнасці пагранічнай службы, правядзенні разведвальных і контрразведвальных аперацый у тыле ворага, храналагічныя даведнікі, матэрыялы міжнародных навуковых канферэнцый і аналітыка перыядычнага друку, вершы аб вернасці службоваму абавязку, апавяданні, нарысы і ўспаміны салдат правапарадку.
Узгадніць тэрмін размяшчэння перасоўнай кніжнай выставы ў вашай установе адукацыі можна па тэлефоне +375-29-1984183, e-mail: polunchenkoolga@yandex.by.
Вольга ПАЛУНЧАНКА,
галоўны бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, аўтар і кіраўнік праекта
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga