Прыгожыя мясціны заўжды прыцягваюць людзей, асабліва калі яны добраўпарадкаваны і знаходзяцца на тэрыторыі населеных пунктаў. Адным з такіх месцаў прыцягнення на Дзятлаўшчыне стала крыніца ў гонар іконы Божай Маці “Живоносный источник”, якая з’явілася ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына, дзякуючы грамадскай ініцыятыве.

Асвяцілі крыніцу 14 кастрычніка 2024 года ў свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Дзень маці. Удзел у адкрыцці аб’екта прымалі прадстаўнікі раённай улады, дэпутаты, гарпасялкоўцы, духавенства. Лакацыя гэта цудоўная: з-пад зямлі струменіцца вада, для якой абсталявана выбрукаванае каменьчыкамі рэчышча, выведзена труба ў форме крыжа, арганізавана каплічка над міні-калодзежам з купалам, які нагадвае макаўку праваслаўнага храма, побач знаходзяцца два паклонныя крыжы – праваслаўны і каталіцкі, драўлянымі кругляшамі выбрукавана дарожка, ёсць альтанка, купель, алея туяў.

Будаўніцтва ішло паэтапна. У дзень адкрыцця аб’екта старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі патлумачыў рашэнне стварыць зону адпачынку і малітвы:

– Казлоўшчына – унікальнае прыроднае месца, бо ў гарпасёлку ёсць каскад азёр, блізка да паверхні знаходзяцца грунтавыя воды. Такіх крыніц шмат на Дзятлаўшчыне. Старажылы пасёлка памятаюць, што некалькі дзесяцігоддзяў таму тут бурылі свідравіну для гаспадарчых мэтаў, з’явілася моцная плынь, з якой цяжка было справіцца. Вада ўсё паступала, і калі на прамую лінію ў сакавіку 2024 года патэлефанаваў мясцовы жыхар і абазначыў праблему, то было прынята рашэнне добраўпарадкаваць крыніцу. У рэалізацыі праекта прымалі ўдзел многія калектывы і добраахвотнікі, частка грошай была выдзелена са сродкаў суботніка, работы выконвалі сваімі сіламі.

– Першымі на прапанову навесці парадак на праблемнай тэрыторыі адгукнуліся работнікі Дзятлаўскага ПМС на чале з Віктарам Адамчыкам, – расказала аб рэалізацыі праекта старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка. – Асноўным спонсарам было ТАА “Панэкспа” і Павел Сазон, свой унёсак зрабілі мясцовы ўчастак РУП ЖКГ, ТАА “РоданАграПол”, ТАА “Канвіга”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Дзятлаўскі мясакамбінат, жыхары Іосіф Здановіч, Уладзімір Бонда, Віталь Куніцкі, Генадзь Кедук, Уладзімір Сербін. Дэпутацкі корпус раёна набыў дрэўцы, і пасадзілі каля крыніцы алею з маладзенькіх туяў, праекціроўшчык са Слоніма дапамог з ідэяй альтанкі, увасобіла яе ў жыццё ТАА “ЛВК ВУД”. Гарпасялкоўцы і святар Георгій Ярмоліч паўдзельнічалі ў зборы сродкаў на будаўніцтва купелі, неаднаразова ладзіліся працоўныя акцыі, прайшоў суботнік. Агульнымі намаганнямі балоцістая тэрыторыя ператварылася ў маляўнічую лакацыю.

Знакава, што ў дзень асвячэння крыніцы Андрэй Садоўскі перадаў протаіерэю Георгію Ярмолічу, настаяцелю царквы Успення Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Казлоўшчына, абраз-падарунак Дзятлаўшчыне ад горада-пабраціма Курскай вобласці.

У рамках Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Вялікай Перамогі ў красавіку 2025 года, калі ладзіліся рэспубліканскі і раённы суботнікі, адным з аб’ектаў, дзе кіпела работа, была менавіта казлоўшчынская крыніца. Працавалі тут кіраўніцтва і работнікі райвыканкама, дэпутаты, старшыня сельвыканкама, работнікі мясцовага ўчастка РУП ЖКГ.

Яшчэ адна адметная падзея на крыніцы адбылася ўжо ў гэтым годзе: у святочны перыяд паміж Нараджэннем Хрыстовым і Хрышчэннем Гасподнім каля “Живоносного источника” ў Казлоўшчыне асвяцілі купель, якую дзятлаўчане будавалі і добраўпарадкавалі таксама разам. У адкрыцці новага праваслаўнага аб’екта прыняло ўдзел кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, благачынны Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель, работнікі Казлоўшчынскага сельвыканкама, мясцовых арганізацый, гарпасялкоўцы. А ў дзень Хрышчэння ў купель ужо акуналіся вернікі і госці, сярод якіх былі жыхары райцэнтра.

– Заўжды вітаецца, калі прапановы ідуць “знізу” – ад людзей, – зазначае Аляксандр Бараноўскі. – Дзятлаўскі раён неаднаразова прымаў удзел у конкурсе грамадскіх ініцыятыў, пераможцы якога атрымліваюць фінансавую падтрымку на рэалізацыю праекта – 90 % з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, яшчэ 10 % – сродкі ініцыятараў. Не ўсе ідэі былі пераможцамі, тым не менш насельніцтва імкнецца ствараць прыгажосць у родных мясцінах. Ініцыятыва па добраўпарадкаванні крыніцы ў Казлоўшчыне ў конкурсе не ўдзельнічала, аднак, дзякуючы вялікаму жаданню людзей, падтрымцы ўлады, прыватнага бізнесу, дзяржпрадпрыемстваў, агульнаму працоўнаму ўкладу, яна была ўвасоблена ў жыццё. Атрымаўся прыгожы, утульны аб’ект адпачынку, які ўпадабалі многія. Упэўнены, што з надыходам цёплага сезона аматараў палюбавацца на прыгажосць гэтых мясцін, паслухаць спевы птушак, акунуцца стане яшчэ больш. Добрыя справы, якія людзі робяць для сябе, роднага куточка, сваёй краіны, заўжды знойдуць падтрымку.

Ірына СТЫРНІК

Фота з архіва рэдакцыі   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
У сферы адказнасці – якасць тавараў і бяспека спажыўцоў
«Встречная полоса!»

«Встречная полоса!»

12 февраля, 2026
Як захаваць мір?

Як захаваць мір?

12 февраля, 2026

Похожие публикации