На базе Дзятлаўскай раённай бібліятэкі з удзелам спецыялістаў сферы нашай краіны і Расійскай Федэрацыі 26 лістапада прайшоў абласны семінар “Бібліятэка ў фарміраванні рэгіянальнага трэнда”.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, сектар культуры Дзятлаўскага райвыканкама і Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага.
Да пачатку афіцыйнай часткі для гасцей правялі міні-экскурсію па Дзятлаўскай раённай бібліятэцы, дзе пры ўваходзе іх сустракалі спецыялісты ў вобразах Аляксандра Пушкіна і Наталлі Ганчаровай, пазнаёмілі з дзеючымі творчымі выставамі “Жаночы летапіс зямлі беларускай” і “Буцік лепшых беларускіх кніг”.





– Бібліятэкары сёння – не проста людзі, якія выдаюць чытачам літаратуру і добра арыентуюцца ў кнігах, а майстры на ўсе рукі, – зазначыла дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага Марына Ігнатовіч. – Вельмі прыемна, што бібліятэчная сістэма Дзятлаўшчыны і ўся сфера культуры з такой душой, прыгожымі ўстановамі, жывымі сустрэчамі падышлі да семінара, каб удзельнікам было плённа працаваць, а наша задача – падзяліцца з калегамі ведамі і новымі напрацоўкамі, каб укараняць лепшы вопыт у работу бібліятэк усіх раёнаў Гродзеншчыны.

Прысутных павіталі і пажадалі паспяховай работы намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Вадзім Бялятка, загадчыца сектара культуры райвыканкама Таццяна Ваніслаўчык, галоўны спецыяліст аддзела культурна-асветніцкай работы, мастацтваў і навучальных установаў упраўлення культуры аблвыканкама Анастасія Пекар, намеснік гендырэктара – дырэктар па навуцы і інфармацыйных тэхналогіях Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Бабук.






Дырэктару Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вользе Бойка Аляксандр Бабук уручыў сімвалічныя падарункі – брашуру да Года беларускай жанчыны пра кнігі, якія чытаюць беларускі, і ўласную манаграфію “Антрапалогія дзяцінства ў літаратуры ХІХ стагоддзя”, таксама ён анансаваў, што ў часопісе “Бібліятэчны свет” работнікі сферы цяпер змогуць друкаваць свае напрацоўкі.


Адкрыла сустрэчу пасяджэнне круглага стала “Практыка выкарыстання працоўнага заканадаўства ў дзейнасці бібліятэк”. Медыятарам пляцоўкі выступіла інспектар па сацыяльна-эканамічнай рабоце Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Ганна Дробыш. Увага была акцэнтавана на выкананні патрабаванняў працоўнага заканадаўства і іншых нарматыўных актаў пры прыёме на работу па сумяшчальніцтве, сумяшчэнні працоўных абавязкаў, пашырэнні зоны абслугоўвання, скарачэнні пасады, змяненні істотных умоваў працы, прысваенні кваліфікацыйнай катэгорыі, разраду.
Медыятарам па абмеркаванні галоўнай тэмы семінара “Бібліятэка ў фарміраванні рэгіянальнага трэнда” выступіла Марына Ігнатовіч.

Выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Гладарава спынілася на тым, што сёння навучальная ўстанова рыхтуе спецыялістаў пад канкрэтныя патрэбы бібліятэк, у тым ліку на завочнай форме навучання.


Бібліятэку як сацыякультурны цэнтр па развіцці міжгаліновага супрацоўніцтва на прыкладзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прадставіў намеснік начальніка сацыякультурнага цэнтра нацбібліятэкі Павел Гардзяюк. Сярод фарматаў, якія выкарыстоўваюцца і запатрабаваны ў наведвальнікаў, ён назваў вечары музыкі, балі, квэсты для дзяцей, выставы, лекторыі, майстар-класы.
Прафесійны вопыт “Бібліякрос: сваё – значыць лепшае” прэзентавала загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Святлана Магера.

Аляксандр Бабук і Павел Гардзяюк разам з Вадзімам Бяляткам ў рамках семінара азнаёміліся з работай філіяла “Казлоўшчынская гарпасялковая бібліятэка – цэнтр агульнадаступнай інфармацыі”.

Выступленні спецыялістаў у час семінара яшчэ раз пацвердзілі, што сучасная бібліятэка – не проста ўстанова, дзе можна ўзяць кнігу для чытання, а жывая сістэма, якая мяняецца і трансфармуецца з улікам інтарэсаў, патрабаванняў і захапленняў наведвальнікаў, становіцца цэнтрам інфармацыі і захавання гістарычнай і культурнай спадчыны, актыўна выкарыстоўвае лічбавыя тэхналогіі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga