Лічбавізацыя дзяржаўных паслуг у Беларусі набірае абароты. Унікальны ідэнтыфікатар – той самы ключ, які адкрывае доступ да асабістага кабінета на партале e-pasluga.by.
Што гэта за інструмент, каму ён даступны і як аформіць яго за некалькі хвілін, мы спыталі ў кіраўніка службы “адно акно” Дзятлаўскага райвыканкама Станіславы Ганчар.

– Станіслава Станіславаўна, пачнем з галоўнага. Што такое ўнікальны ідэнтыфікатар і для чаго ён патрэбны?
– Унікальны ідэнтыфікатар – гэта сродак строгай аўтэнтыфікацыі грамадзяніна, які ўяўляе сабой спецыяльную пару “лагін і пароль”. У якасці лагіна выступае асабісты ідэнтыфікацыйны нумар, пазначаны ў дакуменце, які сведчыць асобу (пашпарце або ID-карце), а паролем будзе выпадкова згенерыраваны набор знакаў. Ідэнтыфікатар дае права на атрыманне большасці папулярных паслуг у электроннай форме і даступны абсалютна кожнаму.
– Якія канкрэтна магчымасці з’яўляюцца ва ўладальніка такога лічбавага ключа?
– Унікальны ідэнтыфікатар адкрывае доступ у асабісты электронны кабінет на абноўленым партале e-pasluga.by або ў мабільным дадатку “Е-Паслуга”. Гэта персанальны лічбавы офіс грамадзян для зносін з дзяржаўнымі органамі. З яго дапамогай, не выходзячы з дому, можна падаваць заявы аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур; атрымліваць афіцыйныя адміністрацыйныя рашэнні і даведкі; падаваць і адклікаць адміністрацыйныя скаргі; даведвацца важную асабістую інфармацыю. Пералік адміністрацыйных працэдур, заявы па якіх падаюцца ў электроннай форме праз адзіны партал электронных паслуг, вызначаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 мая 2026 года № 221 “Аб адміністрацыйных працэдурах”.
– Хто можа атрымаць ідэнтыфікатар?
– Грамадзянін Рэспублікі Беларусь, замежны грамадзянін і асоба без грамадзянства, якая пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, якой выдадзены дакумент, што сведчыць асобу.
– Многія асцерагаюцца, што афармленне зойме шмат часу. Раскажыце, як выглядае працэдура на практыцы.
– Працэс афармлення займае некалькі хвілін і складаецца з трох простых крокаў. Першы крок – асабісты візіт. Неабходна звярнуцца ў любую службу “адно акно” мясцовага выканаўчага органа, незалежна ад месца рэгістрацыі. З сабой трэба ўзяць дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, ID-карту або від на жыхарства). Другі крок – заява. Спецыяліст службы “адно акно” самастойна ўносіць усе неабходныя даныя (прозвішча, імя, ідэнтыфікацыйны нумар, тэлефон) у праграмны комплекс “адно акно” на падставе прад’яўленага пашпарта або ID-карты. Праграма аўтаматычна фарміруе гатовую заяву. Грамадзяніну застаецца толькі ўважліва праверыць правільнасць унесеных даных і паставіць свой асабісты подпіс. У бланку вызначаюцца базавыя даныя: прозвішча, імя, дата нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар з пашпарта, а таксама дзеючы нумар мабільнага тэлефона беларускага аператара. І трэці крок – актывацыя кабінета. Спецыяліст праверыць даныя, і на нумар мабільнага тэлефона прыйдзе СМС-паведамленне з лагінам і паролем для першага ўваходу. Прызначэнне ўнікальнага ідэнтыфікатара, а таксама фарміраванне часовага пароля ў аўтаматычным рэжыме ў парадку, які вызначаецца аператарам ААІС, ажыццяўляюцца службай выдачы пры выкананні наступных умоў: грамадзянінам прадастаўлены сапраўдны дакумент, які сведчыць асобу; унікальны ідэнтыфікатар грамадзяніну раней не прызначаўся; грамадзянінам пацверджаны факт выкарыстання нумара тэлефона; нумар тэлефона не выкарыстоўваецца з іншым унікальным ідэнтыфікатарам; устаноўлена дакладнасць звестак пра грамадзяніна, указаных у заяве і дакуменце, які сведчыць асобу, пры правядзенні зверкі.
– А што рабіць пасля атрымання СМС? Як увайсці ў кабінет?
– Пасля візіту ў службу “адно акно” грамадзяніну застанецца толькі зайсці на сайт e-pasluga.by, увесці свой ідэнтыфікацыйны нумар з пашпарта і атрыманы ў СМС часовы пароль. Пры першым жа ўваходзе сістэма папросіць замяніць гэты пароль на ўласны.
Для атрымання падрабязнай інфармацыі вы можаце звярнуцца ў службу “адно акно” Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефонах: 6-86-41, 142.
Працуе служба па наступным графіку: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца з 8.00 да 17.00, серада з 8.00 да 20.00 без перапынку на абед. Субота, нядзеля – выхадныя дні. Размяшчаецца па адрасе: г. Дзятлава, вул. Чырвонаармейская, 21 (уваход з тарца).
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga