Тэма

Пачасціліся выпадкі афармлення на анлайн-платформах лізінгавых дагавораў праз доступ да пашпартных звестак грамадзян.

Праблема

Махляры атрымліваюць тавар або грошы, а юрыдычная адказнасць кладзецца на ўладальніка пашпарта.

Слова спецыяліста

Ірына Яновіч, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта:

– У вытворчасці аддзела знаходзіцца крымінальная справа на грамадзяніна Н. Шляхам падману ён рэалізаваў злачынны намер па завалоданні маёмасцю лізінгавай кампаніі праз афармленне на падстаўную асобу дагавора фінансавай арэнды (лізінгу). Злачынца атрымаў тэлевізар і смартфон iPhone 16 Pro, а лізінгавай кампаніі нанесена шкода ў суме каля дзевяці тысяч рублёў.

Варта ведаць

Усё часцей фіксуюцца выпадкі, калі зламыснікі, якія атрымалі доступ да пашпартных даных грамадзян, афармляюць на іх імя лізінгавыя дагаворы праз анлайн-платформы. Ахвяры даведваюцца пра пазыкі выпадкова: па званках калектараў, пасля патрабаванняў аб аплаце ці ў выпадку сапсаванай крэдытнай гісторыі. Такія інцыдэнты пацвярджаюць простую, але жыццёва важную ісціну: свае пашпартныя даныя без неабходнасці называць нельга.

Магчымая схема

Уявім сітуацыю: пацярпелы аднойчы накіраваў скан свайго пашпарта ў адказ на прапанову аб рабоце або пры рэгістрацыі на маркетплэйсе ці для пацвярджэння асобы пры атрыманні бонуса. Праз некаторы час высвятляецца, што на яго аформлены лізінг дарагой тэхнікі ці аўтамабіля праз арганізацыю, якая прымае заяўкі поўнасцю анлайн. Дагавор быў падпісаны дыстанцыйна, тавар ужо накіраваны трэцяй асобе, а плаціць павінен пацярпелы.

Як дзейнічаюць махляры

  • падрабляюць сканы дакументаў;
  •  падключаюць аўтаматызаваныя сэрвісы верыфікацыі, часам нават з несапраўднай біяметрыяй;
  • афармляюць дагаворы ў кампаніях, дзе праверка асобы кліента мінімальная;
  • атрымліваюць тавар або грошы, а адказнасць кладзецца на ўладальніка пашпарта;

Што трэба ведаць

Лізінг – не проста пакупка ў растэрміноўку, а дагавор з юрыдычнымі абавязкамі, які прадугледжвае рэгулярныя плацяжы, адказнасць за захаванасць маёмасці, магчымасць звароту па спагнанне пры пратэрміноўцы аплаты. Калі ён аформлены (нават без ведама), чалавек становіцца даўжніком па законе.

Як абараніць сябе

  • не перадавайце даныя сумніўным арганізацыям: ніхто, акрамя афіцыйных дзяржустановаў, банкаў, правераных наймальнікаў, не мае права патрабаваць пашпарт; 
  • асцерагайцеся “зручных” сэрвісаў: многія мікрафінансавыя кампаніі па скану пашпарта прапануюць імгненнае адабрэнне здзелкі, аднак гэта рызыкоўна і варта разумець, куды накіруюцца дакументы;
  • калі вымушаны прадаставіць копію пашпарта, пазначце на ёй “копія”, для якой арганізацыі і ў якую дату падаецца;
  • не публікуйце дакументы ў сацыяльных сетках, нават з часткова закрытымі данымі, бо серыя і нумар пашпарта – ключ да вашай фінансавай ідэнтычнасці.

Калі пацярпелі ад махляроў

  • захавайце перапіску, скрыны, званкі;
  • пры неабходнасці падавайце у суд, каб прызнаць дагавор несапраўдным.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации