Сацыяльна арыентаваная палітыка Беларусі – гэта клопат пра чалавека на ўсіх этапах яго жыцця. Як яна рэалізуецца на Дзятлаўшчыне, расказаў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка.

Адукацыя

Раённая адукацыйная сетка ўключае 22 установы. Іх матэрыяльна-тэхнічная база пастаянна ўдасканальваецца. У 2025 годзе праведзены капітальны рамонт дахаў гімназіі № 1 горада Дзятлава і Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна, у Гезгалах ажыццяўлялася яшчэ і мадэрнізацыя цеплавых сетак.

Значны аб’ём работ выкананы ў Дварэцкай сярэдняй школе: мадэрнізаваны цеплавыя сеткі, ажыццяўляліся бягучыя рамонты пляцоўкі пад спартыўны комплекс “варкаўт”, асфальтабетоннага пакрыцця бегавой дарожкі і пляцоўкі стадыёна, устаноўлена энергазберагальнае вулічнае асвятленне на сонечных панэлях.

Бегавыя дарожкі і пляцоўка адрамантаваны ў Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А. А. Шаўчук, а ў мясцовым дзіцячым садзе заменены вокны, цяпер ва ўстанове яны ўсе новыя. Тое ж самае ў дзіцячым садзе № 2 горада Дзятлава. Бягучы рамонт харчблока адбыўся ў Казлоўшчынскім дзіцячым садзе, набыта абсталяванне, абноўлены ўнутраная і вонкавая сеткі электразабеспячэння. Бягучы рамонт сістэмы электразабеспячэння выкананы ў сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава. У сярэдняй школе № 1 горада Дзялава імя А. М. Чурылы на шклопакеты заменены 22 акны, адрамантаваны фасад, устаноўлена энергазберагальнае вулічнае асвятленне на сонечных панэлях. У Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся бягучы рамонт даху, адмосткі, вадасцёкаў, франтона, санвузлоў. Раздзявалкі, душавыя кабінкі і санвузлы набылі новы выгляд у Дзятлаўскай ДЮСШ, а таксама ў трэнажорных залах установы заменены вокны.

Якасць адукацыі пацвярджаюць наступныя паказчыкі. У 2025 годзе на цэнтралізаваным экзамене было атрымана шэсць стабальных вынікаў, 15 выпускнікоў 11 класаў былі ўзнагароджаны залатымі медалямі. Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у дзятлаўчан 7 дыпломаў і 3 граматы, у абласным конкурсе даследчых работ “Крыштальная Альфа-2025” – 9 дыпломаў, у рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства” – дыплом ІІІ ступені, у заключным этапе конкурсу навуковых краязнаўчых даследчых работ – ІІ ступені.

Лаўрэатамі абласной прэміі Аляксандра Дубко сталі гімназіст Гардзей Самахвал і навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю.

Філідовіча Вікторыя Яраш. На абласных ваенна-патрыятычных гульнях два дыпломы ІІІ ступені заваявала каманда Казлоўшчынскай сярэдняй школы, а ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе ваенна-патрыятычных клубаў органаў унутраных спраў заняла ІІ месца. Перамагла ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” і была ўдзельніцай міжнароднага культурна-адукацыйнага праекта “Цягнік Памяці” навучэнка Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Аляксандра Якшук. У рэспубліканскім конкурсе на лепшае школьнае лясніцтва бронзавую перамогу атрымала каманда “ЛесКам” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, а Нераўнадушныя сэрцы” з Казлоўшчынскай сярэдняй школы сталі прызёрам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу на лепшы валанцёрскі атрад. У занальным этапе моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі” пераможцамі былі чацвёра дзятлаўчан. Педагогі раёна адзначаны шасцю дыпломамі ў абласным конкурсе відэаўрокаў па вучэбных прадметах, у абласным конкурсе прадметных кабінетаў па прадмеце “Біялогія” Казлоўшчынская сярэдняя школа заваявала дыплом ІІ ступені, педагог Марыя Раеўская з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы занесена ў віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці.

Дзятлаўскаму раённаму цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прысвоены статус апорнай метадычнай пляцоўкі рэспубліканскага метадычнага кластара. У выніку паспяховага ўдзелу ўстановы ў рэспубліканскім конкурсе моладзевых ініцыятыў на атрыманне фінансавага гранта на базе яго адкрыты моладзевы медыяцэнтр “КУБ”.

Медыцына

Асноўная дзейнасць дзятлаўскіх медыкаў скіравана на забеспячэнне даступнай і якаснай медыцынскай дапамогі, прафілактыку захворванняў, прапаганду здаровага ладу жыцця. Сетка медустановаў уключае райбальніцу і паліклініку, дзве гарадскія бальніцы ў Казлоўшчыне і Наваельні, чатыры амбулаторыі, бальніцу сястрынскага догляду аграгарадка Гезгалы на сорак месцаў, пятнаццаць стацыянарных ФАПаў і два перасоўныя, адзін з якіх набыты за сродкі раённага, другі – рэспубліканскага бюджэтаў.

Сфера развіваецца: нядаўна па цэнтралізаваных закупках атрыманы апарат ультрагукавога даследавання высокага класа, заканчваецца капрамонт рэнтгенаўскага аддзялення і паступіў новы лічбавы флюарограф замест ранейшага плёначнага, чакаецца пастаўка ў першым квартале 2026 года мамаграфічнага апарата. У Дзятлаўскай ЦРБ летась адрамантаваны адміністрацыйны паверх, клініка-дыягнастычная лабараторыя, функцыянуе хірургічнае аддзяленне, ёсць эндаскапічны кабінет, будзе і мамаграфічны. У Наваельні прадаўжаецца рэканструкцыя паліклінікі. Аўтапарк ЦРБ папоўнены двума аўтамабілямі медыцынскай дапамогі, адным – хуткай, перасоўным ФАПам. За кошт спонсарскіх сродкаў набыты два новыя мікрааўтобусы. Дзятлаўскі райЦГЭ ў 2025 годзе стаў пераможцам абласнога конкурсу ў нанамінацыі “Лепшы населены пункт, які рэалізуе праект “Здаровыя гарады і пасёлкі” з праектам “Круцілавічы – здаровы аграгарадок”.

Сацыяльная абарона

Год у сферы прайшоў пад знакам мадэрнізацыі матэрыяльнай базы, паслуг, павышэння эфектыўнасці сацыяльнай падтрымкі. Праведзены бягучы рамонт адміністрацыйнага будынка і гаража Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна на суму больш за 217 тысяч рублёў, набыты новы аўтамабіль коштам амаль 200 тысяч рублёў. Рамонт выкананы ў памяшканнях упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, для абедзвюх устаноў набыта новая мэбля.

Памяць

2025 год прайшоў пад знакам 80-годдзя Вялікай Перамогі. У раёне налічваецца 99 формаў увекавечвання.  У 2025 годзе адрамантаваны і добраўпарадкаваны помнікі ва ўрочышчы Цагельня, у Гарадках, на яўрэйскіх могілках райцэнтра выраблены і ўстаноўлены пліты з імёнамі 2370 ахвяр вайны.

Адпачынак і спорт

Культурны патэнцыял Дзятлаўшчыны неаднаразова дэманстраваўся на шматлікіх мерапрыемствах. Унікальныя майстар-класы па ганчарстве і пляценні з лазы праводзяць Анатоль Кардаш і Сяргей Балыкоў, актыўную гастрольную дзейнасць вядзе аматарскае аб’яднанне “ЭлітДанс” (Анатоль Кардаш). Знакавымі мерапрыемствамі сталі баль у Тызенгаўза, адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, упершыню ў Дзятлаве адбыўся адкрыты абласны карнавал-фестываль роставых лялек, у рамках беларуска-расійскага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва прайшла відэаканферэнцыя “Гісторыя і будучыня пабрацімскіх адносін паміж Рэспублікай Комі і Рэспублікай Беларусь” з удзелам народнага ансамбля песні “Зараначка” і народнага тэатра-студыі гульні “Суседзі”.  Дзятлаўская раённая бібліятэка прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Адміністрацыйны рэгіён Беларусі – арганізацыя суайчыннікаў за мяжой” і адзначана дыпломам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь. На каляровы друк пераведзена раённая газета “Перамога”.

Выхаванцы ДЮСШ Вікторыя Яраш і Уладзіслаў Губко сталі рэспубліканскімі пераможцамі спаборніцтваў па алімпійскіх відах спорту па лёгкай і цяжкай атлетыцы, Вікторыя таксама адзначана абласной прэміяй імя А. Дубко. Анастасія Францішчык і Павел Гурскі ўвайшлі ў спісачныя саставы нацыянальных зборных. Жаночая валейбольная каманда перамагла ў абласных спаборніцтвах, хакейная “Алмаз” стала віцэ-чэмпіёнам рэспубліканскіх спаборніцтваў “Залатая шайба”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
У сферы адказнасці – якасць тавараў і бяспека спажыўцоў
«Встречная полоса!»

«Встречная полоса!»

12 февраля, 2026
Як захаваць мір?

Як захаваць мір?

12 февраля, 2026

Похожие публикации