Раённы семінар-прэзентацыя для кіраўнікоў і галоўных аграномаў гаспадарак Дзятлаўшчыны з дэманстрацыяй у полі гібрыдаў кукурузы адбыўся на базе ААТ “Дварэц-Агра” пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Яўгенія Бусько.

Фармат выязной прэзентацыі быў выбраны арганізатарамі невыпадкова: менавіта такое ўзаемадзеянне з’яўляецца найбольш эфектыўным для дэманстрацыі дасягненняў селекцыі, сістэмы абароны і ўгнаення раслін непасрэдна ва ўмовах рэальнай вытворчасці. Паколькі ААТ “Дварэц-Агра” стала сёлета вопытнай пляцоўкай для вырошчвання гібрыдных сартоў кукурузы, то на яго палетках і сабраліся спецыялісты для параўнання вынікаў аграрнага сезона і далейшага выбару пажаданай культуры для сваіх сельгаспрадпрыемстваў.

– Кукуруза на зерне мае шмат рэзерваў, – расказаў намеснік кіраўніка гаспадаркі Дзяніс Тамкевіч. – Мы ставім на мэце павялічыць яе вытворчасць, прычым ідзём па розных кірунках: плюшчанне, карнаж і чыста зерневая кукуруза. Хто мае сухое кукурузнае зерне на продаж, той мае грошы. Аднак для гэтага неабходна ведаць, які гібрыд сеяць, і гэта значнае пытанне. Мы, каб на наступны год павялічыць плошчы пазерневай кукурузы, прычым такой, якая дазволіць пачаць паўнацэнную ўборку з верасня і мець пры гэтым сухое зерне, вясной заклалі дэмаполе, у тым ліку з дапамогай малдаўскага інстытута, які бясплатна прадаставіў лінейку сваіх гібрыдаў. Сёння пачнём уборку і зможам аб’ектыўна ацаніць, што маем па ўраджайнасці і вільгаці. Вынікамі абавязкова падзелімся.

– Сапраўды, ураджайнасць збожжавых сёння складае 35-40 цэнтнераў з гектара, – звярнуў увагу прысутных Яўгеній Бусько. – Калі ж правільна выбраць гібрыд кукурузы, з верасня пачаць жаць, то ў горшым выпадку атрымаецца 80 цэнтнераў з гектара, а ў лепшым – у разы болей. Параўнайце затраты на вырошчванне збожжа і кукурузы – апошняя справядліва выйграе. Кукуруза – гэта энергія, якую можна выкарыстоўваць як на каранаж і плюшчанне для кармоў і высокага малака, так і на зерне. Глебы ў раёне больш-менш аднолькавыя, таму вопыт ААТ “Дварэц-Агра” будзе дарэчы для ўсіх гаспадарак раёна. 

Падрабязна пра свае гібрыды і іх вырошчванне ва ўмовах Беларусі расказалі прадстаўнікі кампаній-пастаўшчыкоў ТАА “Аграфарэвербел” (афіцыйны дылер у Беларусі фірмы з Малдовы) і СТАА “Белросаграсервіс”. Разглядаліся такія сарты, як “парумбень”, “бема”, “катамаран”, “легалас”, іншыя. Затым іх параўналі з гібрыдамі айчыннай селекцыі, якія вырошчваліся сёлета на гэтым жа полі ў аднолькавых умовах. У час прэзентацыі гібрыднай кукурузы па кірунках (на зерне ці на сілас) пагаварылі аб кліматычных выкліках ва ўмовах Беларусі, асаблівасцях вытворчасці. На дзялянках з гібрыдамі ацэньвалі вышыню кукурузы, колькасць пачаткаў на адной сцябліне, шчыльнасць зярнят і глыбіню зярноўкі, запоўненасць пачатка, расказвалі, як правільна ажыццяўлялася сяўба (загушчэнне дрэнна ўплывае на вынік). Пагаварылі і пра агратэхналогіі: патлумачылі схемы абароны ад пустазелля і шкоднікаў, унясення ўгнаенняў.

– Як бачыце, калі сорт правільны, то далейшы гарант поспеху ў настройцы сеялкі, своечасовай сяўбе, праполцы, падкормцы, – падвёў вынік Яўгеній Бусько.

Заключнай часткай семінара стала азнаямленне спачатку з працэсам уборкі, а потым на малочнатаварным комплексе “Раготна” – закладкі каранажу ў “рукаво” на корм жывёле.

Напрыканцы кіраўнікоў і галоўных аграномаў сельгаспрадпрыемстваў раёна заклікалі прасачыць за вынікамі, якія атрымаюцца ў ААТ “Дварэц-Агра” пасля жніва вопытнага ўчастка, і выбраць для сяўбы ў наступным годзе на пасадачны матэрыял больш прыдатныя, высокаўраджайныя і стрэсаўстойлівыя з хуткай аддачай вільгаці гібрыды, каб дасягнуць найлепшага эканамічнага эфекту.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#нашелучшее #нашалепшае 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Чаму не працуюць і на якія сродкі жывуць?
Засцеражы сябе на дарозе!
Наводзім чысціню ў парку

Похожие публикации