Духмяны скарб КСУП “Жукоўшчына”

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Восень – час падводзіць вынікі работы аграрыяў.

Сабраны з палеткаў ураджай збожжавых культур, надышоў час разабрацца з садавіной і агароднінай. У КСУП “Жукоўшчына”, якое спецыялізуецца на вырошчванні яблыкаў, работа ў садзе кіпіць.

– Наша найпершая задача – сабраць усе яблыкі да асенніх замаразкаў, – расказвае брыгадзір вытворчай брыгады на раслінаводстве Алена Васюкевіч. – Павінны паспець закончыць работы да наступнага тыдня, тады прымемся за агарод.

У КСУП “Жукоўшчына” 42  гектары старога саду і 22 маладога, 12 з якіх ужо прыносяць ураджай. У гаспадарцы вырошчваюць духмяныя яблыкі беларускай селекцыі – “Сябрына”, “Алеся”, “Беларускае салодкае”, “Антэй”, “Фрыдом”, пераважна познія гатункі, якія будуць радаваць сваім непаўторным смакам і вітамінамі зімой.

Па словах спецыяліста, сёлетні ўраджай садавіны дастойны: ужо на сёння ён удвая большы за мінулагодні. Беражліва сарваныя з дрэваў плады паступаюць на склад КСУП “Жукоўшчына”, дзе будуць захоўвацца пры аптымальнай тэмпературы і вільготнасці, чакаючы свайго часу. Яблычны апад накіроўваецца на перапрацоўку на Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”.

– Прэзідэнтам краіны пастаўлена задача для сельскай гаспадаркі – закласці трывалы стабілізацыйны фонд.  Менавіта дзякуючы яму ў міжсезонны перыяд у беларускіх магазінах можна будзе набыць агародніну і садавіну айчыннай вытворчасці па даступных цэнах. У гэтым годзе, улічваючы нестабільную сітуацыю на рынку харчавання ў цэлым, аб’ёмы стабфондаў плануецца значна павялічыць, мы таксама ўдзельнічаем у іх стварэнні, – тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Жэгала. – У сховішча ўжо закладзена каля 55 тон нашых яблыкаў.

Клопаты аб садзе і агародзе па душы работнікам КСУП “Жукоўшчына”. Сярод іх – палявод Вячаслаў Шульц, які прыйшоў у гаспадарку з жылкамунгаса тры гады назад і актыўна ўключыўся ў працэс.

– Даглядаем сад і агарод, капаем, абкошваем тэрыторыю, цяпер вось збіраем яблыкі. А зімой, калі сад спіць, праводзім догляд і падрэзку дрэваў, – тлумачыць ён нюансы садаводніцкай справы. – Душа радуецца, калі бачыш добры ўраджай.

У падмогу брыгадзе гаспадаркі на зборы яблыкаў прыязджае працоўны “дэсант” з арганізацый раёна. У работах удзельнічаюць мясцовыя школьнікі, сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава, ветэрынарныя станцыя і лабараторыя.

– КСУП “Жукоўшчына” – наша падшэфная гаспадарка, мы тут частыя госці. Дапамагалі капаць бульбу, летам разам з удзельнікамі працоўнага летніка праполвалі збожжавыя культуры. Вось і сёння прыехалі сюды папрацаваць разам з калектывам ветэрынарнай станцыі, – расказвае настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Алена Саўчыц. – Работа нескладаная, яблыкі прыгожыя, духмяныя, збіраць іх – адно задавальненне. Радуе, што на бліжэйшы кірмаш у продаж паступіць ужо мясцовая прадукцыя. Акрамя таго, айчынная садавіна – абавязковы прадукт у збалансаваным рацыёне школьнікаў. Хацелася б, каб у будучыні ў гаспадарках раёна павялічыліся плошчы садоў і агародаў, а дзятлаўчане былі забяспечаны на зіму ўсім сваім.

Расказваючы аб перспектывах ураджаю садавіны, брыгадзір Алена Васюкевіч запэўнівае:

– Сёлета яблыкаў хопіць усім жадаючым. Набыць іх можна будзе на асенніх кірмашах сельскагаспадарчай прадукцыі, дзятлаўскім рынку, у фірменных магазінах гаспадаркі або пакінуць заяўку ў адміністрацыі КСУП “Жукоўшчына”.

– Ці любяць дзятлаўчане мясцовыя яблыкі? – пытаюся ў яе.

– Яшчэ як! Аб гэтым сведчыць амаль заўсёды ажыятажны попыт на нашу садавіну ў час выязных продажаў.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga