Моладзевыя праекты. Зберагаючы прыродныя рэсурсы, мы захоўваем планету для многіх пакаленняў

Важнае Грамадства

Вядома, што энергія не бярэцца з неадкуль.

Развіццё цывілізацыі суправаджаецца бесперапынным ростам энергаспажывання. Аднак запасы прыроднага паліва (нафты, прыроднага газу, вугалю, торфу) на зямлі абмежаваныя. Мы павінны задумацца над пытаннем рацыянальнага прыродакарыстання, а менавіта, выкарыстання альтэрнатыўных (аднаўляльных) крыніц энергіі (сонца, ветру, цяпла зямлі, натуральнага руху водных патокаў, драўнянага паліва, іншых відаў біямасы, біягазу).

Таму трэба надаваць значную ўвагу зніжэнню ўдзельных паказчыкаў энергазатрат на вытворчасць прадукцыі, выкарыстанне газу, торфу ў побыце, выкарыстоўваючы пры гэтым аднаўляльныя крыніцы энергіі.

У Беларусі актыўна выкарыстоўваюцца перспектыўная ветраэнергетыка, гідраэнергетыка, сонечная энергія, мясцовы від паліва – дровы, але пры гэтым недастаткова – магчымасці энергіі біямасы (раслінаводства).

Ці задумваліся вы над тым, што пачаткі кукурузы (дакладней, ужо вычышчаныя ад зерня) з’яўляюцца высокаэнергетычным відам паліва? Напэўна, не. Адходы кукурузы пры яе вырошчванні ўтвараюцца ў вялікіх аб’ёмах у сельскагаспадарчых прадпрыемствах і на прысядзібных участках.

Пачаткі, вычышчаныя ад зерня, якія ў большасці выкарыстоўваюцца як адходы раслінаводства, могуць служыць энергаэфектыўнай альтэрнатыўнай крыніцай энергіі як на прадпрыемствах і ў арганізацыях, так і ў побыце.

На працягу года я чытаў літаратуру, праводзіў досведы, вывучаў практыку іншых. Адпраўным пунктам для даследавання сталі ўрокі фізікі і назіранне за ўборкай кукурузы з палёў каля аграгарадка Вензавец, у якім жыву. Яшчэ назіраў за гарэннем пачаткаў кукурузы, што ўтвараліся як адходы пасля кармлення дамашніх курэй. Гэтыя назіранні падштурхнулі мяне на ідэю даследаваць магчымасці выкарыстання іх як паліва. Улічваючы, што раней у гаспадарцы карыстаўся ў якасці паліва сухімі дровамі, вырашыў памяняць звыклае паліва на “нязвыклае” – пачаткі кукурузы, вычышчаныя ад зерня. Атрыманае “паліва” прасушыў і змадэляваў досведы для вызначэння ўдзельнай цеплыні згарання катахаў кукурузы (ступені энергаэфектыўнасці). На самаробнай печцы награваў ваду за кошт энергіі, якая вылучаецца пры згаранні сухіх дроў і высушаных кукурузных пачаткаў. Працэс гарэння кукурузы ішоў інтэнсіўна, тэмпература вады змянялася хутка, так як энергетычная магутнасць гэтага віду паліва вышэйшая, чым дроў. Правёў пэўныя разлікі і атрымаў, што ўдзельная цеплыня згарання кукурузных пачаткаў у 1,7 раза перавышае ўдзельную цеплыню згарання сухіх дроў. Як бачым, кукурузныя пачаткі з’яўляюцца больш энергетычным відам паліва. Акрамя таго, дровы складаней нарыхтаваць, яны даражэй каштуюць. Энергаэфектыўнасць кукурузных пачаткаў вызначаецца ступенню вільготнасці, але іх высушыць можна і натуральным спосабам (склаўшы ў скрыні, змясціць на адкрытых сонечных промнях або паблізу крыніцы цяпла – катла, печкі.

Вынікі разлікаў даюць падставы сцвярджаць, што кукурузныя пачаткі – гэта не проста адходы раслінаводства, а высокаэнергетычная альтэрнатыўная крыніца энергіі. Яны могуць служыць палівам у дамашніх умовах (у катлах на цвёрдым паліве, печках для ацяплення памяшканняў, падагрэву вады і прыгатавання ежы), на прамысловых прадпрыемствах і ў арганізацыях (у газагенератарных катлах, у тым ліку кацельняў жыллёва-камунальных гаспадарак). Паводле інфармацыі, якую я атрымаў з інтэрнэт-крыніц і газет, кукурузныя пачаткі як паліва выкарыстоўваюцца ў Івацэвіцкім раёне (у 2023 годзе выкарыстана каля 1667 тон, што дазволіла сэканоміць 3520 м куб.  дроў), у Калінкавіцкім раёне (каб падтрымліваць бесперапынны працэс гарэння ў катле на працягу 8 гадзін, неабходна каля 30 кг кукурузнага паліва; дроў  спатрэбілася б амаль 120 кг) і ў Лепельскім раёне (сельскія кацельні пасля мадэрнізацыі пераведзены ў аўтаматычны рэжым дзякуючы выкарыстанню пелет, невялікія цеплакрыніцы ў сельскіх населеных пунктах эксплуатуюцца практычна без умяшання чалавека. Мясцовае прадпрыемства ЖКГ ужо некалькі гадоў самастойна вырабляе гэты інавацыйны від паліва з адходаў раслінаводства і дранкі, прычым не толькі для ўласных патрэбаў).

Значныя перспектывы маюцца і ў галіне энергетычнай утылізацыі адходаў аграпрамысловай вытворчасці, з прысядзібнага ўчастка, і магчымыя яны дзякуючы выкарыстанню энергіі, якая вылучаецца пры згаранні вычышчаных ад зерня кукурузных пачаткаў, якія па сваёй энергаэфектыўнасці пераўзыходзяць іншыя мясцовыя віды паліва. Калі ж усталяваць сучаснае абсталяванне, якое працуе на пелетах з альтэрнатыўных крыніц энергіі, то можна сэканоміць велізарныя сродкі, а галоўнае, зберагчы неаднаўляльныя прыродныя рэсурсы.

Эфектыўнае, разумнае спажыванне і выкарыстанне энергарэсурсаў – значная мера ў паляпшэнні дабрабыту насельніцтва, эканамічнага росту краіны ў цэлым. Зберагаючы прыродныя рэсурсы, мы захоўваем планету для многіх пакаленняў.

Павел БУШЧЫК,
юны журналіст газеты “Перамога”, навучэнец 9 “Б” класа сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ



Теги: