Нашы навучэнцы – у Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва

Грамадства Свежыя навіны

Сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава неаднаразова прымала ўдзел у міжнародных конкурсах Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна 2014-2020”.

Знаёмства з гэтай Праграмай пачалося летась, калі школа падрыхтавала на конкурс відэа з прадстаўленнем сваёй каманды. Яно ўключала элементы з 4 тэматычных вобласцяў: тэхнікі, мастацтва, спеваў, танца – і расказвала аб талентах і дасягненнях удзельнікаў каманды, аб сваёй школе, горадзе, цікавых рэалізаваных праектах, аб марах і планах на будучыню. Віталася крэатыўнасць, інавацыйны падыход, мастацкая каштоўнасць, агульная прывабнасць і тэхнічная якасць.

У выніку былі адабраны 24 каманды з Польшчы, Украіны і Беларусі, па 8 ад кожнай краіны, у тым ліку і каманда сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, запрошаны прыняць удзел у фінальным мерапрыемстве, якое адбылося ў горадзе Жэшуў (Польшча). Нашу школу прадстаўлялі Дзмітрый Палухін, Ксенія Калодзіч, Іван Губко, Дзмітрый Губко разам з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Таццянай Калашнікавай. У час правядзення гульняў, майстар-класаў і іншых актыўных відаў дзейнасці ўдзельнікі з трох краін узаемадзейнічалі ў змешаных трансгранічных міжнародных камандах. Гэта была ўнікальная магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці, навыкі і ўменні, а таксама завесці новых сяброў і атрымаць каштоўны вопыт па рабоце над агульнымі праектамі. Кожны ўдзельнік быў узнагароджаны ўнікальнай прадукцыяй Праграмы ЕС.

Нядаўна арганізатары Праграмы падвялі вынікі новага міжнароднага конкурсу “Знакамітыя асобы памежжа”, мэта якога – расказаць пра тых асобаў, якія звязалі нашы народы, унеслі значны ўклад у гісторыю і культуру або аказалі пэўны ўплыў на тэрыторыю Праграмы сваім жыццём або дзейнасцю. Ідэя заключалася ў напісанні літаратурнага твора з арыгінальным падыходам да тэмы. Арганізатары конкурсу атрымалі 63 заяўкі ад усіх трох краін-удзельніц Праграмы. Самаму маладому ўдзельніку было 10 гадоў, а самаму даросламу – 30. Журы конкурсу ацэньвала работы ў чатырох узроставых катэгорыях. Сярэднюю школу № 3 прадстаўлялі Яраслаў Урбан, Іларыя Салаўёва, Мікіта Калашнікаў. Дыпломам і заахвочвальным прызам у катэгорыі 10-13 гадоў быў узнагароджаны Яраслаў Урбан за эсэ пра Напалеона Орду “Мастак, які спыніў час”. Усе ўдзельнікі атрымалі наборы ўнікальных праграмных гаджэтаў для моладзі.

Святлана УРБАН,
кіраўнік навуковага таварыства навучэнцаў «Пошук» сярэдняй школы № 3 г. Дзятлава